Выпускніку Віцебскага медінстытута, які на пачатку 1980-х па размеркаванні прыехаў у Глуск, было ад чаго разгубіцца. Тым больш што старэйшы калега, у якога малады збіраўся вучыцца, з'ехаў на курсы павышэння кваліфікацыі і назад не вярнуўся.
Так цяжкі груз аперацый — з усімі наступствамі — лёг на плечы ўчарашняга студэнта. І ён, Уладзімір Цісіневіч, не спасаваў. Недзе за год асвоіў усе віды хірургічных умяшанняў: выразаў апендыксы, праводзіў трэпанацыю чэрапа, выдаляў жоўцевы пузыр, лячыў траўмы і раненні — ратаваў...
У 1975 годзе, як цяпер помню, я прынёс да яго свайго трохгадовага сына з прыкметамі перытаніту. Уладзімір Аляксандравіч тады не змарудзіў ні хвіліны, — тут жа ўзяўся за справу. Аперацыя была вельмі складаная, доўжылася амаль дзве гадзіны. Потым для далейшага лячэння малога на «хуткай» адвезлі ў бальніцу ў Бабруйск, дзе ён прабыў яшчэ паўтара месяца. Але ж выжыў, паправіўся, дзякуючы нашаму глускаму хірургу.
Ужо тады жыхары мястэчка ведалі, што гэтага доктара вылучаюць найперш прафесіяналізм і чалавекалюбства. Расказвалі, напрыклад, як ён з таго свету вярнуў пенсіянера-п'яніцу. У таго была моцна пашкоджана печань, з-за крывацёку давялося «латаць» страўнік. Амаль шэсць гадзін хірург стаяў ля аперацыйнага стала.
Пацыент, расказвалі, быў вельмі ўражаны гэтым і расчулены: як — гэта дзеля яго, самотнага выпівакі?!
А потым... Можа, усвядоміў ён, да чаго даводзіць гарэлка, можа, хацеў аддзячыць хірургу, але ж пайшоў у міліцыю і «здаў» усіх, хто гнаў самагонку. Ён разлічыў правільна: меней будзе атруты, меней працы ў доктара...
З такіх вось эпізодаў і складвалася ўзаемная сімпатыя Глуска да Цісіневіча і Цісіневіча да Глуска. Па словах пацыентаў, гэты доктар успрымае чужы боль як свой. Калегі адзначаюць яго ўменне трымаць пад кантролем любую, нават самую складаную, сітуацыю. (Дарэчы, так у Глуску працаваў і Аляксандр Сцяпанавіч Сямёнаў, заслужаны ўрач БССР, чыё імя носіць раённая бальніца.)
Пацыентам хірурга Цісіневіча амаль паўгода быў я сам, калі атрымаў цяжкую траўму пазваночніка. Уладзімір Аляксандравіч ніколі тады не праходзіў міма маёй палаты, не зазірнуўшы ў яе: калі па справе, а калі і «проста так» — пагутарыць, падтрымаць.
...Праляцелі гады і нават дзесяцігоддзі. Уладзімір Аляксандравіч ужо зняў з сябе паўнамоцтвы загадчыка аддзялення: працуе хірургам у паліклініцы і шчыра засмучаецца, што няма спецыялістаў, якія хацелі б лячыць людзей у глыбінцы. Прыехала вось у Глуск выпускніца медінстытута, але ж ці застанецца? «Мне, — кажа Уладзімір Аляксандравіч, — і ў галаву не прыходзіла шукаць сабе шчасця ў іншых бальніцах. Я, вясковы хлопец з Клецкага раёна, марыў аперыраваць, ратаваць людзей. А ў якім населеным пункце гэтым займацца — якая розніца? Галоўнае для спецыяліста — быць запатрабаваным».
Што-што, а вось гэта ў хірурга па-ранейшаму ёсць!
...Аднойчы ў раённай газеце я ўбачыў яго фотаздымак і захацеў намаляваць партрэт. Доўга рыхтаваўся. А зрабіўшы першы накід, папрасіў жонку, каб яна вынесла яго ў двор, паказала жанчынам. Мне цікава было, ці атрымалася, ці пазнаюць яны героя. Тыя толькі глянулі і адразу ж сказалі: «Дык гэта ж Цісіневіч!».
Мне заставалася хіба «ўдакладніць» нейкія рысы твару ды колер вачэй...
І вось мая праца скончана. Але ж ці спадабаецца яна доктару?
Хвалюючы момант: ён заходзіць, каб паглядзець мае болькі, я паказваю партрэт і бачу, як твар Уладзіміра Аляксандравіча асвятляецца нейкай дзіцячай радасцю, а потым сыплюцца словы падзякі...
Хоць, калі па шчырасці, найбольшым кампліментам для нас абодвух было тое, што доктара на маім партрэце пазнаў унук.
Валерый Васілеўскі, г. Глуск
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.