Вы тут

Крама «пад бокам»... Гэта добра ці дрэнна?


«Наш сусед распачаў будоўлю. Кажуць, што ён узводзіць краму, дзе будзе гандляваць запчасткамі для машын. Адсюль вынікае, што пакупнікі будуць прыязджаць да яго на аўтамабілях. Але ж у нас так званы прыватны сектар, усе дамы — драўляныя, аднапавярховыя, размешчаны блізка адзін ад аднаго, тратуараў няма...

Як пастаянная чытачка «Звязды», хачу даведацца, якія санітарныя нормы павінны дзейнічаць у такіх вось выпадках? Хто павінен выдаваць дазвол на пачатак будаўнічых работ? І ці не трэба было папярэдне абмеркаваць гэтае пытанне з намі, суседзямі?»

Л.І., г. Слуцк.


Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 года № 300-З «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (далей — Закон № 300-З) вызначана, што забудова населеных пунктаў, будаўніцтва аб'ектаў павінны ажыццяўляцца з захаваннем патрабаванняў заканадаўства, санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў, патрабаванняў іншых прававых актаў.

Згодна з арт. 53 Закона № 300-З, будаўнічая дзейнасць павінна ажыццяўляцца на аснове ўсебаковага ўліку дзяржаўных, грамадскіх і прыватных інтарэсаў, забеспячэння іх максімальнага захавання пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў, захавання правоў уласнікаў (уладальнікаў, карыстальнікаў) зямельных участкаў, аб'ектаў, якія эксплуатуюцца і маюць дачыненне да выканання будаўнічых работ, а таксама інфармавання грамадскасці аб будаўнічай дзейнасці.

Паводле арт. 4 Закона № 300-З, фізічныя асобы маюць права на спрыяльнае асяроддзе пражывання пры ажыццяўленні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці; на праўдзівую, поўную і своечасовую інфармацыю аб стане асяроддзя пражывання і зменах яго, якія плануюцца. Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях планавання і забудовы населеных пунктаў, жыллёвага будаўніцтва павінны прымацца пасля правядзення грамадскіх абмеркаванняў.

Што да правамернасці будаўніцтва на тэрыторыі сядзібнай жылой забудовы крамы па продажы аўтамабільных запчастак, то, паводле падп. 5.1.9 Тэхнічнага кодэкса ўстаноўленай практыкі ТКП 45-3.01-117-2008 (02250) «Горадабудаўніцтва. Раёны сядзібнага жыллёвага будаўніцтва. Нормы планіроўкі і забудовы» ў межах сядзібнай жылой забудовы дапускаецца размяшчэнне аб'ектаў грамадскага прызначэння, прызначаных для абслугоўвання насельніцтва.

Прыняцце рашэння аб размяшчэнні крамы па продажы аўтамабільных запчастак на тэрыторыі сядзібнай жылой забудовы, а таксама аб выдачы дазвольнай дакументацыі на яе будаўніцтва ўваходзіць у кампетэнцыю мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, у дадзеным выпадку — Слуцкага райвыканкама. Канкрэтныя пытанні, звязаныя з выкананнем патрабаванняў заканадаўства, санітарных нормаў, правілаў і іншых нарматываў, можна ўдакладніць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама (тэл. 5 21 22) або, пры неабходнасці, па тэлефоне «гарачай лініі» райвыканкама (тэл. 6 10 05).

Віктар Савіцкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».