Вы тут

Што вы ўбачыце на выстаўцы найвядомейшага беларускага канцэптуаліста


Карціна «Нягледзячы ні на што» задумвалася самадастатковай менавіта ў такім выглядзе. Абмежаванай планам — без прасторавага кантэксту, з наўмысна схаваным аб'ектам увагі персанажаў палатна. Сапраўды, яна выглядала б цалкам завершанай кампазіцыяй, але дзякуючы аднаму выпадку ўпісалася ў вандроўку і пераўтварылася ў цэлы арт-праект: аўтар Руслан Вашкевіч без задняй думкі пакінуў перад карцінай анучу і заўважыў, што героі выглядаюць якраз на ёй сканцэнтраванымі. З гэтага пачаўся доўгі і насычаны «палатняны трып», прычым у меншай ступені па музейных сценах.


Персанажам карціны — наўмысна звычайным тыпажам са знешнасцю абывацеляў, якія выглядаюць, як «далёкія сваякі альбо суседзі па лесвічнай пляцоўцы», — давялося пабываць у краме і на звалцы, у царкве і на могілках, у стрыптыз-клубе, моргу, калоніі строгага рэжыму. Вялікае палатно перавозілася, усталёўвалася на новым месцы, трапляла ў пэўнае асяроддзе, і аб'ект увагі герояў больш не быў адасобленым і невядомым, а наадварот, станавіўся жывым, рэальным, відавочным. Уявіце, як работа глядзелася б у вашай кватэры — я ўпэўнена, арганічна. Гэтая вандроўка — кожнае новае месца — фіксавалася на здымках. Таму цяпер карціна «Нягледзячы ні на што» ў мастацкай прасторы выстаўляецца абавязкова ў суправаджэнні гэтай фотасправаздачы.

Сёння і карціну, і фота яе перамяшчэнняў, і іншыя вядомыя і не вельмі працы Руслана Вашкевіча можна ўбачыць на адмысловай выстаўцы «Канал Культура», якая праходзіць у мастацкай галерэі «Дом карцін». Пад акампанемент дзяржаўнага радыё «Культура». У Год культуры. Для тлумачэння назвы падказкай будзе той факт, што слова «канал» — шматзначнае, а на першых кроках па выстаўцы наведвальніка сустракае табурэтка з бомбай запаволенага дзеяння.

Адзін з найвядомейшых канцэптуальных беларускіх мастакоў Руслан Вашкевіч не так даўно адзначыў круглы юбілей — сваё пяцідзесяцігоддзе. І, можна сказаць, адзначыў у тым ліку гэтай дзерзкай, па-хлапечы хуліганскай, свавольнай экспазіцыяй. У мінулы раз у Мінску персанальная выстаўка канцэптуаліста праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 2011 годзе, пасля якой аўтар пачаў ездзіць па іншых гарадах краіны, каб «дэцэнтралізаваць» сканцэнтраванасць сучаснага мастацтва ў сталіцы. Таму Вашкевіча на свае вочы бачылі ў Гомелі, Полацку, Віцебску. А чарговы праект у Мінску арганізаваны дзякуючы прывабнай прасторы Дома карцін. Мастак «прыйшоў, убачыў...», у сэнсе зацікавіўся заламі галерэі і загарэўся ідэяй арганізаваць тут выстаўку. І... «перамог», вядома, таксама.

Фішка сучаснага канцэптуальнага мастацтва такога кшталту і выстаўкі Руслана Вашкевіча ў прыватнасці ў тым, што ад гледача тут патрабуецца не толькі сузіранне, але і ўдзел. І не тое каб патрабуецца, ён узнікае сам сабой. Наведвальнік з задавальненнем уцягваецца ў гульню — бачыць новыя формы мастацтва, лёгка схоплівае зразумелыя і дакладныя вобразы і пасылы, становіцца ўдзельнікам гэтых кампазіцый.

Яны блізкія і даступныя настолькі, наколькі гэта магчыма — ніякага снабізму і ханжаства. Уявіце вітраж сабора кшталту гатычнай «ружы вятроў». А ці зможаце вы ўбачыць у ім анатомію? Руслан Вашкевіч стварыў праект «Таемная архітэктура» — шэраг палотнаў, дзе белым па чорным выкладзены дзівоснай прыгажосці ўзоры. З чалавечых касцей. З выяў чалавечых касцей. З'яўленне такой асацыяцыі, здавалася б, не надзвычайнае — спрацавалі ўважлівасць і знаходлівасць. Затое выкананне проста магічнае. Гэтыя палотны маглі б паслужыць не толькі «ружай вятроў» гатычнаму сабору, але і рытуальнай выявай, і акном у іншы свет.

Выстаўлена тут і нашумелая правакацыйная работа, на якой бачацца дзяўчаты ў вянках і нацыянальных касцюмах у палёце з подпісам sextourіsm.by. У свой час яна з'явілася ў сацсетцы Facebook з адмысловым суправаджальным тэкстам аўтара. І, зразумела ж, выклікала бурную дыскусію. Гэта сучаснае мастацтва, якое дысануе з разняволенымі Венерамі на карцінах класікаў. Можна ўспрыняць вялікае палатно sextourіsm.by як выхадку фрыка і абстрагавацца ад яе, а можна, наадварот, уцягнуцца ў гэту дыскусію з рэальнасцю, менавіта сучаснай і менавіта беларускай.

Культура ў розных яе стылях ці, можна сказаць, напрамках, увасоблена ў кампазіцыі «Лялькі», якая ўяўляе сабой кніжную шафу. На паліцах цэлыя зборнікі класічных аўтараў — Сервантэса, Гі дэ Мапасана, Уладзіміра Маякоўскага, Якуба Коласа, Антона Чэхава. Гэта таксама палатно, якое іграе колерамі кніжных серый. Высокае мастацтва, неабвержная класіка, мэтры літаратуры. А на карашках серый намаляваны парнаграфічныя карцінкі. Высокая літаратура і карцінкі. З аднаго боку, запоўненыя кніжныя паліцы могуць указваць на выключна вонкавую, фальшывую датычнасць да культуры. З другога, «Лялькі» паказваюць дысананс паміж неабвержным і папулярным, масавым, дзе апошняе выступае на першы план.

Як неад'емная частка культуры літаратура прысутнічае яшчэ ў адным экспанаце, што паказвае фокус, у якім тэнісныя шарыкі лунаюць над працуючымі фенамі (у гэтым выпадку шарыкі — гэта яшчэ і «вочы»). Калі ў побыце нам трэба нешта падняць, падтрымаць, нахіліць стол, мы выкарыстоўваем кнігі. Каб падтрымаць фены, выкарыстаны невыпадковыя томікі. Аўтар зноў жа ў «Фэйсбуку» задаў пытанне сваім сябрам, якія экзэмпляры яны ўзялі б на бязлюдны востраў. Адказы каля фенаў і ў стужцы сацсеткі, якая прадстаўлена на сцяне тут жа. Можна ўпісаць і свой варыянт. Біблію і «ўласную кнігу мемуараў» нехта ўжо накрэмзаў.

Шчыра кажучы, я не ўяўляю сабе наведвальніка, які б сышоў з выстаўкі Вашкевіча абыякавым. На свае вочы прыйшлося ўбачыць, як чалавек нетыпова для сябе страціў дах з жаданнем зрабіць фотаздымак ці не каля кожнага экспаната.

Выстаўка «Канал Культура» паказвае тое сучаснае мастацтва, якому не трэба запаўняць адсутнасць тэхнікі доўгімі тэкстамі; у адрозненне ад шматлікіх прыкладаў, яно не будуе шматпавярховых сэнсаў, а размаўляе з гледачом простай, зразумелай і дасціпнай мовай. Прастата гэтая таксама крыху падманлівая, бо канцэпцыю экспазіцыі яшчэ трэба разгадаць. І зрабіць гэта можна да 22 мая.

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гледзячы на ўсё

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.