Вы тут

Усё часцей мы вымушаны адстойваць сваю гісторыю


Усё часцей мы вымушаны адстойваць сваю гісторыю, яшчэ раз даказваць даўно вядомыя ісціны, рабіць усё дзеля таго, каб не дапусціць скажэння падзей Другой сусветнай вайны, рэабілітацыі фашызму і прыніжэння ролі савецкага народа ў Вялікай Перамозе. Такой пазіцыі прытрымліваюцца і ўдзельнікі міжнароднага форуму пераможцаў «Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», які ўпершыню адбыўся ў Мінску.


Анатоль ІКСАНАЎ, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц краін СНД:

— Назва форуму красамоўная. Сапраўды, перамагчы ў тую страшную вайну, якую забываць нельга, мы маглі толькі разам. Калі б паасобку, не было б ні незалежнай Беларусі, ні Расіі, ні Арменіі... Перамогу над фашызмам здабывалі ўсім светам. Яе цана, перш за ўсё, заключалася ў тым, што пацярпела кожная сям'я. І варта ў XXІ стагоддзі нагадваць, чаго чалавецтву каштавала гэтая катастрофа — Другая сусветная вайна.

На жаль, сёння многія працэсы палітызаваны, і пад палітычныя праблемы пачынаюць «падцягваць» і псеўдагісторыю — з тым, каб перагледзець і вынік Вялікай Перамогі. Для мяне самая галоўная праблема заключаецца ў тым, каб маладыя вучоныя, якія прыходзяць у гістарычную навуку, мелі правільныя арыенціры. Важна, каб моладзь розных краін працягвала кантактаваць, каб у будучыні разам вырашаць агульныя праблемы.


Тарас ГАГНІДЗЭ, старшыня арганізацыі «Гістарычная спадчына» (Грузія):

— Тое, што гісторыю, асабліва савецкага часу, перапісваюць, выкладаюць на свой лад, а пэўныя таварышы прыстасоўваюць яе пад свае кан'юнктурныя інтарэсы, у большай ступені актуальна для Грузіі, чым для Беларусі. У нашай краіне ветэранаў падтрымліваюць вельмі сціпла.

Яны атрымліваюць невялікую пенсію, ніякіх сацыяльных ільгот у іх няма. Трэба аддаць належнае новай уладзе, якая ў апошні час пачала звяртаць увагу на ветэранаў, але гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, чаго заслугоўваюць гэтыя паважаныя людзі. Падобныя форумы — як глыток паветра для іх, як сонейка ў цяжкі воблачны восеньскі дзень.


Палад БЮЛЬБЮЛЬ аглы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі, старшыня праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц краін СНД:

— У Азербайджане з вялікай павагай адносяцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Калі яна пачалася, у краіне пражывала каля 5 мільёнаў насельніцтва. 660 тысяч чалавек пайшлі на фронт, больш за 400 тысяч не вярнуліся дадому. Баку забяспечваў фронт нафтай, бензінам, алівай. Баку прымаў параненых, якія да нас ішлі з усіх франтоў. Баку ўнёс вельмі вялікі ўклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёння, калі мы жывём у розных краінах, у абсалютна іншай палітычнай абстаноўцы, кажучы сучаснай мовай, у іншым фармаце, вельмі важна памятаць пра тое, што зрабілі нашы бацькі і дзяды дзеля нашай свабоды, дзеля сённяшняга жыцця. Забываючы аб гэтым, мы перакрэсліваем цэлую вялізную трагічную і гераічную старонку краіны, у якой большасць з нас нарадзілася. І гэта было б абуральнай несправядлівасцю. Гісторыю трэба берагчы, паважаць. І недапушчальна, каб у XXІ стагоддзі знішчаліся помнікі.


Мікалай ГУЦУЛ, старшыня праўлення Славянскай праваахоўнай арганізацыі «Веча», аўтар кніг па ваенна-навуковай тэматыцы (Малдова):

— Колькі я ўзначальваю арганізацыю, столькі ж Малдова займаецца пытаннямі аднаўлення і ўвекавечвання памяці. 7 мая мы адкрываем 70-ты адноўлены воінскі помнік. Тым не менш сітуацыя ў Рэспубліцы Малдова вельмі няпростая. У нас нават няма падручніка па гісторыі Малдовы.

Нашы школьнікі вывучаюць гісторыю Румыніі. Там, вядома, не адлюстравана роля Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку малдаўскіх салдат, якія ўнеслі свой уклад у Вялікую Перамогу над фашызмам. А ў асноўным падкрэсліваецца, што Малдова, Бесарабія была акупавана таталітарным камуністычным рэжымам. Мы павінны ўнесці кардынальныя змены ў сваю літаратуру, каб у нас была ўласная гісторыя малдаўскага народа.


Аляксандр ЧАЧЫЯ, кіраўнік Цэнтра праблем глабалізацыі, акадэмік Расійскай акадэміі сацыяльных навук, доктар палітычных навук, прафесар:

— Хлуслівыя абвінавачванні супраць нашых бацькоў і дзядоў, якія яшчэ працягваюць вяшчаць з тэлеэкранаў ліберальныя палітыкі, псеўдагісторыкі і купленыя журналісты, павісаюць у паветры. Грамадства адмаўляецца іх прымаць. Адыгрывае сваю ратавальную ролю інстынкт нацыянальнага самазахавання. Людзі разумеюць, што, змешваючы з граззю сваё мінулае, адмаўляючы светлую памяць сваіх бацькоў і дзядоў, яны парушаюць натуральны ход гісторыі, парываюць жывую сувязь часоў і пакаленняў.

А адмаўленне ад пераемнасці пакаленняў азначае гібель нацыі. Вайна, якая закранула нашу культуру, гісторыю, традыцыі, нашу духоўнасць і мараль, не скончылася ў 1945 годзе. Яна працягваецца і сёння. Іншымі формамі, метадамі, але сутнасць не мяняецца. Галоўнае для пэўных сіл — не дапусціць адзінства нашых народаў, бо гістарычны вопыт паказаў: калі мы разам, мы можам усё. І звышдзяржаву пабудаваць, і ў сусветнай вайне перамагчы, і космас заваяваць.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Гісторыю трэба берагчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».