Вы тут

Як праходзіў кірмаш вакансій


«Возьмем работніка з вопытам не менш за тры гады». «Пенсіянерам нічога прапанаваць не можам». «Працавалі ў іншай сферы? Не падыходзіце». Што яшчэ кажуць сённяшнія наймальнікі? Патрабаванні працадаўцаў і запыты саіскальнікаў мы вывучалі на сталічным кірмашы вакансій.


Рабочым — па тры мільёны

Кажуць, на гандлі крызіс не адбіўся. Пытаемся пра вакансіі ў кадравікоў адной з гандлёвых сетак.

— Нам цяпер патрэбны прадаўцы, бухгалтары, таваразнаўцы, кухары, — пералічвае прадстаўніца кампаніі «Белмаркет». — Заробкі розныя. Кантралёру-касіру абяцаем ад 3,5 да 5 мільёнаў. Калі ў буйной краме працаваць будзе, то і болей. Абвальшчыку можам прапанаваць 6 мільёнаў у месяц.

Саіскальнікі, што сабраліся вакол стала кампаніі, слухаюць і, каб не ўпусціць свой шанц, анкеты запаўняюць. За паўгадзіны гандлёвай сетцы пакінулі больш за 20 рэзюме.

— А на склад не патрэбен чалавек? — цікавіцца малады мужчына. — Я грузчыкам пайсці магу.

Не, чуе ў адказ, у такіх работніках неабходнасці няма.

— Усе хочуць працаваць рабочымі, — заўважае кадравік Мінскага падшыпнікавага завода. — А нам патрэбны спецыялісты!

Прапаноў для некваліфікаванай працоўнай сілы сапраўды мала. А тыя, што ёсць, не самыя прывабныя.

Напрыклад, гатэль «Мінск« запрашае грузчыка, кухоннага рабочага і прыбіральшчыка вытворчых памяшканняў. Заробкі ў раёне трох мільёнаў. Мінскводаканал гатовы плаціць рабочым 2,8-3,5 мільёна.

— Вы сур'ёзна? — абураецца мужчына. — Хто ж за такія грошы ў Мінску працаваць будзе?

— За некваліфікаваную працу больш заплаціць не можам. А вось у спецыялістаў зусім іншыя заробкі, — прадстаўніца прадпрыемства паказвае спіс вакансій з прапановамі ў 7 мільёнаў.

У сядзелкі не ідуць

Дысбаланс попыту і прапановы, пра які ўжо не першы месяц сведчыць статыстыка, заўважны і на кірмашы. Ля сталоў будаўнічых кампаній — процьма мужчын. А вакансій для іх няма.

— Шчыра? Нічога прапанаваць пакуль не можам. Самі ведаеце, які спад у будаўніцтве. Некаторых кандыдатаў толькі для сябе пазначаем, раптам спатрэбяцца рукі, — прызнаюцца ў адным з будаўнічых трэстаў.

Іншая кампанія тлумачыць саіскальніку, што працу будаўніком лепш шукаць менавіта на будоўлі: «Вось вы хто па спецыяльнасці, муляр? Разумееце, муляры па адным не патрэбны. Наймаюць брыгаду. Пахадзіце па аб'ектах, спытайце ў брыгадзіраў, ці гатовы яны вас прыняць».

Ля кадравікоў паліклінік і бальніц, дзе, наадварот, назіраецца недахоп персаналу, чэргі не збіраюцца.

Мала хто цікавіцца вакансіямі раённых упраўленняў адукацыі, спорту і турызму. Спецыялісты ўпраўленняў шукаюць работнікаў для дзіцячых садкоў: выхавальнікаў, псіхолагаў, выкладчыкаў фізкультуры і музыкі. Тэрытарыяльныя цэнтры сацдапамогі насельніцтву попытам з боку саіскальнікаў таксама не карыстаюцца. Праца адказная, а заробкі нізкія: сацыяльнаму работніку і сядзелцы прапануюць па 3,2 мільёна. Пры ўмове занятасці на цэлую стаўку.

160 рэзюме на вакансію бухгалтара

Газеты з вакансіямі на кірмашы расхопліваюць вельмі хутка. Праўда, у пошуку працы гэта інфармацыя наўрад ці дапаможа. «Пакуль газета надрукуецца, наймальнік ужо паспее знайсці супрацоўніка. Рабочая вакансія закрываецца за дзве гадзіны!» — тлумачыць кадравік прадпрыемства «Прамсувязь». На самім заводзе па вытворчасці апаратуры сувязі ўсяго пару свабодных месцаў: інжынер-канструктар, дзе патрэбна вузкая спецыяльнасць, і галоўны бухгалтар. На апошняе, упэўнены на прадпрыемстве, яны хутка падбяруць работніка. На вакансію з заробкам у 13 мільёнаў у інтэрнэце ўжо пакінулі 160 рэзюме.

Аўтобусны парк №6 шукае кухара (у месяц абяцаюць 6 мільёнаў), буфетчыка і кандытара (заробкі па 4,5 мільёна). Кіроўцы не патрэбны: усё ўкамплектавана.

— Кухара хочам 5-га разраду. Ну, не менш за чацвёрты дакладна, — каментуе спецыяліст аддзела кадраў парка Наталля ГРЫГАРКЕВІЧ. — Патрабаванні да буфетчыка? Вопыт працы або сярэдняя спецыяльная адукацыя. Графік работы — з 5 раніцы да 14 гадзін. Персанал на працу падвозіць дзяжурны аўтобус.

Але дзяўчат (відаць, нядаўніх выпускніц), якія спачатку зацікавіліся вакансіямі, інфармацыя пра арганізаваны падвоз не надта суцешыла.

— Ты падлічы, колькі часу яшчэ пойдзе, каб сабрацца і даехаць да парка. У тры ночы ўжо трэба быць на нагах! — перагаворваюцца між сабой прыяцелькі.

Усюды трэба «пахаць»

Блукаем між стэндаў кампаній. «Элема» чакае садоўніка і швачку, «Амкадор» — слесара і электразваршчыка, Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў — машыніста бульдозера і начальніка аддзела маркетынгу. Уладкавацца паштальёнам за 3,5 мільёна прапануе «Белпошта».

— Ты добра падумай, кіпы газет цяжка насіць будзе, — адгаворвае дачка сваю маці-пенсіянерку.

— А дзе цяпер лёгка? Усюды трэба «пахаць», — тая хоць заўтра гатова дастаўляць па пад'ездах лісты і прэсу.

Месца побач з домам прапануюць «Беларускія латарэі».

«Вам у якім раёне зручней будзе?» — цікавяцца ў мяне. Ахвотнікаў «прадаваць удачу» назбіралася ўжо з дзясятак чалавек. У асноўным пенсіянеркі. Фіксаванага заробку гэта пасада не прадугледжвае. Будзеш атрымліваць 12 працэнтаў ад выручкі. Хтосьці па паўтара мільёна ў месяц мае, іншым удаецца па 4-5 мільёнаў зарабіць. Мы падлічылі: каб за працу заплацілі, напрыклад, тры мільёны, неабходна збыць больш за 830 латарэйных квіткоў. З кастрычніка па сакавік, кажуць, рэалізацыя ідзе на «ўра». А ў дачны сезон — спад. Таму цяпер на латарэйках не разжывешся.

Затое на лета можна ўладкавацца прадаўцом піва. Завод «Крыніца» якраз запрашае гандляваць у свой павільён на перыяд з мая па кастрычнік. Графік — з 11 да 19 гадзін. Заробак — па выніках гутаркі.

Праца на галаву не зваліцца

На кірмашы былі прадстаўлены таксама сацыяльныя прадпрыемствы. Інвалідам з працоўнай групай прапаноўвалі месцы на заводзе асвятляльных прыбораў, швейнай фабрыцы па вытворчасці спецадзення. Прадпрыемства, дзе выпускаюць мюслі і галеты, абяцала ўладкаваць укладчыкам, упакоўшчыкам ці падсобным рабочым.

Тыя, хто хоча адкрыць сваю справу, маглі пракансультавацца ў спецыялістаў. Начальнік аддзела аналізу і рэгулявання рынку працы ўпраўлення занятасці насельніцтва профільнага камітэта Мінгарвыканкама Святлана ЛЯВОНЧЫК кажа, што самы папулярны від дзейнасці сярод прадпрымальнікаў з ліку былых беспрацоўных — будаўніча-мантажныя работы. Многія выбіраюць гандаль і транспартныя паслугі.

— Міжнародныя перавозкі — прыбытковы бізнес. Гэта адзін з нямногіх напрамкаў, дзе за мінулы год ёсць прырост экспарту паслуг, — запэўнівае Генадзь ДАШКЕВІЧ, дырэктар вучэбнай установы «БАМАП-ВЕДЫ», на базе якой працуе цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. — 95 працэнтаў арганізацый у сістэме перавозак — прыватнікі. Таму кіроўцам катэгорыі В, D мы прапануем адкрыць свой бізнес і аказваць паслугі маршрутнага таксі.

Дапамогу ва ўладкаванні прапаноўвалі і інтэрнэт-рэсурсы па пошуку працы. Наведвальнікам кірмашу раздавалі міні-анкеты, дзе неабходна было пазначыць толькі свае кантакты і жаданую пасаду, а спецыялісты сайтаў ужо самастойна раскідалі б гэтую інфармацыю па наймальніках. Саіскальнікі на ўсялякі выпадак паперкі запаўнялі. Бо, як абвяшчаў дэвіз аднаго з рэсурсаў, «не чакай, што праца зваліцца на галаву».

Андрэй ЛАБОВІЧ, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:

— Кірмаш вакансій — гэта рэгулярнае мерапрыемства, якое праводзіцца два разы на год, як правіла, вясной і ўвосень. І, як бачым, яно карыстаецца попытам у нашых грамадзян, што шукаюць працу і маюць патрэбу ў кансультацыі па пытаннях уладкавання. На сённяшнім кірмашы прадстаўлена больш за 80 арганізацый, якім неабходны работнікі. Гэта як бюджэтныя ўстановы, так і рэальны сектар эканомікі. Задача такіх мерапрыемстваў і дзяржаўнай службы занятасці ў цэлым — звесці саіскальніка і наймальніка, задаволіць патрэбы абодвух бакоў.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Запрашаем прадаўцоў латарэек і піва!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.