Вы тут

На мінскі велакарнавал прыехала больш як 9 тысяч чалавек


У апошні дзень красавіка на праспекце Пераможцаў прайшло самае масавае ў гісторыі адкрыццё веласезона. Удзел у свяце прынялі не толькі тысячы велааматараў з розных рэгіёнаў Беларусі, але і знакамітыя беларускія спартсмены, а таксама службоўцы. Да грандыёзнага велапараду далучылася са сваім двухколавым сябрам і карэспандэнт «Звязды».


Паколькі «Vіva, ровар!» праходзіў у фармаце карнавалу, то я вырашыла ў гэты дзень начапіць самаробныя крылы матылька. Насамрэч, думала, на просьбу арганізатараў «прыехаць у карнавальным касцюме і зрабіць свята больш яркім» адгукнецца большая колькасць удзельнікаў. Тым не менш былі цікавыя вобразы. Запомніліся спадарыня бальзакаўскага ўзросту ў касцюме анёла, дзяўчына на гарадскім ровары ў вобразе вясны, каларытны дзядуля ў майцы з надпісам «СССР». Былі раварысты ў медыцынскіх халатах, і ў салдацкай форме на рарытэтных жалезных конях. Дарэчы, акрамя самых папулярных звычайных «горнікаў» ды «гібрыдаў», я прыкмеціла нават адзін электравеласіпед. Спадабаўся і ровар для дваіх: з двума крэсламі і дзвюма парамі педаляў. Усцешыла, што многія ўдзельнікі велакарнавалу прыехалі ў вышыванках ды вышымайках.

Пачалося ж усё з таго, што ўсе 9 тысяч удзельнікаў, якія загадзя зарэгістраваліся ў інтэрнэце, атрымалі іменныя нумарныя знакі з уласным фотаздымкам. І дружна выехалі на праспект Пераможцаў, які больш як на гадзіну быў перакрыты для машын дзеля свята. Ад стэлы «Мінск — горад-герой» мы даехалі да Мінск-Арэны, там развярнуліся і назад — у парк Перамогі. У суме накруцілі дзесьці 10 кіламетраў.

Накіроўвалі калону міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, чэмпіён свету па веласіпедным спорце ў індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам Васіль Кірыенка, васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце на трэку, прызёр Алімпійскіх гульняў і мама чатырох дзетак Наталля Цылінская.

Наталля прызналася: яна не чакала, што беларусы так масава падтрымаюць старт сезона: «Калі мы ехалі па праспекце, я азіралася некалькі разоў, спрабавала ўбачыць «хвост». Не ўдалося. З кожным годам наша колькасць будзе толькі павялічвацца. Дыстанцыя будзе павялічвацца, хуткасць». Дарэчы, летась, у першым велапарадзе, прыняло ўдзел толькі 3 тысячы чалавек.

Карэспандэнт «Звязды» таксама паўдзельнічала  ў адкрыцці сезона.

Пакуль ехалі, злавіла сябе на думцы, што агульная справа яднае і падымае настрой. І не толькі раварыстам, але і пешаходам, якія, нягледзячы на тое, што ім давялося доўга чакаць грамадскі транспарт, зусім не раздражняліся. Наадварот, спыняліся на ўзбочыне і здымалі нас на мабільныя тэлефоны, падтрымлівалі сваімі ўсмешкамі, жэстамі, крыкамі.

«Такія мерапрыемствы нефармальнага характару дапамогуць прывіць любоў да спорту, здаровага ладу жыцця, асабліва маладому пакаленню, — лічыць міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко. — Паглядзіце, як шмат тут маладых людзей, дзяцей. Людзі прыйшлі з сем'ямі».

Сапраўды, было вельмі шмат бацькоў з дзеткамі. Самых маленькіх садзілі на велакрэслы, большыя ехалі на сваіх дзіцячых роварах. Падчас параду пазнаёмілася з Дзмітрыем Галацэвічам: «Як заўзяты веласіпедыст, я проста не мог не прыехаць сюды ўсёй сям'ёй. Чакаў, што будзе крута, але што настолькі, нават уявіць не мог! Дзень праляцеў на адным дыханні! Для дзяцей, вядома, гэта незабыўнае ўражанне. Пабольш бы такіх мерапрыемстваў!»

Вельмі абрадавалася, калі ўбачыла герояў сваіх артыкулаў — Дзмітрыя Цімашкова з дачкой Ліляй, у якой цяжкая форма ДЦП. Усцешыла, што яны былі не адны, а з вялікай камандай бацькоў-аднадумцаў «Крылы анёла»: «Дзякуючы арганізатарам, наш удзел у велапарадзе быў настолькі паўнавартасным, што наша «асаблівасць» адышла на задні план. Яна ўзнікала толькі тады, калі час ад часу даносілася «Глядзі!.. Глядзі-і, якая крутая каляска паехала!..» Малаверагодна, каб нехта бачыў сувязь паміж нашымі каляскамі і інваліднасцю. Быць «крутымі» — вельмі прыемна, праўда! І дзеці былі шчаслівыя».

Удзельнічаў у велапарадзе і Джон Росмэн, амерыканец з беларускім грамадзянствам, актывіст Мінскага веласіпеднага таварыства. Джон не карыстаецца грамадскім транспартам і нават узімку перасоўваецца па горадзе на ровары: «Вельмі хочацца змяніць стаўленне да веласіпедаў у Беларусі. Каб людзі, асабліва якія жывуць у гарадах, зразумелі, што гэта звычайны сродак перамяшчэння. На ім можна не толькі катацца ў выхадны дзень, але і дабірацца на працу. Па-першае, веласіпед вельмі карысны для здароўя і дапамагае трымаць сябе ў форме. Па-другое, гэта яшчэ і самы экалагічны від транспарту! Калі параўноўваць веласіпед і аўтамабіль, то веласіпед значна танней і купіць, і абслугоўваць. А самае галоўнае, добры настрой з самага ранку гарантаваны».

Пасля велапараду ўсе накіраваліся ў парк Перамогі, дзе спартсмены раздавалі аўтографы ўсім ахвотным. Многія велааматары прасілі чэмпіёнаў свету пакінуць подпіс на раме ровара. Самыя актыўныя ўдзельнічалі ў незвычайных конкурсах, якіх было процьма: і перацягванне каната на роварах, і роварны футбол... Усе ўдзельнікі атрымалі карысныя падарункі: пульсометры, заплечнікі, бутэлькі для вады... Разыгралі ў той дзень і два веласіпеды. Адзін з іх дастаўся мінчанцы Соф'і. Менавіта яе нумар рэгістрацыі аказаўся самым шчаслівым. Дзяўчына на момант падвядзення вынікаў была дома, але да яе датэлефанаваліся, і праз гадзіну яна прыехала на ўрачыстае ўручэнне на сцэне.

Яшчэ больш фота ТУТ.

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: З колерам! З гонарам! З роварам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».