Вы тут

Прагрэс пры дарозе


Бензакалонкі без аператараў і электразарадныя станцыі — якія яшчэ стандарты АЗС будучыні ўжо рэалізуюцца.

Тыя, хто часта ездзіць па беларускіх аўтамагастралях, ужо звыкліся, што аўтазаправачная станцыя — гэта не толькі бензакалонка. Як мінімум, каля яе павінны быць крама, прыбіральня, кавярня... Адметна, што яшчэ нейкіх 10 гадоў таму падобных патрабаванняў да АЗС не было. А што цяпер?


Так выглядае бензакалонка ўнутры. Прыбор, які нагадвае гантэлю,  дапамагае вымяраць літраж паліва.

Будучыня за аўтаматыкай

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Беларуснафта» Сяргей КАМОРНІКАЎ распавёў журналістам, як прадпрыемства ўводзіць сучасныя стандарты на сваіх аб'ектах. Аб'яднанню сёлета спаўняецца 50 гадоў, на сённяшні дзень у яго сістэме 554 АЗС. Гэта толькі адзін з блокаў сістэмы нафтапрадуктазабеспячэння прадпрыемства (здабычы нафты, газаперапрацоўкі, навуковых даследаванняў і інш.), але, бадай, ён адін з найбольш блізкіх шараговаму спажыўцу. Для параўнання: першая АЗС была пабудавана ў Рэчыцы ў 1997 годзе. У 2005 годзе такіх аб'ектаў было ўжо 370. Сетка бензакалонак пачынала сваю эвалюцыю нават без навесаў, якія маглі абараніць ад дажджу, не кажучы ўжо пра іншыя выгоды.

Новы трэнд, якому цяпер усё больш удзяляюць увагу — будаўніцтва аўтаматызаваных АЗС, на якіх аўтамабіліст можа самастойна папоўніць запас паліва ў баку і аплаціць паслугу без удзелу аператара. Такія запраўкі, напрыклад, добра падыходзяць для вялікіх гарадоў, дзе немагчыма выдзеліць участак зямлі для будаўніцтва тыпавой АЗС.

Усё больш з'яўляецца і газазаправачных станцый. У аўтамабільнага прапана-бутана ёсць вялікія перавагі: экалагічнасць і бюджэтнасць. Калі яшчэ 10 гадоў таму мала хто ведаў, дзе можна заправіцца такім палівам, то цяпер такая магчымасць ёсць на многіх станцыях па ўсёй краіне.

І паесці, і закупіцца, і... музыку паслухаць

Так званы спадарожны бізнес — крамы і кавярні пры запраўках — ужо, фактычна, перастаў быць дадатковым, і яго доля на некаторых прадпрыемствах складае больш за палову ад усяго прыбытку. Цяпер ніводная АЗС (апроч, хіба што, згаданых вышэй аўтаматызаваных) ужо не будуецца без магазіна. Прычым набыць там можна не толькі аўтамабільныя сродкі і прылады, але і многія спажывецкія ды харчовыя тавары. Ды і кавярні на аўтазапраўках усё часцей уяўляюць сабой не проста «забягалаўкі» з распушчальнай кавай у пластыкавым кубачку, а паўнавартасныя рэстараны, дзе можна замовіць поўны комплексны абед і каву, якую смачна зварыць кваліфікаваны барыста. А ў Гродзенскай вобласці на адной з заправак і ўвогуле ёсць цалкам дзіцячая кавярня.

Элемент, які, нягледзячы на сваю далікатнасць, займеў на АЗС сур'ёзны падыход, — прыбіральня. Хочаце смейцеся хочаце не, але калі ў недалёкім мінулым яна магла мець выгляд драўлянай «будкі», то сёння гэта камфартабельныя памяшканні (часам нават вынесеныя ў асобны будынак) з усімі неабходнымі прыналежнасцямі, ацяпленнем і... музыкай. Прычым туалетныя пакоі на запраўках ёсць не толькі мужчынскія і жаночыя, але і асобныя — для зручнага карыстання людзьмі з інваліднасцю.

Электрамабілі і «дамы на колах»

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — развіццё сеткі электразарадных станцый. Пакуль што колькасць зарэгістраваных у Беларусі электрамабіляў не дасягае і сотні, таму асаблівага попыту на такія станцыі няма. Аднак з часам сітуацыя зменіцца.

Пакуль што ў нашай краіне ёсць толькі шэсць станцый (адна з іх у Мінску на вуліцы Ляшчынскага), сёлета плануюць усталяваць яшчэ столькі ж, а ў 2020 годзе, цалкам магчыма, на асноўных магістралях праз кожныя 200 кіламетраў ва ўладальнікаў электрамабіляў будзе магчымасць падзарадзіць свой транспарт.

Апошнім часам робяцца запатрабаванымі пляцоўкі для караванінгу, дзе турысты, якія вандруюць у «дамах на колах», могуць спыніцца, зарадзіць акумулятары, наведаць краму, кавярню, пазбавіцца ад адходаў жыццядзейнасці. Цяпер такіх пляцовак сем, а да канца года іх колькасць павялічыцца да 19.

Прыдарожны сэрвіс уключае ў сябе таксама аўтамыйкі і СТА. Але з гэтай тэмай не так усё проста. Сяргей Каморнікаў лічыць гэтую галіну справай прыватнага бізнесу. Аўтамыйкі калі і з'яўляюцца пры станцыях, то яны разлічаны на самаабслугоўванне. Ды і да стварэння СТА трэба падыходзіць з эканамічным разлікам: ці патрэбная пры дарозе станцыя з поўным комплексам рамонтных паслуг, калі аўтамабіліст, хутчэй за ўсё, будзе рамантаваць сваё аўто ў правераным якасным гарадскім аўтасэрвісе? І хоць у Беларусі сустракаюцца на запраўках станцыі, дзе можна прайсці дзяржтэхагляд, але ці сапраўды патрэбна там гэта? Альбо можна абысціся толькі шынамантажом і мінімальнымі паслугамі, каб даехаць да больш-менш прыстойнага аўтасэрвісу?

Ці патрэбны гатэлі і ці будзе wі-fі?

Што да іншых элементаў прыдарожнага сэрвісу — матэляў, дзіцячых пляцовак, — то яны, часам, таксама сустракаюцца. Але пашыраць іх сетку ў Беларусі немэтазгодна, лічаць спецыялісты. Бо ў нашай краіне не такія вялікія адлегласці, каб была патрэба спыняцца ў прыдарожных гатэлях. Ды і праз кожныя 30 кіламетраў размяшчаецца райцэнтр, дзе ёсць гасцініца і рэстаран. Што да кіроўцаў фур, то яны ніколі не пакінуць свой аўтамабіль нават уначы, бо нясуць адказнасць за груз, які перавозяць.

А што з бясплатным інтэрнэтам на запраўках?

Сёння многія АЗС могуць прадастаўляць падключэнне да бясплатнага wі-fі. Але складанасць тут узнікае з боку заканадаўства: любы кліент бесправаднога падключэння павінен быць аўтарызаваны ў сістэме. Такім чынам у кожнага наведвальніка АЗС аператар павінен запатрабаваць пашпарт ці правы кіроўцы, унесці звесткі ў сістэму... Але ўсе разумеюць, што гэта нязручна.

Выйсцем можа стаць ідэнтыфікацыя праз мабільны тэлефон, калі дасылаецца SMS, а ў адказ прыходзіць пароль для падключэння да інтэрнэту. Але пакуль што такі спосаб аўтарызацыі каштуе дорага, таму адзінае выйсце па-ранейшаму застаецца ў пакупцы інтэрнэт-карткі «Белтэлекама».

Дар'я АСІПОВІЧ, г. Гродна

Фота Алены ДАЎЖАНОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.