Вы тут

Люстэрка для... Шагала, або Другое жыццё «калыскі авангарда»


У Віцебску з'явіцца Музей гісторыі народнага мастацкага вучылішча, які насамрэч стане ўнікальным. Ён адчыніцца ў будынку, дзе выкладаў Марк Шагал і іншыя вядомыя творцы. Адсюль жа «карані» знакамітага на ўвесь свет творчага аб'яднання УНОВІС. Прыгожы будынак — былы асабняк банкіра Вішняка цудам захаваўся да нашых дзён. А сучасныя тэхналогіі дазволяць зазірнуць у мінулае. Без перабольшвання музей стане «культурнай Меккай» краіны.


Так бу­дзе вы­гля­даць му­зей.

Дзясяткі мільярдаў рублёў, выдзеленыя з бюджэту, як сцвярджаюць мастацтвазнаўцы, акупяцца з лішкам. Бадай, за апошнія 5 гадоў не толькі на Віцебшчыне гэта адзін з самых важных аб'ектаў рэканструкцыі. І вельмі сімвалічна, што музей прыме першых наведвальнікаў у Год культуры, абвешчаны ў Беларусі.

Дух часу і важныя дробязі

Па самых сціплых падліках, каб поўнасцю рэалізаваць задуманае, спатрэбіцца 33 мільярды рублёў. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец падчас візіту ў Віцебск адзначыў, што дзяржавай падтрымліваюцца праекты, якія спрыяюць павышэнню іміджу краіны.

— Бясспрэчна, гэта паслужыць станоўчаму іміджу Віцебска, дзе беражліва адносяцца да гістарычнай спадчыны. Нагадаю, што ў 2017 годзе — 130-я гадавіна з дня нараджэння Марка Шагала. А ў 2019-м — будзе святкавацца 140 гадоў з дня нараджэння Казіміра Малевіча. Тады ж споўніцца 100 гадоў, як па ініцыятыве Шагала створана Народнае мастацкае вучылішча. Гэта ўсё стане добрай нагодай для турыстаў на свае вочы ўбачыць Віцебск, — падкрэсліў Аляксандр Косінец.

Дарэчы, у наступным годзе і 80 гадоў з дня смерці Юдаля Пэна (першага настаўніка Шагала — Аўт.). Ён нарадзіўся ў 1854-м.

Былы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец шмат зрабіў, каб старажытны горад стаў больш прывабным для турыстаў, утульным для гараджан. Менавіта ён спрыяў таму, каб у гістарычным будынку быў створаны музей. Гэты дом сам па сабе прыцягвае прыхільнікаў авангарда.

— Правялі ўнікальнае даследаванне, каб ён выглядаў такім, як пры Шагале і Малевічу. Яўгеній Калбовіч, навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі, вельмі сур'ёзна да гэтага паставіўся. Нават зрабілі хімічныя аналізы фарбаў экстэр'еру. І дакладна ўстанавілі, што фасад быў не шэра-зялёны, як да нядаўняга часу. Ва ўспамінах тых, хто вучыўся тут маляваць, ён быў белым, — распавёў «Звяздзе» дырэктар установы культуры «Музей «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Андрэй Духоўнікаў.

Ён паказаў шпалеры — копіі аўтэнтычных. Кавалак арыгінальных знайшлі падчас рэстаўрацыйных работ. Інтэр'ер аднаўлялі, выкарыстоўваючы фотаздымкі з выявамі настаўнікаў і вучняў.

— Дарэчы, мы здолелі дакладна высветліць, у якіх менавіта памяшканнях фатаграфіі былі зроблены. І павялічаныя арыгіналы «ўпішам» у сцены. Як і калектыўныя працы вучняў Малевіча. Я ўбачыў іх на выставе, калі быў за мяжой. І адразу ўзнікла думка, што прапорцыі васьмі малюнкаў адпавядаюць прапорцыі ўнутраных сцен. І вы гэта ўбачыце, — працягвае Андрэй Духоўнікаў.

На падлозе з'явіцца гранітная выява знакамітага плаката «Клінам чырвоным бі белых!» Яго ў 1920 годзе зрабіў Эль Лісіцкі, адзін з выкладчыкаў вучылішча. Будзе адноўлена майстэрня гэтага графіка, архітэктара і дызайнера. Задумана там размясціць станок для майстар-класаў па стварэнні афортаў.

Будзе і зала, прысвечаная выкладчыцы Веры Ермалаевай. Яна пасля сыходу Шагала кіравала навучальнай установай. Вядомасць атрымала і як першая ў Савецкай Расіі «канструктар» кніг для дзятвы. Яе малюнкі не толькі дапаўнялі тэксты, але і літаральна стваралі кнігу як адзінае цэлае.

Можна будзе ўбачыць у музеі і графіці Заіра Азгура, пра знаходку якіх «Звязда» паведамляла раней. Ёсць яшчэ адна: надпіс, які пачынаецца літарай «У». Мінскія рэстаўратары бяруцца дэталёва абследаваць будынак. Таму не выключаюцца новыя сенсацыі.

А ў люстэркі пачынаеш бачыць...

На жаль, у дырэкцыі перыядычна прасілі журналіста выключыць дыктафон. Не хацелі раскрываць усе сюрпрызы.

— У Віцебску, як ні дзіўна, няма тэматычнай экспазіцыі, прысвечанай паслярэвалюцыйнаму пачатку XX стагоддзя. У нашай можна будзе даведацца не толькі пра вучылішча. Віцебск у той час, як бы цяпер сказалі, быў «культурнай сталіцай»: некалькі тэатраў, сімфанічны і духавы аркестры. У горадзе было нямала высокаадукаваных людзей. Як і тых, хто цягнуўся да мастацтва. З задавальненнем на гастролі прыязджалі артысты, паэты. Сярод іх Маякоўскі, Камісаржэўская. Менавіта гэта стала добрай «глебай» для таго, каб Шагал, заснавальнікі авангардызму, рэалізавалі свае ідэі, — дадаў Андрэй Духоўнікаў.

Шмат грошай будзе выдаткавана на куплю сістэмы падтрымкі мікраклімату. Яна дазволіць арганізоўваюць выставы арыгіналаў работ з лепшых музеяў свету.

Наогул у залах будзе шмат тэхнічных прыстасаванняў. У прыватнасці, інтэрактыўны стол — у пакоі, прысвечаным Малевічу. Там, на першы погляд, будзе «чагосьці не хапаць»: мінімум мэблі. Але экскурсавод, як кажуць, «лёгкім рухам рукі» зробіць так, каб сцены пачалі паказваць і гаварыць.

Падчас экскурсіі будзе нямала нечаканага, дзякуючы арыгінальным тэхнічным рашэнням. Ад раптам убачанага «там, дзе нічога быццам бы няма», будзе перахопліваць дух...

Пра «Віцебскую мастацкую школу»

Не раз даводзілася спрачацца наконт таго, што такое «Віцебская мастацкая школа» як унікальная культуралагічная з'ява. Адны лічаць, што маецца на ўвазе Шагал, Малевіч і іх калегі. Другія ўпэўненыя, што размова ідзе пра мастацкія традыцыі, закладзеныя пералічанымі. Хоць на сёння, мяркуючы па тыпавым афармленні віцебскіх вуліц, не верыцца, што калісьці тут нават трамвай быў аб'ектам для рэалізацыі творчых фантазій.

— Побач з музеем знаходзіцца адміністрацыйны будынак, які належыць будаўнічай арганізацыі. Калі Аляксандр Косінец быў губернатарам, агучыў ідэю стварыць комплекс з выставачнымі заламі і майстэрнямі. Вельмі хочацца, каб усё так і было. Напрыклад, пасля Шагала што было? Авангард забаранілі, пачаўся час рэалізму. Пры гэтым было нямала мастакоў высокага ўзроўню. І ў пасляваенныя, 1960-я, 1970-я, 1980-я гады ў горадзе працавалі таленты. Але на сёння няма плошчаў, каб размясціць творы мастакоў «пасляшагалаўскага часу». Упэўнены, гэта трэба зрабіць! У 1980-я гады, у прыватнасці, з'явілася творчая суполка «Квадрат». Мастакі, якім блізкія ідэі заснавальнікаў авангардызму, плённа працавалі, ездзілі з выставамі. Цудоўна, каб «Квадрату» была вылучана зала, — лічыць дырэктар музея.

Дарэчы, гэтай вясной частку вуліцы Праўды, дзе адчыняць музей, перайменавалі ў вуліцу Шагала.

— Цяпер гораду не хапае вуліцы Малевіча. На мой суб'ектыўны погляд, яна павінна быць побач з шагалаўскай, — упэўнены Андрэй Духоўнікаў.

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.