Вы тут

Апоры для стабільнасці


На мінулым тыдні прадоўжыўся ўрадавы крызіс у Іраку.

Раней з-за папрокаў у карупцыі часткі членаў дзейнага ўрада прэм'ер-міністр Хайдэр аль-Абадзі даў абяцанне памяняць міністраў, чыя рэпутацыя аказалася заплямленай. Праблема ў тым, што рашэнне павінны прыняць у парламенце, а некалькі партый, не жадаючы сыходу сваіх стаўленікаў з улады, упарта байкатуюць пасяджэнні парламента, на якіх можна было б вырашыць пытанне. У выніку 30 красавіка дэманстранты, якія пратэставалі супраць зацягвання рэформы ўрада, прарваліся ў будынак парламента з патрабаваннем ажыццявіць абяцанае раней абнаўленне кабінета міністраў.

Расія прыняла рашэнне аб'яднаць свае намаганні ў барацьбе з санкцыямі Захаду, накладзенымі на яе ў 2014 годзе, разам з новым саюзнікам — Зімбабвэ.

Справа ў тым, што Зімбабвэ адчувае падобную праблему — на гэту краіну заходнія санкцыі былі накладзены яшчэ ў 2008 годзе. Галоўнай прычынай сталі канфіскацыі земляў у белых фермераў, хоць былі вылучаны прэтэнзіі і да выбараў. На пасяджэнні расійска-зімбабвійскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Харарэ было прынята пагадненне аб сумеснай барацьбе з санкцыямі. Праўда, сітуацыя ў Зімбабвэ адрозніваецца ад расійскай — ЕС ужо адмовіўся ад уведзеных раней санкцый, і галоўнай праблемай краіны з'яўляюцца санкцыі ЗША. Расіі ж даводзіцца пакутаваць і ад першых, і ад другіх.

Сталі вядомыя вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Аўстрыі, якія прайшлі 24 красавіка. Інакш як сенсацыяй і трывожным званком для Бруселя іх назваць нельга.

Першае месца на выбарах і вялікія шанцы на перамогу ў другім туры атрымаў лідар крайне правай Аўстрыйскай партыі свабоды (АПС), якая вядомая ў краіне і за мяжой жорсткімі антымігранцкімі заявамі. Адрыў Норберта Хофера на 16 працэнтаў ад бліжэйшага канкурэнта сведчыць аб тым, што гэтая тэма вельмі сур'ёзна трывожыць аўстрыйцаў, а палітыка ўрада па рашэнні іміграцыйнага крызісу ім не здаецца пераканаўчай. Безумоўна, з прычыны асаблівасцяў палітычнай сістэмы ўлады ў Аўстрыі ў прэзідэнта няма значных паўнамоцтваў, але пасада дае сур'ёзныя магчымасці для трансляцыі палітыкі партыі.

28 красавіка стала вядома аб выніках чарговага раўнда перамоў па Сірыі.

Па пытанні стварэння пераходнага ўрада бакі пагадзіліся з тым, што ў яго ўвойдуць як прадстаўнікі дзейнага ўрада Сірыі, так і прадстаўнікі апазіцыйных сіл, якія ўдзельнічаюць у перамовах. Яны таксама адзначылі, што новы ўрад будзе адказваць за захаванне незалежнасці і тэрытарыяльнага адзінства краіны. Новая канстытуцыя павінна быць прынята падчас рэферэндуму, пасля чаго ў краіне павінны быць праведзены пазачарговыя выбары. Галоўным трывожным момантам з'яўляецца крохкасць перамір'я ў Сірыі, што асабліва адзначыў спецпасланнік генеральнага сакратара ААН па Сірыі Стафан дэ Містура, заклікаўшы лідараў ЗША і Расіі дапамагчы яго захаваць.

28 красавіка адбылася важная геапалітычная падзея для Расіі — пачаў сваю работу касмадром «Усходні», закліканы пасля завяршэння дзвюх чэргаў будаўніцтва стварыць магчымасці для цалкам аўтаномнай ад іншых краін сістэмы запускаў касмічных ракет у космас.

Праблема ў тым, што тэма арандаванага Расіяй у Казахстана касмадрома «Байканур» стала важным момантам для ціску на ўрад краіны з боку апазіцыі, якая сцвярджае аб вялізнай экалагічнай шкодзе для Казахстана ад пускаў расійскіх ракет. Паспяховы пуск ракеты-носьбіта «Саюз-2.1а» 28 красавіка дазволіць перавесці частку пускаў з Казахстана ў Расію, тым самым палепшыўшы сітуацыю з крытыкай казахстанскай апазіцыі. Пасля ўводу ў строй другой чаргі Расія зможа пры неабходнасці ажыццяўляць у цэлым усе пускі са сваёй тэрыторыі, выкарыстоўваючы Байканур толькі ў выпадку зацікаўленасці казахстанскага боку.

27 красавіка па выніках праведзенай у кіраўніка беларускай дзяржавы нарады з нагоды маючых адбыцца парламенцкіх выбараў былі прызначаны даты старту афіцыйнай выбарчай кампаніі (7 чэрвеня) і саміх выбараў (11 верасня).

Місіі СНД і АБСЕ таксама будуць запрошаны для назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, у цэлым міжнародныя назіральнікі будуць запрашацца без абмежавання іх колькасці. Пры правядзенні выбараў будуць улічаны некаторыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. 30 красавіка віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі Кент Харстэд ацаніў прынятае рашэнне як пазітыўны крок.

Таксама 27 красавіка было падпісана сумеснае камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ліберыяй у пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку.

Тэрыторыя Ліберыі амаль у два разы меншая за тэрыторыю Беларусі, а колькасць насельніцтва — меншая ў два з лішнім разы. Узровень жыцця ліберыйца прыкладна ў васямнаццаць разоў ніжэйшы, чым узровень жыцця беларуса.

28 красавіка кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей удзельнічаў у 5-й сустрэчы міністраў замежных спраў краін — членаў Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА).

У рамках мерапрыемства ён адзначыў, што «спалучэнне інтэграцыйных структур і праектаў заклікана забяспечыць устойлівасць «азіяцкай апоры», без якой немагчыма ўявіць сабе стабільнасць і росквіт шматпалярнага свету».

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».