Вы тут

Знайсці сяброў... на раскопках


Пераважная большасць студэнтаў і навучэнцаў яшчэ толькі рыхтуюцца да здачы экзаменаў, але для некаторых з іх ужо пачынаецца новы семестр — працоўны. Урачыстая цырымонія яго афіцыйнага адкрыцця адбылася ўчора на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Удзел у ёй узялі каля 800 байцоў, камандзіраў і камісараў штабоў зводных абласных і Мінскага гарадскога студэнцкіх атрадаў. Цэнтральным момантам цырымоніі стала ўручэнне студатрадам пуцёвак для працы на сацыяльна значных аб'ектах.


«Бай­цы»-ме­ды­кі прый­шлі на ме­ра­пры­ем­ства з парт­рэ­та­мі Ге­ро­яў Са­вец­ка­га Са­ю­за,  лёс якіх звя­за­ны з Бе­ла­рус­сю.

— Сёлета мы традыцыйна плануем адправіць нашых «байцоў» і ў Расійскую Федэрацыю, — расказаў журналістам другі сакратар ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Сяргей КЛІШЭВІЧ. — Гэта, у першую чаргу, будуць педагогі і будаўнікі. Адпаведна, у Беларусь прыедуць расійскія студэнты, каб працаваць на нашых аб'ектах, у тым ліку і на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы.

Галоўнай адметнасцю гэтага года стане з'яўленне археалагічнага атрада — ён будзе працаваць на раскопках старажытнага беларускага паселішча ў вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна. Акрамя гэтага, саюз моладзі плануе сумесна з МНС і Мінсельгасхарчам стварыць студатрад, які будзе займацца аховай гаспадарак ад пажараў.

— Для нас стала добрай традыцыяй урачыста адкрываць летні працоўны семестр, — сказаў падчас цырымоніі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Глыбока сімвалічна, што сённяшняе мерапрыемства адбываецца напярэдадні святога для кожнага беларуса Дня Перамогі. Летась менавіта БРСМ праявіў ініцыятыву і даў старт праекту «Кветкі Вялікай Перамогі», які сёлета стаў агульнанацыянальным. Вельмі прыемна, што беларускія студатрадаўцы робяць свой унёсак у будаўніцтва нашай краіны.

Анд­рэй Бе­ля­коў пе­рад­ае пра­цоў­ную пу­цёў­ку ка­мі­са­ру Го­мель­ска­га аб­лас­но­га шта­ба  сту­дэнц­кіх атра­даў Дзміт­рыю Сі­ва­му.

Для пераважнай большасці студатрадаўцаў гэты працоўны семестр будзе ўжо не першым. «Летась я працаваў у студэнцкім атрадзе «Ліцэіст», — дзеліцца Павел РАМАНОВІЧ, навучэнец Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. — Мы займаліся ўборкай збожжа ў адной з гаспадарак раёна. Дарэчы, нядрэнна зарабілі — без малага пяць мільёнаў. Але галоўнае — весела правялі час з новымі сябрамі. Абяцаюць, што сёлета з'явяцца новыя віды атрадаў, таму абавязкова знайду для сябе што-небудзь цікавае».

Вядома, ёсць і тыя, хто сёлета дэбютуе як «баец». Сярод іх, напрыклад, навучэнка Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С. Выгоцкага Юлія БУДЗЬКО. «Далучыцца да студатрадаўскага руху мяне падштурхнула цяга да новых знаёмстваў — я вельмі камунікабельны чалавек, а ў атрадзе можна знайсці новых сяброў, — кажа дзяўчына. — Акрамя таго, я шчыра люблю сваю прафесію, таму працаваць у педатрадзе будзе для мяне за шчасце».

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?