Вы тут

Якія новыя прафесіі прапануюць ВНУ?


У 2016 годзе на ўсе формы навучання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы плануецца прыняць больш за 63 тысячы чалавек — гэта лічба неістотна адрозніваецца ад леташняй. За кошт сродкаў бюджэту будуць атрымліваць адукацыю ў ВНУ каля 28 тысяч чалавек (з іх на дзённай форме навучання — 22,6 тысячы). Прыём на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі складзе прыкладна 32,6 тысячы чалавек, а ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — каля 40 тысяч. Гэтыя лічбы агучыў на сустрэчы з журналістамі першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім БОГУШ.


Падрыхтоўка пад кадравыя патрэбы

Рабочая група з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, а таксама іншых ведамстваў вызначала кантрольныя лічбы набору ва ўстановы адукацыі з улікам кадравых патрэб эканомікі і дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

У ВНУ Міністэрства адукацыі набор на спецыяльнасці эканамічнага профілю скараціўся на 111 месцаў, на будаўнічы профіль — на 188, профіль «архітэктура» — на 28. Скарачэнне закранула таксама «філалогію» і «гісторыю» з прычыны невысокай запатрабаванасці спецыялістаў-гуманітарыяў. Затое на першы курс будуць набіраць больш настаўнікаў пачатковай школы і выхавальнікаў дашкольных устаноў (плюс 105 месцаў).

З-за змяншэння заявак скараціць набор на «лячэбную справу» ў медыцынскіх універсітэтах вырашыла і Міністэрства аховы здароўя, а вось у медыцынскіх каледжах набор, наадварот, павялічыўся. Таксама павялічылі кантрольныя лічбы набору ў сваіх ВНУ міністэрствы абароны і ўнутраных спраў...

Вадзім Богуш праінфармаваў журналістаў пра адкрыццё ў ВНУ шасці новых спецыяльнасцяў. Так, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прапануе абітурыентам новую перспектыўную спецыяльнасць «вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій». Акадэмія МУС пачне падрыхтоўку па спецыяльнасці «судовыя крыміналістычныя экспертызы». У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры будуць рыхтаваць трэнераў па шахматах, а ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце — спецыялістаў па гісторыі і сусветнай мастацкай культуры, музычным мастацтве і сусветнай мастацкай культуры, гісторыі і экскурсійна-краязнаўчай рабоце, сацыяльнай і псіхолага-педагагічнай дапамозе.

Крытэрыі адбору

Як падкрэсліў Вадзім Богуш, мінулагоднія падыходы да парогавых значэнняў на ЦТ былі захаваныя. Нездавальняючымі адзнакамі па беларускай і рускай мовах будуць лічыцца балы ад 0 да 9. Выключэнне складаюць толькі некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, па якіх для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, трэба будзе набраць не менш як 20 балаў.

Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з'яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 15 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з'яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў).

Калі першай профільнай дысцыплінай з'яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 19. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.

Самыя нізкія парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць сёлета паступаць у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка» і «Аграінжынерыя».

Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 5 балаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» і «Замежныя мовы». Такія ж балы ўстаноўлены і для абітурыентаў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў, але толькі для тых, хто будзе паступаць у рамках дадатковага набору.

Асабістыя кабінеты

У параўнанні з папярэднім годам на адзін дзень сёлета былі скарочаны тэрміны прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання: прыёмныя камісіі чакаюць абітурыентаў з 8 па 14 ліпеня. А з 15 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію: для асоб, якія паступаюць як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове.

Тэрміны залічэння на «бюджэт» наступныя:

па 22 ліпеня — на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі ў ВНУ сілавых ведамстваў;

па 28 ліпеня — на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;

па 24 ліпеня — на вочную і завочную формы атрымання адукацыі ў іншых дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі (акрамя завочнай формы атрымання адукацыі ў сельскагаспадарчых ВНУ);

па 20 снежня — на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы (дадатковы набор) у большасці ВНУ будзе весціся тры дні: з 26 па 28 ліпеня, у «творчых» ВНУ — з 29 па 30 ліпеня, у ВНУ «сілавых» ведамстваў з 24 па 26 ліпеня. Залічэнне ў лік студэнтаў пройдзе не пазней за 31 ліпеня. У ВНУ сілавых ведамстваў — па 27 ліпеня.

Пакуль што абітурыенты не могуць падаваць дакументы ў ВНУ дыстанцыйна праз інтэрнэт, канстатаваў Вадзім Богуш. «Заява ад абітурыента павінна быць падпісана ім самім асабіста альбо гэты дакумент падаецца даверанай асобай ва ўстаноўленым парадку, — патлумачыў ён. — Пытанне ўкаранення дыстанцыйнай сістэмы падачы дакументаў звязана з пашырэннем электроннага дакументаабароту ў краіне. Я мяркую, што як толькі гэта пытанне будзе вырашана, то і сістэма адукацыі даволі аператыўна зможа перайсці да такой формы». У той жа час, паводле яго слоў, многія ўніверсітэты пайшлі шляхам стварэння асабістых кабінетаў абітурыента. Гэта практыка хоць і не адмяняе візіт у прыёмную камісію, але значна скарачае час падачы дакументаў.

Лёсавызначальная субота

Вадзім Богуш запрасіў усіх абітурыентаў прыняць удзел ва «Універсітэцкай субоце», якая адбудзецца 14 мая ў Палацы спорту ў Мінску. Удзел у гэтым прафарыентацыйным мерапрыемстве возьмуць усе ўніверсітэты, акадэміі і інстытуты. Магчыма, для кагосьці яно стане штуршком, які дапаможа канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі і навучальнай установы.

Падчас інтэрактыўнай прафарыентацыйнай выстаўкі кожны наведвальнік зможа азнаёміцца з экспазіцыямі ўстаноў вышэйшай адукацыі, даведацца аб перавагах навучальнай установы і перспектывах працаўладкавання пасля заканчэння вучобы. На экспазіцыі будуць працаваць таксама і кансультацыйныя пункты Міністэрства адукацыі. Спецыялісты ўпраўленняў пракансультуюць аб правілах і асаблівасцях паступлення і залічэння, дадуць рэкамендацыі па выбары прафесіі. Будуць арганізаваныя інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі, забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, майстар-класы...

Плануецца, што на пляцоўцы Ваеннай акадэміі будзе прадстаўлены ваенны аўтамабіль, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт збіраецца выставіць рэанімабіль. На пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі разгорнецца сапраўдны тэлецэнтр, дзе плануецца здымаць ток-шоу. БДЭУ правядзе экспрэс-дыягностыку «Пазнай сябе», а Інстытут пагранічнай службы рыхтуе выступленне групы па рукапашным баі.

Не менш цікавым для навучэнскай моладзі абяцае стаць і ІІ Нацыянальны чэмпіянат WorldSkіlls Belarus — 2016 па рабочых прафесіях, дзе будуць прадстаўлены 35 кампетэнцый. Спаборніцтвы пройдуць з 17 па 19 мая ў сталіцы ў Футбольным манежы. Сваё прафесійнае майстэрства пакажуць 258 удзельнікаў: навучэнцы прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама маладыя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў. У Футбольным манежы будуць дзейнічаць інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі «Усе грані прафесіі», разлічаныя на падлеткаў, якія яшчэ толькі вызначаюцца з прафесійным выбарам. Да таго ж у рамках ІІ Нацыянальнага чэмпіянату пройдуць і першыя спаборніцтвы «JunіorSkіlls Беларусь». Сусветны рух JunіorSkіlls скіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да свету прафесій.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны Бегунковай

Загаловак у газеце: Трэнер па шахматах і спецыяліст па 3D-друку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?