Вы тут

Навошта дзіцяці жалеза


Як выбраць найлепшае дзіцячае харчаванне? Гэтым пытаннем задалася вучаніца 11 класа сталічнай гімназіі №7 Лізавета Старажэнка. Яна разам са сваім навуковым кіраўніком Людмілай Голад правяла шэраг даследаванняў і выявіла найбольш якасныя ўзоры прадуктаў, прызначаныя для харчавання дзяцей. За што і была ўзнагароджана дыпломам на гарадскім этапе навукова-практычнай канферэнцыі па хіміі.


Дзяўчына прааналізавала хімічны састаў сокаў і пюрэ з садавіны і гародніны: эксперыментальна вызначыла вітамінна-мінеральнае «напаўненне» беларускіх і імпартных узораў. І ў выніку даведалася, якія з іх найлепшыя.

— Асабістай прычынай выбару гэтай тэмы стала тое, што я, як будучы доктар, клапачуся пра здароўе дзяцей, — гаворыць Лізавета. Яна ўжо не першы год удзельнічае ў алімпіядах не толькі па хіміі, але і па біялогіі. Цвёрда вырашыла, што будзе паступаць у медыцынскую ВНУ.

— Мы аналізавалі ўтрыманне жалеза і бэта-караціну як адных з найважнейшых мікраэлементаў для дзіцяці. Жалеза забяспечвае работу імуннай сістэмы, а яго дэфіцыт можа прывесці да захворванняў органаў дыхання і стрававання. Па сваёй біялагічнай каштоўнасці жалеза можна параўнаць з хларафілам для раслін — настолькі яно неабходна чалавеку. А бэта-карацін — магутны антыаксідант. Ён таксама валодае імунастымулюючым дзеяннем. Многія ведаюць, што гэтыя мікраэлементы ўтрымліваюцца ў яблыках і моркве. Але, насамрэч, яны ёсць амаль ва ўсіх прадуктах. Напрыклад, у шпінаце, арэхах, рыбе. Праўда, пасля перапрацоўкі ў дзіцячым харчаванні іх застаецца няшмат, таму і трэба звяртаць асаблівую ўвагу на састаў прадуктаў.

Кіраўнік навуковай работы Людміла Голад не першы год займаецца навуковымі даследаваннямі з вучнямі. Сёлета адразу некалькі яе выхаванцаў сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Настаўніца расказала, чым цяпер цікавяцца гімназісты:

— Дзеці ў нас вельмі матываваныя. Сямікласнікі, напрыклад, з задавальненнем вырошчваюць дома крышталі. Многія дзевяцікласнікі плануюць паступаць у Ліцэй БДУ, таму яны ўжо не толькі эксперыментуюць, але і рашаюць больш сур'ёзныя задачы. А са старшакласнікамі я ўжо даўно займаюся менавіта вывучэннем тых рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў прадуктах харчавання. Сёння мы часам не ведаем, што ядзім і п'ём. Летась была вельмі цікавая тэма, з якой мы выйшлі на рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю. Ёсць такое атрутнае рэчыва — оксіметылфурфурол, — якое ўтвараецца ў мёдзе, калі яго няправільна захоўваюць ці дадаюць у прадукт тое, чаго ў ім быць не павінна. У выніку даследавання былі знойдзены няякасныя ўзоры. Гэта тычыцца, найперш, прадукта, які быццам бы паступае з Башкірыі. Вядома, калі гэта натуральны башкірскі мёд, то ён будзе адпавядаць устаноўленым стандартам. Але часам пад гэтай маркай на рынку хаваюцца і няякасныя прадукты.

Вынікі даследавання Лізаветы паказалі, што ў беларускіх прадуктах, прызначаных для дзіцячага харчавання, колькасць карысных мікраэлементаў большая, чым у іх замежных аналагах. Дзяўчына плануе працягнуць сваю навуковую работу. Наступным крокам будзе аналіз утрымання калію і натрыю ў гэтых прадуктах.

Надзея АНІСОВІЧ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Чаму беларускае — лепшае

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.