Вы тут

З задання не вярнуліся...


Імя аднаго з двух партызанаў, якія загінулі пад Лагойскам у чэрвені 1943-га і пахаваны ў брацкай магіле, дагэтуль застаецца невядомым.

На вясковых могілках у вёсцы Кандратавічы, што ў Лагойскім раёне, сярод пахаванняў мясцовых жыхароў знаходзіцца брацкая магіла двух партызанаў. Але чамусьці яе няма ні ў адным са спісаў вайсковых пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны...


Помнік на гэтай магіле быў усталяваны толькі ў 1960-х гадах. І тое дзякуючы адной выпадковасці. Пасля вайны жыхар Кандратавіч Пётр Яцкевіч здымаў пакой у былога начальніка штаба партызанскага атрада «За Радзіму» Уладзіміра Чочыева. Ён і расказаў Чочыеву, што ў вёсцы пахаваны партызаны з яго брыгады, памяць якіх так і не ўвекавечана. Той адразу ж адгукнуўся — і невялікі бетонны помнік быў пастаўлены.

Калі падыходзіш да стэлы, чытаеш: «Тут пахаваны героі Айчыннай вайны, партызаны, разведчыкі атрада «За Радзіму» Міхаіл Івінскі, 1924 года нараджэння, Анатоль (прозвішча невядома). Загінулі 23.06.1943 года. Ад сяброў па зброі». Першы партызан — Міхаіл Івінскі — нарадзіўся і вырас у Кандратавічах. Другі, Анатоль, быў родам з Мінска. Па сведчанні відавочцаў, гэта быў малады хлопец гадоў 16-17. Больш пра яго невядома нічога.

Варанянскі спыніўся ў Кандратавічах

Лагайчанка Зінаіда Рау, родная пляменніца Міхаіла Івінскага, сцвярджае, што, па словах яе мамы, былой партызанкі, ён нарадзіўся ў 1926 годзе. Каб партызаны ўзялі яго ў атрад, прыбавіў сабе некалькі гадоў. Калі ў верасні 1941 года ў лесе паміж вёскамі Кандратавічы і Мошчанка ўтварыўся партызанскі атрад пад камандаваннем маёра Чырвонай Арміі Васіля Варанянскага, Мішу было 15.

Варанянскі, які быў камандзірам 570-га асобнага батальёна сувязі 13-й арміі, у першыя дні вайны патрапіў у акружэнне пад Заслаўем і прабіраўся на ўсход з групай у складзе 5 чалавек. У сярэдзіне ліпеня яны спыніліся ў Кандратавічах. З гутаркі з жыхарамі даведаліся, што ў вёсцы жыве камуніст Іван Івінскі (старэйшы брат Міхаіла), які да вайны быў старшынёй мясцовага калгаса «Чырвоная Зорка».

Іван Івінскі хутка арганізаваў харчаванне і начлег для ўсёй групы. Праз некалькі дзён яны сустрэліся з другой групай акружэнцаў, якую ўзначальваў старшы лейтэнант Аляксандр Макаранка. Пасля аб'яднання было прынята рашэнне працягнуць барацьбу ў тыле ворага. Неўзабаве ў Кандратавічах утварылася падпольная група, у якую першапачаткова ўваходзілі браты Івінскія, Міхаіл Дрозд, Пётр Дрозд, настаўніца Надзея Мураўёва, Сяргей Тарасевіч, Мікалай Аўчыннікаў, браты Шчурэвічы і іншыя.

«Маленькі салдацік»

Міша Івінскі пасябраваў з камісарам атрада Аляксандрам Макаранкам, які ўвосень 1941 года наладзіў сувязь з Мінскім падполлем. Па заданні партызан, Міша збіраў зброю, потым пастаянна хадзіў у Мінск на сувязь з падпольшчыкамі, дапамагаў выводзіць людзей у лес.

У кнізе Івана Новікава «Руіны страляюць ва ўпор» і ва ўспамінах былых мінскіх падпольшчыкаў партызанскі сувязны Івінскі завецца Сашам. Верагодна, партызаны параілі яму ўзяць сабе іншае імя і прыдумалі легенду, па якой ён хадзіў у горад да хворай цёткі і насіў ёй прадукты. Мінскія падпольшчыкі нават не ведалі яго сапраўднае імя.

Іван Новікаў пісаў: «... Нібы той чаўнок, снаваў паміж атрадам і чыгуначным вузлом партызанскі сувязны Саша. Ні прозвішча яго, ні адкуль ён родам ніхто з былых падпольшчыкаў не ведае. Адно засталося ў іх памяці — імя Саша. Быў ён невысокі ростам, заўсёды падцягнуты, спрытны. Перашыты з чужога пляча шынель яго быў падпяразаны шырокім вайсковым рэменем. Вось такі ён і застаўся ў памяці падпольшчыкаў — маленькі баявы салдацік вялікай партызанскай арміі...»

У партызанскай зоне

Вясной 1942 года, незадоўга да першага правалу Мінскага падполля, немцы заслалі ў атрад Варанянскага шпіёна. У сакавіку партызаны вымушаны былі пакінуць свой лагер і перайшлі ў Руднянскі лес. У красавіку ў Мінску загінуў Макаранка. Мясцовыя падпольшчыкі пачалі супрацоўнічаць з іншымі атрадамі, якія знаходзіліся непадалёк.

Міша Івінскі тым часам звязаўся з дэсантнікамі, якіх скідвалі на парашутах з самалётаў у партызанскія зоны. У сакавіку 1942 года каля вёскі Марозаўка, размешчанай у раёне Хатыні, прызямлілася разведгрупа Генштаба Чырвонай Арміі пад камандаваннем капітана Мікалая Багатырова па мянушцы «Багаты». Пазней яны перайшлі ў тагачасную Вілейскую вобласць. Атрад разросся — утварылася партызанская брыгада імя Фрунзэ, дзейнасць якой распаўсюджвалася і на Лагойскі раён. У склад брыгады ўваходзілі атрады «За Радзіму», імя Варашылава, «Камсамолец».

Міша Івінскі знаходзіўся ў атрадзе «За Радзіму», якім камандаваў дэсантнік Барыс Мацюгін. У Нацыянальным архіве Беларусі захаваўся загад пра перавод Івінскага ў спецгрупу Багатырова. Па іншых дакументах ён значыўся ў атрадзе імя Варашылава. З сям'і Івінскіх у атрадзе былі таксама Пётр і Аляксандра. Іван за сувязь з партызанамі быў расстраляны немцамі ў верасні 1942-га.

Напаткалі варожыя кулі

Трагедыя здарылася 26 чэрвеня 1943 года, на наступны дзень пасля спалення карнікамі з батальёна Дзірлевангера вёскі Кандратавічы. Разам з вёскай у агні загінулі 82 дарослыя, 50 дзяцей і 40 грамадзян з Арлоўскай вобласці, пераселеных сюды з прыфрантавога раёна.

У той дзень партызанскія сувязныя Міша Івінскі і Анатоль вярталіся з Мінска. Ехалі на веласіпедах. Па дарозе на Лагойск іх дагнала нямецкая грузавая машына. Машына ўжо абагнала хлопцаў, але адзін з мясцовых паліцаяў пазнаў Івінскага. Ён ведаў, што Міша быў у партызанах, сказаў пра гэта немцам, якія спынілі машыну. Абодвух сувязных арыштавалі. Іх пасадзілі ў кузаў, туды ж пагрузілі веласіпеды і паехалі ў Лагойск.

Праязджаючы каля вёскі Чудзенічы, хлопцы ўбачылі дым з-за лесу. Паліцай, які выдаў Мішу, сказаў: «Глядзі, партызан, як твае Кандратавічы гараць!» Аказалася, карнікі дапальвалі астатнія хаты. Хлопцы разумелі, што іх чакае ў Лагойску, таму дамовіліся пры зручным выпадку ўцякаць. Тое, што момант надышоў, вырашылі пры пад'ездзе да Лагойска на спуску з гары за вёскай Сілічы. Міша стукнуў кулаком паліцая па твары, і ў мітусні абодва партызаны на хаду выскачылі з машыны. Уцячы ў лес у іх не атрымалася: партызанаў нагналі варожыя кулі. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, целы іх былі, як рэшата.

Некалькі дзён хлопцы ляжалі на тым месцы: немцы зрабілі там засаду, чакалі, хто прыйдзе забіраць целы. З атрада прыехала сястра Івінскага, Аляксандра, і ўначы таемна пахавала іх на могілках у Кандратавічах. У 1970-х гадах школьнай піянерскай дружыне з суседняй вёскі Весніно было прысвоена імя Міхаіла Івінскага.

Пошукі працягваюцца

Пасля вывучэння ў Нацыянальным архіве спісаў загінуўшых партызан брыгады імя Фрунзэ падалося, што другім партызанам, каго нагнала гітлераўская куля, мог быць Анатоль Шабуня. Дакументы кажуць, што загінуў ён 28 чэрвеня 1944 года. Магчыма, дата напісана памылкова. Тым больш што прозвішчы партызанаў стаяць побач, дапісаныя ўручную ў канцы друкаванага спіса пра страты. Ды і дата гібелі Івінскага пазначана неразборліва, яе можна прачытаць і як 28 чэрвеня.

Там жа пазначана, што маці Шабуні пражывала ў Мінску на вуліцы Палескай, 12. Сёння гэтай хаты каля Чэрвеньскага рынку ўжо няма. Суседзі расказваюць, што яна была падзелена на дзве часткі, але пра жыхароў нічога не памятаюць. У адрасным бюро і ЖЭСе звестак пра былых жыхароў знайсці не атрымалася. Запыт у Нацыянальны архіў і архіў КДБ новых звестак не выявіў. Прыйшлося звярнуцца ў маскоўскія архівы, бо камандзір спецгрупы Мікалай Багатыроў пасылаў данясенні ў Маскву па рацыі. Сам ён загінуў у чэрвені 1944 года пры прарыве блакады на Паліку, і з ім зніклі ўсе дакументы па агентуры. У адказе архіва напісана, што ва ўцалелых данясеннях у цэнтр узгадваецца сувязны Анатоль па прозвішчы Маразевіч, сын інжынера Гебітскамісарыята, які пражываў падчас акупацыі ў Мінску па вуліцы Палескай, 12. Цікава, што адрас Шабуні і Маразевіча супадае. Магчыма, яны жылі ў падзеленым на дзве часткі доме і ведалі адзін аднаго. У адказе таксама адзначаны сувязны, мінскі мастак Андрэй Камушкін, які загінуў у 1943 годзе пад Лагойскам. У спісе загінуўшых партызан і падпольшчыкаў Мінскай вобласці згадваецца і Ракіцкі Толік, які загінуў у чэрвені 1943 года пры спробе ўцёкаў. Зварот на перадачу «Чакай мяне» таксама пакуль не даў вынікаў. Але ж пошукі працягваюцца.

* * *

Пляменніца Івінскага, Зінаіда Рау, мае намер паставіць новы помнік на магіле загінуўшых партызанаў. Таму вельмі важна даведацца прозвішча невядомага партызана, каб увекавечыць яго імя на вякі. Можа, дзесьці жывуць сваякі Анатоля або хто іншы ведае гэтага адважнага партызана? Калі ў вас ёсць хоць якая-небудзь інфармацыя, пішыце ў рэдакцыю «Звязды». Хто ведае, можа, менавіта дзякуючы вам мы адкрыем імя яшчэ аднаго юнага героя мінулай вайны?

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?