Вы тут

Ва Узброеных Сілах правялі ўтылізацыю лёгкай стралковай зброі


Нішто не вечнае — сцвярджае народная мудрасць. Калі ж выкінутыя на сметнік старая канапа або сапсаваны халадзільнік знойдуць сабе новых гаспадароў, то гэта не страшна. Іншая справа, калі ва ўмелыя рукі трапіць зброя, якая выйшла са строю...


Штогод ва Узброеных Сілах Беларусі выводзіцца з абароту прыкладна 60 тысяч адзінак лёгкай стралковай зброі. Часткова яе перадаюць у кадэцкія вучылішчы, школы, музеі, у клубы гістарычных рэканструкцый. Іншую ліквідуюць. Як лёгкая стралковая зброя ператвараецца ў груду металу, днямі прадэманстравалі ў 25-м арсенале ўзбраення, што ў Стаўбцоўскім раёне. За тым, як ажыццяўляецца ўтылізацыя, сачылі і міжнародныя эксперты.

Утылізацыя лёгкай стралковай зброі праводзіцца з выкарыстаннем абсталявання і інструментаў, закупленых Прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які рэалізуецца ў нашай краіне ўжо на працягу дзевяці гадоў. На гэтым этапе на фінансаванне праекта дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ і Еўрасаюзам ужо выдзелена звыш 3 мільёнаў долараў. Уклад Беларусі складае яшчэ больш як 2 мільёны долараў.

— Гэтая сума сувымерная з тымі затратамі, якія панеслі як краіны Еўрапейскага саюза, так і сусветная супольнасць у цэлым, — адзначыў намеснік міністра абароны па ўзбраенні — начальнік узбраення Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Ігар ЛАЦЯНКОЎ. — Сёння мы кажам аб тым, што з краіны, якая мела патрэбу ў фінансавай дапамозе, Беларусь сама стала «донарам» гэтага праекта. Спадзяюся, што дамоўленасці, дасягнутыя з прадстаўнікамі арганізацый, дазволяць нам у далейшым працягваць і ўдасканальваць гэтую работу, накіраваную ў першую чаргу на забеспячэнне захаванасці і якаснае ўтрыманне лёгкай стралковай зброі.

Як адзначыла намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Кацярына ПАНІКЛАВА, бяспека з'яўляецца адным з базавых правоў чалавека і мае важнае значэнне для ўстойлівага развіцця нацыі. «Летась кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў усіх краін падпісалі новыя мэты ўстойлівага развіцця, — дадала намеснік пастаяннага прадстаўніка. — Што яны азначаюць для Беларусі? Адна з іх кажа аб эфектыўных інстытутах, бяспецы і неабходнасці папярэджання гвалту, барацьбы з тэрарызмам і злачыннасцю. І Беларусь становіцца вядучай краінай у гэтым кірунку. За гэтыя гады вы здолелі не проста паказаць узоры лепшай практыкі, як змагацца з лёгкай стралковай зброяй, а і змаглі прыцягнуць такую колькасць «донараў».

Рэалізацыя праекта запланавана ў 13 воінскіх часцях нашай краіны. У сямі вайсковых злучэннях мерапрыемствы праграмы ўжо поўнасцю выкананы. Для завяршэння ўсяго запланаванага ёсць патрэба ў дадатковых грашовых сродках.

— Мы верым, што ў асобе Беларусі выбралі самага лепшага партнёра, з якім нам трэба будзе працаваць, — перакананы начальнік аддзела падтрымкі работы Форуму па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі Цэнтра па папярэджанні канфліктаў АБСЕ Робін МАСІНКОФ. — Беларусь з'яўляецца добрым прыкладам, як трэба супрацоўнічаць у рамках АБСЕ і Еўрасаюза. Тое, што мы ўбачылі на дэманстрацыі ўтылізацыі лёгкай стралковай зброі, паказала нам, што краіна можа не толькі атрымліваць, а і даваць, дзяліцца вопытам. Я ўпэўнены, што вашы Узброеныя Сілы могуць навучыць іншыя краіны, як трэба правільна дзейнічаць у рамках утылізацыі.

Як лічыць кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Джым КАЗЕНС, Беларусь знаходзіцца побач з 13 еўрапейскімі краінамі, таму вельмі важна, каб лёгкая стралковая зброя заставалася ў бяспецы. «Паспяховае завяршэнне рэалізацыі дадзенага праекта будзе важкім укладам Еўрапейскага саюза, Прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі, таксама АБСЕ ў справу нераспаўсюджвання лёгкай стралковай зброі ва ўсім свеце», — падкрэсліў міжнародны эксперт.

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзеля бяспекі ва ўсім свеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».