Вы тут

Налета — па новай кальцавой


Дарогі, як артэрыі ў арганізме, дапамагаюць цыркуляцыі грузавых патокаў па ўсёй краіне. Штодзень дарожнае палатно адчувае на сабе вялікія нагрузкі тысяч колаў. У сувязі з гэтым яго неабходна пастаянна падтрымліваць у належным стане, а таксама будаваць новыя дарогі. Усё гэта прадугледжана Дзяржаўнай праграмай па развіцці і ўтрыманні аўтадарог у краіне на 2015—2019 гады. Стратэгічнымі кірункамі яе рэалізацыі з'яўляюцца мадэрнізацыя і рэканструкцыя трас першай катэгорыі, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, будаўніцтва аўтамабільнай дарогі вакол Мінска (МКАД-2) і мадэрнізацыя транзітных калідораў. Больш падрабязна пра тое, на якім этапе знаходзіцца развіццё дарожнай сеткі, расказаў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.


Сродкі на праекты ёсць

Згодна з праграмай па развіцці і ўтрыманні аўтадарог, у краіне вылучылі шэраг стратэгічных праектаў, якім сёння ўдзяляюць найбольшую ўвагу. Такім з'яўляецца адна з самых загружаных дарог краіны М6 Мінск — Гродна. Паводле слоў Аляксея Аўраменкі, рэканструкцыя трасы М6 пачнецца ў найбліжэйшы час. Зараз завяршаюцца працэдуры па выбары падраднай арганізацыі. Ён таксама адзначыў, што першы ўчастак плануецца будаваць за кошт сродкаў Сусветнага банка.

«Што датычыцца другога ўчастка, то мы прапрацоўваем умовы фінансавання з кітайскім Эксімбанкам», — растлумачыў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый.

Акрамя гэтага, з выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў Эксімбанка працягваецца рэканструкцыя аўтадарогі М5 Мінск — Гомель. Летась рэканструкцыя завяршылася на ўчастку Жлобін — Гомель. Да 3 ліпеня гэтага года плануецца скончыць работы па напрамку Бабруйск — Жлобін.

Не менш важным праектам з'яўляецца рэканструкцыя аўтадарогі Р23 Мінск — Мікашэвічы, якая павінна завяршыцца сёлета ў кастрычніку. У цэлым на ўсе віды дарожных работ у 2016 годзе запланавана выдаткаваць 10,2 трлн рублёў.

Пабудуюць абавязкова

Па словах Аляксея Аўраменкі, будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол сталіцы (МКАД-2) завершыцца да 1 студзеня 2017 года. Асноўная задумка праекта — разгрузіць сталіцу ад транзітнага патоку аўтамабіляў, палепшыць экалагічную абстаноўку ў горадзе. Летась для руху быў адкрыты першы ўчастак МКАД-2 ад дарогі М3 Мінск — Віцебск да М6 Мінск — Гродна. Цяпер ідуць работы на ўчастку ад дарогі М6 Мінск — Гродна да М1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расіі. Нагадаем, што МКАД-2 будуецца з выкарыстаннем цэментабетоннага пакрыцця. Выдзяленне сродкаў для рэалізацыі праекта прадугледжана Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, удзел у фінансаванні прымае Банк развіцця. Таксама Аляксей Аўраменка адзначыў, што зараз Міністэрства транспарту і камунікацый сумесна з Міністэрствам фінансаў і Банкам развіцця вырашаюць пытанне аб дадатковым фінансаванні ў мэтах безумоўнага ўводу дарогі да 1 студзеня 2017 года. Пры гэтым ён растлумачыў, што праблем са сродкамі на праект няма: фінансаванне было першапачаткова запланавана не ў поўным аб'ёме з тым, каб вырашыць гэтае пытанне пазней.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?