Вы тут

Ці правільна лечаць інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам?


Галоўны ўрач Англіі Салі Дэвіс не так даўно заявіла, што ганарэя можа стаць невылечным захворваннем, і папярэдзіла ўчастковых урачоў аб неабходнасці прапісваць належны курс лячэння ад гэтага захворвання. Прычынай папярэджвання стала ўспышка так званай суперганарэі ў горадзе Лідсе, што на поўначы Англіі. У сакавіку тут быў выяўлены рэзістэнтны штам гэтага захворвання, які не паддаецца лячэнню антыбіётыкам азітраміцынам (яго звычайна прапісваюць разам з іншым прэпаратам — цэфтрыяксонам).

Наогул лекі ў дадзеным выпадку павінны выкарыстоўвацца ў комплексе, але гэта адбываецца не заўсёды. Калі ж прымяняецца толькі адзін сродак, бактэрыям лягчэй выпрацаваць устойлівасць да лячэння. Выпадкі антымікробнай рэзістэнтнасці, няўдалага лячэння ганарэі расследуюцца.

Аб тым, ці ёсць пагроза ўзнікнення такой сітуацыі ў нашай краіне, расказвае дацэнт кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Ірына ШЫМАНСКАЯ.


— Англійскія медыкі маюць справу з невылечнай формай ганарэі?

— Невылечных формаў ганарэі не існуе. Больш карэктна гаварыць пра фарміраванне менавіта рэзістэнтнасці, што звязана з нерацыянальнай антыбактэрыяльнай тэрапіяй, якая можа быць прызначана з прычыны не толькі самой ганарэі, але і нейкіх іншых бактэрыяльных інфекцый. У Вялікабрытаніі, ды і ў шэрагу іншых краін свету, даволі працяглы час прымяняліся аднаразовыя методыкі лячэння ганакокавай інфекцыі — гэта азначае, што пацыент прымаў адну таблетку або рабіў адну ін'екцыю. Дозы лекаў у такіх выпадках былі ў 2-4 разы ніжэйшыя за тыя, што прымяняюцца, напрыклад, у нас. Свае стандарты лячэння мы зацвярджалі пры ўдзеле замежных спецыялістаў яшчэ ў 2009 годзе, і ўжо тады было зразумела, што кароткія схемы і нізкія дазіроўкі прыводзяць да фарміравання рэзістэнтных формаў захворвання. Беларусь не пайшла па такім шляху, а прыняла ўдзел у вялікім міжнародным праекце, падтрыманым Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, па маніторынгу антыбактэрыяльнай рэзістэнтнасці ганакокавай інфекцыі. Работа пачалася з супрацоўніцтва са шведскім бокам. Раз у год мы адпраўлялі і працягваем адпраўляць у Швецыю ўзоры ганакокавых культур для таго, каб высвятляць, ці няма ў бактэрыях храмасомных змяненняў, якія адказваюць за фарміраванне рэзістэнтных формаў. Рэферэнтны цэнтр на базе інстытута мікрабіялогіі таксама займаецца адсочваннем сітуацыі. Рэзістэнтнай ганакокавай інфекцыі ў нашай краіне няма.

Больш-менш устойлівыя формы калі і з'яўляюцца, то да антыбіётыкаў, якія застаюцца ў безрэцэптурным водпуску, скажам, да тэтрацыклінаў.

— Якія яшчэ палавыя інфекцыі лечацца антыбіётыкамі? У якіх выпадках размова можа ісці пра ўстойлівасць?

— Найбольш распаўсюджаныя бактэрыяльныя інфекцыі — мікаплазмоз, хламідыёз, трыхаманіяз, бактэрыяльны вагіноз. Усё гэта лечыцца паводле стандарту, які пераглядаецца кожныя пяць гадоў. Аднак пакуль мы нічога не мянялі з 2009 года — дзеючыя пратаколы не страцілі сваёй актуальнасці. Рызыка развіцця ўстойлівасці да антыбіётыкаў захоўваецца ва ўсіх бактэрый. Таму што калі ў пацыента сфарміравалася рэзістэнтнасць да антыбіётыкаў адной групы (напрыклад, супрацьстафілакокавых), то існуе верагоднасць, што калі ён захварэе ганакокавай інфекцыяй, мікраарганізмы абмяняюцца гэтай інфармацыяй. Таму рэгулярны маніторынг вельмі важны, асабліва ў дачыненні да бактэрый, здольных часта мяняцца, прыстасоўвацца — як тая ж мікаплазма.

— Ці праўда, што інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, наогул дрэнна лечацца?

— Гэта магло быць праўдай гадоў пятнаццаць таму, калі не існавала стандартнай дыягностыкі, мы карысталіся метадамі, якія не былі скіраваныя на выяўленне ДНК узбуджальніка — імунаферментным аналізам, рэакцыяй імунафлюарэсцэнцыі, — а гэта ўскосныя метады выяўлення інфекцый. Акрамя таго, антыбактэрыяльная тэрапія таксама не была стандартызаваная, і кожны ўрач рабіў прызначэнні зыходзячы з уласнага ўяўлення аб захворванні. Якасць лекавых прэпаратаў таксама была іншай. Сёння тэхнічная праблема дыягностыкі ліквідавана, прычым па ўсёй краіне. Паўсюдна ёсць магчымасць правядзення малекулярна-генетычнай дыягностыкі шляхам полімеразна-ланцуговай рэакцыі. Дыягназ, такім чынам, выстаўляецца на аснове вельмі дакладных метадаў даследавання. Нашы ўрачы маюць ужо добрае ўяўленне аб тым, як працуюць сучасныя антыбіётыкі.

Цяпер самым важным застаецца адно — адсутнасць гэтай самай рэзістэнтнасці, або ўстойлівасці, бо калі яна сфарміруецца, то не дапаможа ні якасная дыягностыка, ні якаснае лячэнне.

— Але і такім пацыентам ёсць магчымасць дапамагчы?

— Калі ў пацыента сфарміраваўся храмасомны тып мутацый, які абумоўлівае антыбактэрыяльную ўстойлівасць, тады размова ідзе аб індывідуальным падборы антыбіётыкаў.

— Колькасць выпадкаў палавых інфекцый расце ці зніжаецца?

— Сумарная колькасць такіх інфекцый стабільна зніжаецца апошнія дзесяць гадоў да ўзроўню фактычна еўрапейскіх краін дзякуючы скаардынаваным намаганням. Вы, напэўна, ведаеце, што 1,5 працэнта беларускага насельніцтва перанесла сіфілітычную інфекцыю. Такі выбух адбыўся пасля распаду былога Саюза, аднак паступова было шмат зроблена па перааснашчэнні, адаптацыі стандартаў лячэння, у абавязковым парадку пачалі здаваць аналіз на інфекцыі цяжарныя. Што датычыцца інфекцый, якія не з'яўляюцца класічнымі венерычнымі, напрыклад мікаплазмозу, бактэрыяльнага вагінозу, герпеснай інфекцыі 2 тыпу і некаторых іншых, то яны пакуль застаюцца досыць распаўсюджанымі. Актыўнасць іх залежыць ад стану імуннай сістэмы, наяўнасці эндакрыннай паталогіі, тактыкі лячэння палавых партнёраў.

Што такое ганарэя?

Гэта захворванне, якое выклікае ўзбуджальнік Neіsserіa gonorrhoae.

Інфекцыя распаўсюджваецца пры вагінальным, аральным або анальным палавым кантакце. Суправаджаецца выдзяленнямі з палавых органаў, болем падчас мочаспускання, кровацячэннямі ў жанчын і іншымі сімптомамі. Часта нейкіх яўных сімптомаў можа і не быць, але пры гэтым інфекцыя будзе з лёгкасцю перадавацца. Нявылечаная ганарэя прыводзіць да бясплоднасці, запаленняў тазавых органаў і можа перадавацца дзіцяці падчас цяжарнасці.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Асцярожней з антыбіётыкамі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».