Вы тут

Дзеячы культуры і мастацтва РБ адзначаны дыпломамі і ўзнагародамі


Традыцыйная сустрэча міністра абароны з прадстаўнікамі творчых саюзаў і арганізацый, а таксама прэзідыумам Рэспубліканскай камісіі па шэфстве работнікаў культуры і мастацтва над асабовым складам Узброеных Сіл адбылася ўчора ў Драматычным тэатры беларускай арміі.


— Ва ўсе часы маральны дух людзей адыгрываў ключавую ролю ў забеспячэнні бяспекі, — звяртаючыся да прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, адзначыў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — І ў сучасных умовах, калі менавіта свядомасць чалавека становіцца галоўным прадметам уздзеяння і ўрэгулявання, культура і мастацтва з'яўляюцца найважнейшымі фактарамі забеспячэння бяспекі. Важкую ролю ў захаванне святых традыцый уносяць армейскія творчыя калектывы, у тым ліку і лаўрэаты тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Звязда», установы культуры ваеннага ведамства.

Узгадаўшы мерапрыемствы па святкаванні 71-й гадавіны Перамогі ў Другой сусветнай вайне, кіраўнік сілавога ведамства адзначыў, што перамога ў той вайне — не толькі ваенная, але і духоўная. «І той гістарычны факт, што ў 1941 годзе Савецкі Саюз стаў самай чытаючай краінай у свеце, адыграў вырашальную ролю ў бітве з ворагам чалавецтва, — перакананы Андрэй Раўкоў. — Галоўным жа ўрокам мінулай вайны з'яўляецца тое, што нельга дапусціць паўтору трагедыі, неабходна ўсім магчымым арсеналам мер захаваць мір і стабільнасць. Гэты ўрок асабліва актуальны сёння, у год
75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны».

Толькі сёлета пры непасрэдным удзеле ваенна-шэфскай камісіі быў рэалізаваны шэраг патрыятычных праектаў, якія заслужана атрымалі высокую ацэнку грамадства.

— Мы, творчыя людзі, добра разумеем, што без духоўнага здароўя грамадзян нашай краіны, асабовага складу Узброеных Сіл немагчыма забеспячэнне бяспекі Айчыны, — падкрэсліў народны артыст СССР і Беларусі, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, старшыня камісіі Ігар ЛУЧАНОК. — Мы ўдзячны кіраўніцтву Міністэрства абароны за нязменную падтрымку традыцый высокай культуры, стварэнне неабходных умоў для арганізацыі працы творчых калектываў краіны, развіццё армейскіх устаноў культуры. Беларусь, напэўна, адзіная краіна ў свеце, дзе за апошнія 25 гадоў створаны армейскі тэатр.

Штогод на ваенную тэматыку з'яўляюцца новыя творы. Толькі летась мастацкі фонд студыі ваенных мастакоў папоўніўся новымі яркімі творцамі выяўленчага мастацтва. За мінулы год студыяй праведзена пяць тэматычных выставак у абласных і раённых цэнтрах краіны. Адметна, што да мастакоў-«старажылаў» далучаюцца маладыя аўтары. Сярод іх — Аляксандр Асядоўскі, работы якога «Вышыня» і «Непазбежнасць расплаты» папоўнілі скарбонку твораў на ваенную тэму. Як прызнаўся мастак, гэта яго дэбют. Дагэтуль у сваёй творчасці ён закранаў іншыя сферы жыцця. На далейшыя творы мастака натхніла начная пасадка самалётаў на аўтатрасу, на якой яму давялося папрысутнічаць.

Актыўна працуе і студыя ваенных пісьменнікаў. Яны рэгулярна выязджаюць у воінскія часці, выступаюць перад курсантамі Ваеннай акадэміі і вайсковых факультэтаў іншых ВНУ. І, вядома, з'яўляюцца новыя творы. Адзін толькі Вячаслаў Бандарэнка летась выдаў тры кнігі, на днях убачыла свет яшчэ адна. І ва ўсіх іх адзін лейтматыў — любоў да Айчыны, гістарычнага мінулага, павага да абаронцаў.

«Армія — усё маё жыццё, — гаворыць пісьменнік і тэлевядучы Вячаслаў Бандарэнка. — І ў гэтым ёсць нават парадокс, бо ў мяне няма ніякага воінскага звання і, па аб'ектыўных прычынах, у ваеннае вучылішча мяне не ўзялі. Тым не менш усе мае продкі з часоў Мікалая І былі афіцэрамі: бацька, дзед, прадзед і прапрадзед насілі пагоны палкоўніка. Ва ўсіх апошніх войнах, уключаючы падзеі ў Афганістане, мая сям'я ўдзельнічала. Таму тое, што я звярнуўся да ваеннай тэматыкі, абсалютна не дзіўна. Больш за тое, я абсалютна перакананы, што афіцэрскі корпус — гэта эліта грамадства».

— Што кіруе светам? Многія лічаць, што долар, нафта і газ, — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір МАКАРАЎ. — І калі ім кажуць, што светам кіруе нематэрыяльнае, здзіўляюцца. Матэрыяльнае — сфера прагматыкі і статыстыкі. Што тычыцца душы і духоўных фактараў, то гэта сфера будучыні, сэнсаў, найвялікшых сімвалаў. Менавіта культура сцвярджае самыя высокія сэнсы. І беларуская армія сёння верная традыцыям высокай культуры.

Дарэчы, сярод узнагароджаных Міністэрствам абароны — і фотакарэспандэнт газеты «Звязда» Сяргей Нікановіч, творчасць якога ў выглядзе фотаздымкаў таксама ўплывае на выхаванне патрыятызму і любові да роднай зямлі.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Культура як фактар бяспекі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.