Вы тут

Самыя, самыя... мультфільмы


На парозе лета, а значыць, у большасці школьнікаў пачнуцца канікулы — ідэальны час для любімых гульняў, кніг і, канешне, мультфільмаў, ад якіх некаторых дзяцей літаральна за вушы не адцягнеш. А вы, шаноўныя бацькі, і не адцягвайце — лепш прадэманструйце, што і вы таксама ў тэме, і раскажыце пра мультфільмы што-небудзь гэткае. Напрыклад, пра тое, што...


На званне першага ў свеце мультфільма прэтэндуюць адразу некалькі работ. Сярод іх, напрыклад, «аптычны тэатр» французскага вынаходніка, інжынера-самавучкі і мастака Эміля Рэйно. Ён спалучыў так званы «чароўны ліхтар» (прылада, якая праецыравала на белы экран любую выяву ў павялічаным выглядзе) і заатроп (сканструяваную ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прыладу, якая дазваляла разглядаць шэраг асобных карцінак як бесперапынны плаўны рух). Ужо ў 1892 годзе, да пачатку афіцыйнага адліку гісторыі кінематографа, Рэйно дэманстраваў публіцы ў прыватным парыжскім музеі свае маляваныя гісторыі. Адна з іх, «Вакол кабіны», датаваная 1893 годам, захавалася да сёння. Для яе мастак уласнаручна маляваў на доўгіх папяровых стужках 636 кадраў — тытанічная на той час праца! Яшчэ адзін прэтэндэнт на пальму першынства ў мультыплікацыі — рухомыя малюнкі, якія аднымі з першых знялі на кінастужку амерыканцы Джэймс Сцюарт Блэктан і Томас Эдысан. Яны назвалі свой фільм «Камічныя фазы смешных тварыкаў» і прадставілі яго шаноўнай публіцы ў 1906 годзе.

Самы дарагі за ўсю гісторыю кіно мультфільм — «Рапунцэль: Заблытаная гісторыя», выпушчаны кампаніяй Уолта Дыснея ў пракат у 2010 годзе. Бюджэт гэтай анімацыйнай стужкі склаў, на хвіліначку, больш за 260 мільёнаў долараў (прыкладна столькі ж было выдаткавана на здымкі кінатрылогіі «Уладар пярсцёнкаў»)!

Не ўсе анімацыйныя гісторыі аднолькава карысныя. Так, антырэкорд па шкодзе, нанесенай здароўю гледачоў, паставіў японскі мультфільм, зроблены паводле камп'ютарнай гульні «Pocket Monsters» у 1997 годзе. Больш як 700 дзецям спатрэбілася тэрміновая медыцынская дапамога з-за сутаргаў, справакаваных сцэнай выбуху і працяглым мігценнем святла ў вачніцах персанажа Пікачу. І гэта, безумоўна, самы шкодны ў свеце мультфільм — у прамым сэнсе слова.

Самы доўгі мультсерыял у свеце — сітуацыйная камедыя «Сімпсаны», якая складаецца прыкладна з 500 серый. Стваральнікі гэтага мультфільма не толькі жартавалі з палітыкаў і знакамітасцяў, рабілі пародыі на сусветныя брэнды, але і закранулі многія далікатныя пытанні сучаснага грамадства, культуры і нават рэлігіі.

Самы маленькі мультфільм стварылі ў 2013 годзе супрацоўнікі навуковай лабараторыі ІBM з Сан-Хасэ. Мульцік «Хлопчык і яго Атам» («A Boy and hіs Atom») складаецца з 242 кадраў, зробленых шляхам перастаноўкі асобных малекул закісу вугляроду на спецыяльнай раме памерам 45х25 нанаметраў.

Найлепшым мультфільмам усіх часоў і народаў абраны ў 2003 годзе «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна — гэта выбар 140 мастакоў-мультыплікатараў і кінакрытыкаў з розных краін свету.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.