Вы тут

У Магілёве дзецям падчас канікулаў прапануюць падзарабіць


Магіляўчанка Наталля Бажанава на гарадскі бацькоўскі сход у магілёўскую гімназію №1 трапіла выпадкова. Наведаць яго параіла класная кіраўніца яе дачкі з гімназіі №3. Маўляў, там падрабязна раскажуць, чым і як заняць у вольны час дзяцей, куды адправіць адпачыць і нават, дзе ёсць магчымасць падзарабіць. І Наталля пайшла. Наперадзе канікулы, трэба думаць, куды прыладзіць дзяцей. У жанчыны іх, дарэчы, трое і ўсе — школьнікі. Яна нават не чакала, што атрымае столькі карыснай інфармацыі. Прычым з першых жа вуснаў. Бо на сходзе прысутнічалі не толькі эксперты па лініі адукацыі, але і прадстаўнікі службы занятасці, санстанцыі, наркадыспансера, МНС, ДАІ.


Так­тыль­ную кні­гу дзе­ці ра­бі­лі ў па­да­ру­нак.

Сумаваць не давядзецца

Юных магіляўчан чакаюць 6 загарадных лагераў — «Зара» ад Магілёўхлебпрама, «Любуж» ад Магілёўскай міжрайбазы, «Сосны» ад Магілёўхімвалакна, «Чайка» ад Лаўсанбуда, «Дубравенка» ад Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, «Ластаўка» ад Магілёўскага мясакамбіната. Кошт пуцёўкі ад 3,5 мільёна, бо гэта месцы адпачынку з кругласутачным знаходжаннем. Ёсць лагеры больш танныя — дзённага знаходжання. Там бацькоўская даплата складае для дзяцей ад 6 да
10 гадоў — 130 тысяч рублёў, ад 11 да 13 — 223 тысячы, ад 14 да 17 гадоў — каля 296 тысяч рублёў. Але гэта далёка не ўсё, што горад можа прапанаваць сваім юным жыхарам. Шмат цікавага на лета запланавалі ўстановы спорту, турызму і адукацыі. Каб бацькам лягчэй было арыентавацца ў моры інфармацыі, іх запрасілі падзяліцца на невялікія групы і прайсціся па сямі аўдыторыях, дзе спецыялісты кожны па сваёй тэме праінструктавалі наконт супрацьпажарнай і дарожнай бяспекі, наркотыкаў і дэпрэсіўных станаў, спорту і турызму, культурных мерапрыемстваў і працоўнай занятасці. Пасля гэтых прэзентацый бацькі нават у чэргі выстройваліся па буклеты і візіткі з карыснымі тэлефонамі і адрасамі. Яшчэ на працягу тыдня ў горадзе будуць праходзіць агульнагарадскія бацькоўскія сходы, дзе ў ролі кансультантаў выступяць у тым ліку і яны. Выбар для адпачынку і занятасці непаўналетніх ёсць, але, як звяртаюць увагу арганізатары мерапрыемства, гэта не значыць, што бацькі павінны самаўхіліцца. Галоўную адказнасць за бяспеку, паводзіны і жыццё сваіх сыноў і дачок нясуць у першую чаргу яны. І павінны заставацца для іх добрым прыкладам.

Працоўная кніжка для непаўналетняга

Больш за ўсё было пытанняў да спецыялістаў па працаўладкаванні. Яно і зразумела: дзецям заўсёды цікава зарабіць свае першыя грошы, а бацькам убачыць, што іх сын або дачка атрымліваюць азы самастойнага працоўнага вопыту. Да таго ж існуе дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае фінансаванне часовай занятасці моладзі з пазабюджэтнага фонду Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

— На гэты год у нас выдзелена 1 мільярд 390 мільёнаў рублёў, каб мы працаўладкавалі 700 чалавек, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Марыя Шапнеўская. — Але колькасць прапаноў можа быць і большай. Працаўладкаванне моладзі ідзе па двух кірунках — за кошт фінансавання, якое выдзелена дзяржавай, і за кошт заявак арганізацый, якія звяртаюцца да нас непасрэдна і прапаноўваюць розныя вакансіі.

У спісе 41 арганізацыя, дзе будуць рады падлеткам. Сюды ўваходзяць і ўстановы адукацыі, і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, і ўстановы адукацыі з дадатковай адказнасцю, Дом дзіцяці...

Зарабляць грошы дазваляецца ўжо з 14 гадоў, але павінна быць на гэта згода не толькі дзіцяці, але і бацькоў. Калі яны не супраць, трэба паклапаціцца пра медыцынскую даведку, зрабіць пашпарт і ўзяць даведку з установы адукацыі, каб было бачна, што суіскальнік пакуль што навучэнец. Да ведама, па заканадаўстве падлеткі з 14 да 16 гадоў працуюць не болей за 4 гадзіны 36 хвілін, з 16 да 18 гадоў — 7 гадзін.

Атрымаць свой першы працоўны вопыт можна ў лагерах працы і адпачынку. Такой магчымасцю змогуць скарыстацца 310 дзяцей ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Бацькоўская даплата ў гэтым выпадку складзе 215 800 рублёў. З дапамогай гэтых маладых людзей будуць прыведзены ў парадак класы, добраўпарадкавана тэрыторыя. «Справа добрая. Тое, што падлетак зробіць сваімі рукамі, ён ужо не будзе ламаць. І іншаму параіць не рабіць гэтага», — лічыць намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

Цяжэй знайсці працу 14-гадовым. У асноўным іх рукі запатрабаваны па месцы вучобы або ў цэнтрах творчасці. Як адзін з варыянтаў — стварэнне ручных вырабаў у розных тэхніках: мазаіка, маляванне акрылавымі фарбамі, шклярус, карціны са скуры. Карысць двайная: авалодваеш рамяством ды яшчэ і грошы за гэта атрымліваеш. Невялікія, але ж заробленыя. Іншая справа, што вышываць, або маляваць — гэта, хутчэй, дзвявочы занятак. Хлопчыкі менш уседлівыя. Ім больш пасуюць мужчынскія работы. Напрыклад, стэнд для школы зрабіць, або мэблю падрамантаваць. Тыя, каму споўнілася 16 гадоў, змогуць выпрабаваць сябе на сельгасработах па зборы парэчкі ці вішні. Па гэтай частцы трэба звяртацца непасрэдна ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Заробкі, натуральна, розныя. Пры разліку ўлічваецца ўсё — як падлетак працаваў, колькі часу, дзён. І абавязкова заводзіцца працоўная кніжка.

«Летась сярэдні заробак за 2 тыдні складаў 700 тысяч рублёў, — кажа Марыя Уладзіміраўна. — Больш за ўсё можна зарабіць на ягадах. У сярэднім маладыя людзі зараблялі 120 тысяч рублёў за дзень, а некаторыя аб'ядноўваліся ў брыгады, рабілі больш і атрымлівалі па
300 тысяч».

Падказаць варыянты з працай могуць таксама ў цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі. Па лініі БРСМ магчымасць зарабіць даюць часцей за ўсё студэнцкія атрады. Фарміруюцца яны на базе прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў менавіта з навучэнцаў ці студэнтаў. Атрады дзеляцца на сэрвісныя, педагагічныя, будаўнічыя і гэтак далей, якія працуюць як у горадзе, так і па-за яго межамі. Напрыклад, магілёўскія студэнты ўжо трэці год прымаюць удзел у будаўніцтве Беларускай АЭС. «Каб трапіць на АЭС, трэба быць членам нашай арганізацыі, мець добрыя рэкамендацыі з ВНУ, бо гэта вельмі адказная і ганаровая праца. Ад Магілёва на будоўлю едзе ўсяго 40 чалавек. Усе яны пройдуць спецыялізаваную падрыхтоўку па тэхніцы бяспекі і ахове працы. Там, вядома, не лёгка, але ж і заробак годны. Летась за 2 месяцы маладыя людзі па 15 мільёнаў зарабілі», — расказала першы сакратар Магілёўскага гаркама БРСМ Анастасія Мацюліна.

А вось для школьнікаў БРСМ можа прапанаваць хіба што разавую работу. Напрыклад, у горад прыязджае цырк і ёсць патрэба ў дапамозе па распаўсюджванні флаераў, улётак і гэтак далей. Часам па такую ж дапамогу звяртаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі або нейкія арганізацыі. Прэтэндэнты выбіраюцца з ліку тых, хто пакінуў свае каардынаты. Таму, калі жадаеце падзарабіць, трэба паклапаціцца загадзя.

Душэўная дапамога

Дзеці ёсць дзеці, з боку, магчыма, яны і здаюцца самаўпэўненымі, але ім усё яшчэ не хапае ўвагі, любові, спачування, яны лягчэй паддаюцца чужому ўздзеянню. Але небяспечныя думкі рэдка прыходзяць у галаву тых, у каго час распісаны па хвілінах. Гурткі, акцыі, хатнія абавязкі, другасная занятасць — усё гэта добра адцягвае ўвагу ад негатыўных праяў. Вунь заняткі ў творчых калектывах гімназіі №1 адкрылі дарогу на зорны алімп некаторым яе навучэнцам. Сярод іх Насця Дмітрачкова — удзельніца праекта «Голас».

Зразумела, усе дзеці розныя і адзінага рэцэпту, як пазбегнуць складанасцяў, няма. Таму не лішнім будзе мець на ўвазе і ў кішэні тэлефоны тых, хто можа падказаць выйсце з цяжкага становішча — школьных псіхолагаў, спецыялістаў медыцынскіх устаноў, наркадыспансера.

Пры цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі «Агат», «Крынічка», «Эверэст» працуюць псіхалагічна-педагагічныя службы, якія дапамагаюць разабрацца ў заблытаных справах.

Протаіерэй Андрэй Купцоў параіў знайсці час прыйсці разам з дзецьмі ў храм. «Не трэба дзецям казаць пра Бога. Скажыце больш пра сваіх дзяцей Богу», — прапанаваў ён. У храмах ёсць магчымасць пагутарыць са свяшчэннікам, паўдзельнічаць у паломніцтвах, запісацца ў гурток, уступіць у праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб «Перасвет». У настаяцеля храма Святых Царскіх Пакутнікаў протаіерэя Сяргея Белавуса, які ў Магілёўскай епархіі адказны за працу з моладдзю, можна даведацца, як трапіць у праваслаўны лагер ці, дзе папрацаваць валанцёрам. Гэта, праўда, не аплачваецца, бо робіцца ў Славу Божую. Калі ты дапамагаеш іншым, ты ўжо не адзінокі. Гімназія №1, дзе адбыўся сход, даўно сябруе са шклоўскай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку. Чацвёртакласнікі Іван і Мілана прадэманстравалі вялікую тактыльную кнігу, якую тутэйшыя навучэнцы зрабілі для сваіх сяброў. Калі знаходзіш час на такія справы, асабістыя перажыванні адыходзяць на другі план. Нездарма кажуць: калі табе дрэнна, успомні пра тых, каму яшчэ горш.

  • Студэнты і навучэнцы

У складзе студэнцкіх атрадаў Магілёўскай вобласці будзе часова працаўладкавана каля 10 тысяч чалавек. Гарадской маладзёжнай будоўляй аб'яўлены мост цераз раку Днепр у Магілёве, абласной — добраўпарадкаванне гістарычнай часткі Мсціслава ў межах вуліц Першамайскай і Урыцкага. Па міжнароднай пуцёўцы ў Анапу паедуць 2 студэнцкія атрады (сэрвісны і педагагічны) агульнай колькасцю 20 чалавек — Магілёўскі абласны камітэт БРСМ заключыў дагавор з філіялам лячэбна-аздараўленчага комплексу «Зорачка-Поўдзень». Першыя дзесяць чалавек ужо адправіліся на Чорнае мора.

  • Школьнікі

Па дагаворах з упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гаррайвыканкамаў будуць працаваць 3,5 тысячы падлеткаў Магілёўшычыны; у складзе працоўных атрадаў — 7 тысяч старшакласнікаў, у вучнёўскіх вытворчых і сельскагаспадарчых брыгадах — каля 15 тысяч; індывідуальнай працоўнай дзейнасцю будзе займацца
3 тысячы чалавек; валанцёрскай працай — звыш 6 тысяч.

  • Лагеры

Кругласутачнае аздараўленне дзяцей і падлеткаў Магілёўскай вобласці будзе ажыццяўляцца на базе 46 стацыянарных лагераў і арандаваных баз. На тэрыторыі рэгіёна ў летні перыяд будуць працаваць больш за 500 дзённых лагераў, 110 профільных кругласутачных, 9-дзённых і 100 лагераў працы і адпачынку. Плануецца аздаравіць 2820 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і 566 дзяцей-інвалідаў у кругласутачных і дзённых лагерах.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Занятак для шкаляра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.