Вы тут

6 тысяч аздараўленчых лагераў прымуць дзяцей на летніх канікулах


Больш як 6 тысяч аздараўленчых лагераў усіх тыпаў прымуць дзяцей на летніх канікулах у бягучым годзе. Сёлета жаданне аздаравіцца выказалі 349,4 тысячы чалавек (143,4 тысячы — у кругласутчаных летніках і 206 тысяч — у дзённых). Гэта самы высокі паказчык за два апошнія гады. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК.


Летась добра зарэкамендавала сябе акцыя «Лета на карысць», таму яна працягнецца. Ва ўсіх рэгіёнах будуць працаваць профільныя лагеры самай рознай накіраванасці: экалагічныя, біялагічныя, тэхнічныя, гісторыка-археалагічныя, сацыяльна-педагагічныя, матэматычныя, грамадска-гуманітарныя, лінгвістычныя, лагеры для актывістаў грамадскіх арганізацый, для высокаматываваных і адораных дзяцей, мастацкія, харэаграфічныя, ваенна-патрыятычныя, абаронна-спартыўныя, прававыя, педагагічныя і г.д. Традыцыйна папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў карыстаюцца турыстычныя палатачныя кругласутачныя лагеры. Такі від аздараўлення запатрабаваны ў непаўналетніх, у тым ліку, і з прычыны невысокага кошту пуцёўкі: бацькоўская даплата ў сярэднім складзе ад 300 да 600 тысяч рублёў.

Навінкай гэтага лета стануць прафарыентацыйныя аздараўленчыя летнікі для дзяцей і падлеткаў. «Напрыклад, у Гомельскай вобласці будуць адкрыты прафарыентацыйныя лагеры на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў рамках праекта «Прафесійныя канікулы», — расказаў Віктар Якжык. — Яго каардынатарам выступаюць упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі і Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Асноўны прынцып праграмы выхавання ў такім лагеры — правядзенне тэматычных дзён з вывучэннем розных прафесій».

У чэрвені Гомельскай памежнай групай сумесна з упраўленнем адукацыі будзе праведзены адкрыты турнір па памежнай эстафеце сярод атрадаў устаноў адукацыі «Юны сябар пагранічніка». Акрамя таго, у чэрвені стартуюць чатыры абласныя акцыі па арганізацыі карыснай занятасці дзяцей: «Героі сярод нас» (знаёмства дзяцей з біяграфіяй і дзейнасцю вядомых людзей рэгіёна), «Лета ў аб'ектыве турыстаў: цуды прыроды», «Крылы лета» (сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Ахова птушак Бацькаўшчыны») і «Школьныя канікулы разам з тэхнікай». Каардынаваць удзел школьнікаў і педагогаў у акцыях будуць абласныя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У ліпені на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту сумесна з іншымі зацікаўленымі пройдуць 2 змены абласнога праекта «Курсант-Ты!» для 50 падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх з раёнаў вобласці. Аналагічныя праекты праводзяцца ў рамках ваенна-патрыятычных лагераў у Мазыры, Светлагорску, Рэчыцы, Гомелі.

Віктак Якжык канстатаваў павелічэнне з кожным годам колькасці ахопленых аздараўленнем дзяцей-інвалідаў. Летась гэты паказчык склаў 4 700 чалавек.

А 27 мая ўжо афіцыйна стартаваў аздараўленчы сезон. На першую змену ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» адправіліся 1230 дзяцей. «Гэта максімальная колькасць, якую мы можам прыняць, — патлумачыла яго дырэктар Надзея АНУФРЫЕВА.

Трапіць летам у «Зубраня» мараць вельмі многія, таму пуцёўкі разбіраюцца яшчэ зімой. Вось ужо не першы год у «Зубраняці» апрабуецца мадэль «Лагер у лагеры». Пад профільныя змены для падлеткаў ад 12 гадоў і старэйшых задзейнічаюць палатачныя летнікі. «Гэта не азначае, што дзеці спяць у спальніках на зямлі. У палатках з драўлянымі насціламі ўстаноўлены ложкі, ёсць санітарныя блокі. Плюс дзеці карыстаюцца ўсёй інфраструктурай нашага цэнтра», — удакладніла Надзея Ануфрыева.

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Лета на карысць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».