Вы тут

Міграцыя пад мікраскопам


Апошнім часам разнастайныя праблемы, звязаныя з міграцыяй, актыўна абмяркоўваюцца на міжнародных канферэнцыях і ў сусветных сродках масавай інфармацыі. І гэта зразумела: перасяленне людзей уплывае на ўсе галіны грамадскага жыцця — бяспеку, культуру, эканоміку і нават палітыку. Менавіта таму міграцыя і пытанні, з ёй звязаныя, увайшлі ў Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які летась у верасні ўхваліла Генеральная Асамблея ААН. А як з гэтым абстаяць справы ў нашай краіне?


— Беларусь непасрэдна міграцыйны крызіс у Еўрасаюзе не закрануў, — гаворыць старшыня прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь Зейнал Гаджыеў. — Але праз тое, што мы непасрэдна мяжуем з гэтай супольнасцю і з'яўляемся транзітнай краінай, водгукі гэтага крызісу далятаюць і да нас. За апошнія гады Беларусь сутыкнулася сама меней з трыма тэндэнцыямі, якія істотна ўплываюць на міграцыйную сітуацыю ў краіне.

Прычыны, якія прымушаюць людзей здымацца з роднага месца і шукаць шчасця ў іншых гарадах ці нават дзяржавах, розныя. Хтосьці шукае лепшай долі, а нехта ўцякае ад вайны. Але гэта так званыя «адвечныя» прычыны міграцыі. Цяпер на яе істотна ўплывае імклівае развіццё інфармацыйных, транспартных і камунікацыйных тэхналогій. Рухавіком яе з'яўляецца недахоп працоўнай сілы ў адных краінах і залішняя прапанова ў іншай, разнастайныя дэмаграфічныя фактары. Як вынік, у свеце немагчыма адшукаць краіну, якая не адчула б на сабе ўплыў міграцыі — як пазітыўны, так і негатыўны.

Усё болей узрастае значнасць працоўнай міграцыі. Па звестках Міністэрства ўнутраных спраў, Беларусь — гэта краіна як паходжання, так і прызначэння такіх перасяленцаў. У топ-6 краін, адкуль да нас едуць працаўладкоўвацца, уваходзяць Кітай, Узбекістан, Турцыя і Літва. Цікава, што летась да нас з гэтай мэтай прыехалі больш за дзве тысячы грамадзян Расіі. А вось пальму першынства тут стала ўтрымлівае Украіна. Усяго ў 2015 годзе да нас адтуль пераехалі крыху больш за 14 тысяч чалавек — фактычна насельніцтва невялікага раённага цэнтра. Гэта і ёсць другая асаблівасць міграцыйных працэсаў у Беларусі: за год да пачатку вядомых падзей на паўднёвым усходзе Украіны да нас прыбыла адтуль удвая менш людзей. Акрамя таго, значна вырасла нерэгулярная транзітная міграцыя праз нашу тэрыторыю.

Вырастаюць лічбы і эмігрантаў — калі ў 2014 годзе за межы Беларусі на працу выехаў 5.441 чалавек, то летась іх стала болей амаль на 900. Абсалютная большасць людзей з Беларусі кіруецца ў Расію: адбіваецца геаграфічная блізкасць і валоданне мовай. На другім месцы з гіганцкім адрывам у 14 разоў знаходзяцца Злучаныя Штаты Амерыкі.

З-за транзітнага становішча для нашай краіны характэрная нелегальная міграцыя. Толькі летась нашы праваахоўнікі спынілі 21 такую арганізаваную групу. Праз нашу тэрыторыю незаконна прабіраліся грамадзяне Сірыі, В'етнама, Іарданіі, Лівана, Егіпта, Ірака і нават Шры-Ланкі.

— Тым не менш у 2014 і 2015 гадах палітыка ў галіне міграцыі дазволіла кантраляваць міграцыйныя плыні і паставіць добры заслон незаконнай міграцыі, — лічыць намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Мельчанка. — Узровень злачыннасці мігрантаў не перавышае 1,4%. Яна не ўплывае на агульную крымінагенную абстаноўку. Два апошнія гады з Сірыі ідзе прыём дазіраваны. І мы ствараем пэўныя ўмовы для адаптацыі іх у нашай краіне. Таксама прыязджаюць да нас уцекачы і з іншых краін, ахопленых узброенымі канфліктамі, — з Емена, Ірака і Афганістана.

Міграцыя цяпер, па сутнасці, гэта прадмет вострых палітычных дыскусій на пляцоўках любога ўзроўню: нацыянальных, рэгіянальных і глабальных. Але ўсё часцей пра яе разважаюць пераважна ў негатыўным сэнсе. А гуманітарны складнік адыходзіць на другі план. Зрэшты, як і велізарны пазітыўны патэнцыял, які нясе ў сабе міграцыя. І яго трэба рознымі шляхамі выкарыстоўваць. Датычна Беларусі варта згадаць працоўных мігрантаў. Часта яны запаўняюць тыя вакансіі, якія мясцовыя жыхары не разглядаюць у якасці крыніцы атрымання даходу па розных прычынах. Яны дапамагаюць дзяржаве, плацячы падаткі, і ствараюць дабрабыт для сваёй сям'і. Вось так і атрымліваецца патэнцыял як для краіны паходжання мігрантаў, так і для краіны іх прыёму.

Сістэма прадастаўлення прытулку, якая дзейнічае ў Беларусі, грунтуецца на міжнародна прызнанай канцэпцыі. Заканадаўчая база, якая распрацавана і прынята ў Беларусі, прызнана міжнароднымі спецыялістамі найлепшай сярод краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Працэдура прадастаўлення статусу бежанца ў Беларусі дзейнічае ад 1997 года. Ад таго часу з хадайніцтвамі аб абароне звярнуліся больш за 6 тысяч чалавек з шасці дзясяткаў краін свету.

Аднак чакаецца, што на сесіі парламента, якая праходзіць зараз, будзе прынята новая рэдакцыя закона аб вымушанай міграцыі. Распрацавана яна для таго, каб некаторыя яго тэзісы прывесці ў адпаведнасць з ратыфікаванай Беларуссю Канвенцыяй 1951 года аб статусе ўцекачоў. Акрамя таго, гэты захад скіраваны на прафілактыку злоўжыванняў працэдурай атрымання прыстанішча.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».