Вы тут

Хто ў Магілёве не дае спакойна жыць уладным асобам?


У Віталя Гардзеева і Аляксандра Пікулі шмат агульнага. Яны неабыякавыя людзі, любяць парадак і дапамагаюць іншым. Жывуць у розных канцах Магілёва, а пазнаёміліся толькі дзякуючы грамадскім пасадам. І той, і другі — старшыні вулічкамаў. Адказныя за парадак не адной вуліцы, а цэлай мікразоны, дзе жыве некалькі тысяч чалавек. Абодва карыстаюцца вялікім аўтарытэтам, працуюць не за грошы і не дзеля кар'еры. Абодва не даюць спакойна жыць адказным асобам, абодвух паважаюць за прынцыповасць.


Пас­ля та­го, як пра­кла­лі ка­на­лі­за­цыю, да­ро­га ста­ла са­праўд­ным па­ка­ран­нем.

Начальнік Чапаеўкі

Віталь Гардзееў на пасадзе старшыні вулічкама ўсяго другі год, але шмат чаго карыснага паспеў зрабіць для тутэйшага насельніцтва. Дзякуючы яго актыўнай пазіцыі на вуліцы Валгаградскай з'явіўся тратуар, палепшыўся стан дарог, паменела стыхійных звалак, часцей стаў курсіраваць грамадскі транспарт. Бо мікразона, якую «курыруе» Віталь Фёдаравіч, перыферыйная, і калі не нагадваць пра сябе мясцовым уладам, невядома, калі ў іх рукі дойдуць да гэтых ускрайкаў.

Усяго некалькі прыпынкаў ад чыгуначнага вакзала — і вось яна, Чапаеўка. Месца, якое ў Магілёве асацыюецца... з паселішчам цыганоў. Чым далей ад цэнтральнай вуліцы Першамайскай, тым менш лоску. Найбольш вока рэжуць дарогі. Улады пра гэта ведаюць, але спасылаюцца на недахоп грошай. Віталь Гардзееў не з тых, хто здаецца. Ён не ўпускае ніводнай магчымасці, каб нагадаць пра балючае месца. «Дарожна-маставое прадпрыемства — арганізацыя, якую не прабіць, — абураецца актывіст. — Разоў восем тэлефанаваў летась наконт участка дарогі па завулку Нафтаваму — нуль увагі». Затое старшыня Магілёўскага гарсавета Сяргей Іваноў дапамог. Паабяцаў добраўпарадкаваць адрэзак завулка і слова стрымаў. Але ў мікразоне 12 вуліц. І патрэбны мільярды, каб давесці іх да розуму. Жыхары на гэта і не прэтэндуюць. Дастаткова, каб ямы «залаталі». Бо насельніцтва «маскіруе» іх чым прыйдзецца. І часцей за ўсё смеццем. Якая ж тут можа быць прыгажосць?

А летась адбылася гісторыя з дакладнасцю да наадварот. Жыхарам за іх жа грошы сапсавалі дарогу на вуліцы Краснадарская. Раней тут была добрая грунтавая дарога, але пасля таго, як адна фірма правяла каналізацыю, яна пераўтварылася ў гліняную. Будаўнікі замест таго, каб гліну, якую яны паднялі на паверхню, вывезці, прывезлі рачнога пяску і гэтую сумесь разраўнавалі. Цяпер дастаткова невялікага дажджу, каб вуліца ператварылася ў гразь — балота, па якім без гумавых ботаў не прайсці. Як выправіць памылку, невядома. Але тое, што з вуліцай трэба нешта рабіць, зразумела з першага погляду.

Ві­таль Гар­дзе­еў: «Мы да­маг­лі­ся та­го,  каб нам зра­бі­лі тра­ту­ар».

Спарахнелі, але ўсё яшчэ працуюць...

Хапае і іншых праблем.

— Па-першае, у нашай мікразоне няма аптэкі, — загінае палец Віталь Гардзееў. — Найбліжэйшая — у раёне чыгуначнага вакзала, да якога некалькі прыпынкаў. Тым, каму за 80, складана ездзіць. У «Фармацыі», куды звярнуліся жыхары, нам не адмовілі, але адказалі неяк няпэўна. Маўляў, калі будзе развівацца інфраструктура, зробім аптэку.

Па-другое — прыпынак грамадскага транспарту «Ліцэй №9». Наогул цікавы выпадак. «Кішэня» для транспарту знаходзіцца ў 30 метрах ад бетоннага навеса, пад якім пасажыры чакаюць тралейбусы і аўтобусы. Маладзейшым, можа, і проста дабегчы да транспартнага сродку, пакуль зачыняцца дзверы, а вось старым не вельмі зручна. Нязручна і тое, што, акрамя тралейбуса №5, у наш бок болей нічога не ездзіць. Калі электрычнасці няма, хоць пешшу ідзі. А свет не блізкі. Транспартнікі кажуць: нерэнтабельна ў ваш бок пускаць аўтобус. Але чаму хаця б у час пік не зрабіць некалькі рэйсаў? Каб людзям было зручней на работу і з работы дабірацца. У гэты бок нават маршруткі не ездзяць.

Стараста загінае чарговы палец і згадвае пра возера па вуліцы Валгаградскай, якое сваім выглядам псуе навакольны пейзаж. Гэта недагледжаны пажарны вадаём. Паціху ён ператвараецца ў балота. Побач нехта згрузіў жалезабетонныя пліты, яны ўжо травой параслі. Дзеці любяць тут гуляць. Не дай Бог, «канструкцыі» абрынуцца, бяды не пазбегчы.

Але больш за ўсё ўразілі драўляныя слупы ліній электраперадач. Можна смела здымаць кіно ваенных гадоў без дэкарацый. Гардзееў сцвярджае, што слупам амаль 70 гадоў. Кажа, што сёлета зімой жыхары вуліц Адэская і Валгаградская неаднойчы заставаліся без святла. Аварыйныя брыгады самі былі ў шоку: на гэтыя апоры страшна глядзець, не тое, што на іх ўзбірацца. «Звярталіся ў арганізацыю, якая іх абслугоўвае, а нам пішуць — апоры ў нармальным стане», — абураецца Віталь Фёдаравіч.

У іншага пасля такіх адказаў рукі б апусціліся. Толькі не ў яго.

Найлепшыя памочніцы яму — Ірына Панцакова і Наталля Суслава. Ад пільнага вока грамадскіх кантралёраў нішто не схаваецца.

Драў­ля­ныя слу­пы ледзь тры­ма­юц­ца.

«Губернатар» Падгорнай

Аляксандр Пікуля — наогул легендарная асоба. 16 жніўня будзе 11 гадоў, як ён узначальвае вулічкам, а наогул грамадскай працай займаецца 12 гадоў. Сваёй прынцыповасцю, як той казаў, «дастаў» усіх чыноўнікаў. Нават журналісты могуць пазайздросціць яго базе даных. У нататніку — нумары мабільных тэлефонаў першых асоб мясцовай улады. І яны ахвотна вядуць з ім размову.

Дарэчы, першым сваім памочнікам Аляксандр Васільевіч лічыць «Звязду».

— У ліпені, 13 гадоў таму, быў сур'ёзны сход, на які мы запрасілі ўсіх кіраўнікоў, — прыгадвае ён той знакавы дзень. — Падставай стала тое, што адмянілі аўтобус №15 і ён сем гадоў не хадзіў, што дарогі былі дрэнныя... Кіраўнікі нас праігнаравалі, а вось карэспандэнт «Звязды» — не. Калі закончыўся сход, а прыйшло на яго чалавек 500, сабралі подпісы і адправілі ў газету. Праз некалькі дзён атрымалі адказ, што скарга ўзятая на кантроль і пісьмо накіравана ў гарвыканкам для прыняцця мер. Прыехаў мэр горада, сустрэўся з нашымі ветэранамі вайны і паабяцаў, што будзе пакладзены асфальт. З таго часу «Звязда» — наш сябар назаўжды.

У мікразоне Падгорная-Падніколле 7 вуліц і 28 завулкаў, дзе жыве прыкладна 2700 чалавек. І трэба сачыць, каб усюды быў парадак.

— Атрымалася так, што я стаяў ля вытокаў стварэння вулічнага камітэта, — расказвае Аляксандр Пікуля. — У нас была моцная каманда з 10 актывістаў. Вызначыліся з праблемамі і пайшлі «ваяваць». Праводзілі суботнікі, ліквідавалі ўсе звалкі. Спецаўтапрадпрыемства на працягу паўгода выдзяляла нам транспарт — па 16-17 машын у месяц смецця вывозілі. Нават камунальнікі былі ўражаны.

Як толькі пакончылі са смеццем, пачалі займацца бяспекай людзей. Бо, як толькі нам паклалі асфальт, свае ж пачалі насіцца на машынах з шалёнай хуткасцю. Паклалі 7 ляжачых паліцэйскіх, каб неяк стрымаць ліхачоў. Потым узяліся за асвятленне. Ліхтары тады свяцілі толькі на цэнтральных вуліцах. Наша Падгорная звязана з «вялікай зямлёй» сямю лесвіцамі. Нават там не было асвятлення. Але ж мы дабіліся свайго. Потым сталі патрабаваць, каб нам новыя электралініі зрабілі... Хадзілі на прыёмы па 20-30 чалавек. І — «прабілі». Паставілі нам 2 новыя электрападстанцыі. Людзі мяне пачалі жартам губернатарам называць. Маўляў, усяго, што трэба для народа, дабіваецца.

Аляк­сандр Пі­ку­ля ў спра­вах заў­сё­ды пер­шы.

Скарочаны маршрут — нерэнтабельны

Зусім нядаўна ўзнікла новая праблема. З 1 красавіка маршрут № 39 скарацілі да прыпынку «Чыгуначны вакзал». Праз 40 дзён пасля таго, як гэта адбылося, маршрут аднавілі. Але чаго гэта каштавала!

— Напярэдадні перамен, 30 і 31 сакавіка, я ездзіў на аўтобусе, лічыў, колькі пасажыраў у салоне, — расказвае актывіст. — 1 красавіка таксама з 6.00 да 13.30 не выходзіў з аўтобуса. Параўнаў, колькі чалавек ездзіць па скарочаным маршруце, і прыйшоў да высновы, што ад такой «эканоміі» адны страты. З вакзала аўтобус ехаў пусты, бо там іншага транспарту шмат. А ля прыпынку «30 гадоў Перамогі» знаходзіцца прадпрыемства «Магатэкс», туды шмат людзей ездзіла. Усе яны актыўна карысталіся гэтым аўтобусам. Мы сталі патрабаваць усё вярнуць. Улады паглядзелі, што мы не перабольшваем, і пайшлі насустрач. З 11 мая аўтобус зноў курсіруе па ранейшым маршруце.

Аляксандр Пікуля сцвярджае, што, калі б не жыхары, якія яму цалкам давяраюць і ва ўсім дапамагаюць, ужо б даўно падаў у адстаўку. Летась хацеў адмовіцца ад абавязкаў — не далі. Грошай старшым вулічкамаў не плацяць, затое ўзнагарод шмат — 16 ганаровых грамат у актыве. А назву вулічнага камітэта, якім кіруе Пікуля, з дошкі гонару 5 гадоў не здымалі.

Нават следчым спатрэбілася

У такой справе, як старшыня вулічкама, без спецыяльных кніг уліку не абысціся. Віталь Гардзееў піша яшчэ першую па ліку, а ў Аляксандра Пікулі іх цэлы стос. Там пазначаны даты зваротаў, адказы на скаргі, водгукі і нават фотаздымкі з афіцыйнымі дакументамі.

Аднойчы Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці звярнуўся па дапамогу, каб прасачыць падзеі адной гучнай справы. Калі ў горадзе ўмацоўвалі берагі Дзебры, узніклі сур'ёзныя пытанні па гэтым праекце. Кнігі Пікулі сталі добрым матэрыялам для следства, паколькі там было паэтапна распісана, хто і што рабіў. Ды яшчэ з фота.

— Не ўсім падабаецца мая дзейнасць, — не ўтойвае Аляксандр Васільевіч. — Нават сярод мясцовых жыхароў ёсць такія, хто глядзіць коса. Людзі неяк паскардзіліся, што сусед імхом, мякка кажучы, зарос. Я яму адзін раз нагадаў парадак навесці, другі, а потым пайшоў да мясцовых улад і папрасіў дапамогі. Прыехала санстанцыя і прыняла меры. Затое іншым была навука.

А яшчэ ён прыдумаў такую «фішку»: кожны Новы год і 8 сакавіка віншаваць са святам жыхароў. Акрамя таго, што віншаванні вывешваюцца на прыпынках і ў крамах, іх яшчэ з поштай разносяць па дамах. Ён жа першым раздрукаваў для насельніцтва графік руху мясцовага аўтобуса — накладам 800 штук. А колькі было прыкладаў, калі Пікуля для іншых рабіў тое, што некаторыя для сваякоў не зробяць. Аднойчы бура дахі пазрывала з дамоў, дык ён разам з пацярпелымі хадзіў па кабінетах, вадзіў людзей, калі адказныя асобы не рэагавалі, выбіваў грошы на рамонт.

— Актыўным быць жыццё прымусіла, — сціпла кажа ён. Калі ведаеш, што маеш рацыю, ніхто не можа перашкодзіць дабіцца станоўчага выніку.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адказныя за парадак

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.