Вы тут

Некаторыя аспекты работы з насельніцтвам двух сельскіх Саветаў


Яны стаялі на ўліку сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, многія гады. Вольга адна гадавала траіх дзяцей. І не сказаць, каб злоўжывала спіртным, не сказаць, каб на працу не хадзіла... Але за дзецьмі жанчына зусім не глядзела. У доме пасяліліся вечны кавардак і антысанітарыя. Малы часта быў недагледжаны, абы-як апрануты, у садок хадзіў не заўсёды...


Свят­ла­на Гангала.

Калі дзяўчынка становіцца мамай

— За апошнюю саломінку хапаліся, каб не забіраць дзяцей, пакінуць іх у сям'і, — расказвае старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана ГАНГАЛА. — Разумелі, што накіраванне дзяцей у адпаведныя ўстановы стане крайняй мерай. Выходзіць, не маці змагалася за гэтую сям'ю, а мясцовая ўлада, грамадскасць. І сям'я існавала.

Ды год таму сярэдняя дачка Вольгі, пятнаццацігадовая Наташа, нарадзіла сына. Яшчэ да яго нараджэння, калі дзяўчынка чакала дзіця, сям'ю наведалі спецыялісты аддзела адукацыі. Паўстала пытанне аб тым, што немаўля пасля нараджэння паедзе ў дзіцячы дом. І Вольга нібы схамянулася. Цяпер ужо яна прасіла дапамогі і парады. Тады старшыня сельсавета звярнулася да евангельскіх хрысціян-баптыстаў, якія жывуць у Батчы, з просьбай дапамагчы. Яны адклікнуліся, купілі фарбу, шпалеры — усё, што трэба для рамонту дома. А рамонт рабілі, здаецца, усёй грамадой. Прыйшлі дапамагаць нават аднакласнікі малалетняй будучай мамы. Словам, да часу нараджэння хлопчыка дом стала не пазнаць. Вольга аформіла апякунства і пайшла ў дэкрэтны водпуск.

40-гадовая жанчына пачала не толькі даглядаць унука, але зусім па-іншаму стала клапаціцца пра сваіх дзяцей. Цяпер малодшы сын, другакласнік, ходзіць у школу чысты і акуратны, з падрыхтаванымі ўрокамі. Старэйшая дачка рэгулярна наведвае заняткі ў будаўнічым ліцэі і рыхтуецца працаваць па набытай спецыяльнасці. А сярэдняя, маленькая мама, узялася за вучобу, наведвае ўрокі ў вячэрняй школе і мае намер пасля атрымання атэстата вучыцца далей. Сям'ю знялі з уліку сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей. І ўсё ў іх цяпер добра.

Падзяка ад бабы Веры

Работа з людзьмі — самы галоўны напрамак дзейнасці мясцовай улады, лічыць старшыня Святлана Гангала. Асаблівага клопату не толькі патрабуюць, але і заслугоўваюць адзінокія састарэлыя людзі. Такіх у Батчынскім сельсавеце шэсць чалавек. Разам са Святланай Сямёнаўнай заязджаем да 86-гадовай Веры Мікітаўны Дзенісюк.

Баба Вера самастойна выйшла на ганак падыхаць паветрам, што бывае пры яе самаадчуванні нячаста. Жанчына перасоўваецца па хаце з дапамогай табурэткі — баляць ногі. Гісторыя яе жыцця амаль тыповая для такіх людзей. Бабуля расказвае, што пацярпела ад «той праклятай вайны». У яе пазабівалі ўсіх родных. Засталася зусім адна, можа, таму і асабістае жыццё не склалася. Шмат гадоў адпрацавала на Кобрынскай птушкафабрыцы. Паводле яе слоў, некалі фабрыка падвяла газ да дома. Цяпер няма праблемы з ацяпленнем. І сёння прадпрыемства, якое не вылучаецца высокай рэнтабельнасцю, сваіх ветэранаў не забывае. На святы, перад юбілейнымі датамі да былых працаўнікоў абавязкова зазіраюць прадстаўнікі працоўнага калектыву. Для састарэлых пенсіянераў такія знакі ўвагі надзвычай важныя.

Праз дзень да Веры Мікітаўны прыходзіць сацыяльны работнік, дапамагае па хатняй гаспадарцы. А яшчэ яна вельмі любіць, калі заязджае старшыня сельскага Савета. Святлану Сямёнаўну старая жанчына называе дачушкай. Самымі добрымі словамі, якія ведае, ахарактарызавала адзінокая жанчына кіраўніка мясцовай улады. Святлана Гангала тым часам пацікавілася, ці пачне сёння сацыяльны работнік клеіць шпалеры. У доме Веры Мікітаўны запланаваны рамонт. Летась у хаце аднаго з адзінокіх за кошт сельвыканкама мянялі дымаход. Адным словам, такія людзі ў пастаянным полі зроку мясцовай улады.

Дзміт­рый Мі­ро­нен­ка.

У вёсцы — чатыры жанчыны

З гэтага ж пачаў свой расповед пра работу з насельніцтвам і старшыня Гарадзецкага сельскага Савета Дзмітрый Міроненка. На тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі знаходзіцца 31 населены пункт. Некалькі вёсак маюць менш за дзясятак жыхароў. Дзмітрый Мікалаевіч расказвае пра вёску Залескі, дзе засталіся чатыры жанчыны. Адну з іх — Кацярыну Тунчык — на гэту зіму давялося аформіць на сацыяльны ложак, бо самастойна па стане здароўя яна ўжо не магла знаходзіцца дома.

— Калі я прыязджаю да іх, то бачу, што гэта становіцца падзеяй. Бабулькі нават завязваюць найлепшыя хусткі і збіраюцца ў адным двары. Пачынаю распытваць, ці была сёння аўтакрама, ці ўсё, што трэба, прывозяць з прадуктаў? Скардзіцца яны зусім не хочуць, для іх галоўнае — пагаварыць з чалавекам. Цяпер стала лепш, бо ў вёсцы пасялілася значна маладзейшая жанчына — Таццяна Мілун. Яна пасля выхаду на пенсію вярнулася ў бацькоўскі дом. Цяпер Таццяна Сцяпанаўна там — нефармальны лідар. Яна адразу зарыентуецца, каму з бабак выклікаць хуткую дапамогу, пра каго нагадаць, патэлефанаваўшы ў сельскі Савет.

На думку Дзмітрыя Міроненкі, калі населеных пунктаў так многа, асаблівая роля адводзіцца старастам. Яны становяцца сувязным звяном з мясцовай уладай. У аграгарадку Гарадзец старастам выбралі намесніка дырэктара «Гарадзец-Агра» Мікалая Вярэніча. Мікалай Уладзіміравіч працуе тут з 1979 года. Людзі яго добра ведаюць. І раней адчувалі падтрымку ў справе вядзення асабістай гаспадаркі, а цяпер і пагатоў.

У Гарадцы не прынята карыстацца паслугамі прыватных прадпрымальнікаў падчас працы на палетках, пасадкі і апрацоўкі пасеваў бульбы. Гэта робіць гаспадарка па вельмі дэмакратычных цэнах. Тым, хто гадуе кароў, сена прывозяць гатовае на падворак, нават пагрузіць пакі пад паветку могуць «Амкадорам». Па любым пытанні, звязаным з падсобнай гаспадаркай, людзі ідуць да старасты.

yackevich@zviazda.by

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Няпросты «чалавечы фактар», або Некаторыя аспекты работы з насельніцтвам двух сельскіх Саветаў

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.