Вы тут

Заяўка целам


Нядаўна самая вялікая мадэль plus-sіze Тэс Холідэй парадавала сваіх падпісчыкаў у «Інстаграме» чарговым аголеным фота. «Калі людзі кажуць, што я не магу быць мадэллю, заўсёды думаю, што гэта не самае смешнае, што са мной здарылася. Я ніколі не казала «не» ў адказ на прапановы», — напісала пад здымкам 150-кілаграмовая амерыканка. Тэс не саромеецца свайго цела і ўжо не раз пазіравала для глянцавых часопісаў. Паклоннікаў у каларытнай амерыканкі нямала: за яе жыццём сочаць 1,2 мільёна падпісчыкаў.


Апошнім часам папулярнасць набыў рух «бодзіпазітыў». Яго прыхільніцы заклікаюць дзяўчат прыняць сябе такімі, якія ёсць, і не зважаць на прыдуманыя стандарты: яны толькі ў стрэс заганяюць. Няважна, які ў вас памер, кажуць бодзіпазітывісткі. Насіце прыгожае і камфортнае адзенне, а свой час трацьце не на дыеты і падлік калорый, а на што-небудзь сапраўды вартае.

Ідэя цудоўная, хоць і не новая. У хваравітай худнечы няма нічога здаровага. Як і ў занадта рэльефным жаночым целе. Дыеты-«сушкі» падыходзяць толькі для прафесійных бодзібілдараў і тое толькі напярэдадні спаборніцтваў, бо змяншаюць працэнт тлушчу ў арганізме ніжэй за норму.

На практыцы ж чамусьці з адной крайнасці кідаюцца ў іншую. Як з харчаваннем, калі дзяўчаты вырашаюць заўтра адмовіцца ад салодкага, смажанага і тлустага, але сёння дазваляюць сабе ўсё, што душа пажадае.

Заўважылі, што мадэлі-плюс ужо не тыя? Калі жанчыны з формамі толькі пачыналі заваёўваць подыум, для іх таксама існавалі пэўныя стандарты. І сачыць за харчаваннем, і займацца фітнесам ім усё ж такі даводзілася.

Не падумайце, што я супраць «пышак». Я супраць ахвяр фастфуду. Не ўсе стандарты, навязаныя модай, штучна прыдуманы. Фігура «пясочны гадзіннік» нездарма лічыцца самай прывабнай: з пункту гледжання медыцыны, гэты тып фігуры яшчэ і самы здаровы. Выразна акрэсленая талія павінна быць, бо лішнія кілаграмы на жываце небяспечныя. Тлушч назапашваецца вакол унутраных органаў, што можа павысіць рызыку шэрагу захворванняў (напрыклад, развіцця цукровага дыябету). Медыкі прыводзяць розныя лічбы, але ў сярэднім, калі аб'ём вашай таліі перавышае 85 сантыметраў, гэта сігнал задумацца і нешта змяніць у сваіх звычках.

Здаецца, што часам бодзіпазітывам прыкрываюцца тыя, хто проста лянуецца сачыць за сабой. Маўляў, нарэшце з'явіўся трэнд, які дазваляе расслабіцца. І чамусьці ўпускаюць з віду, што бодзіпазітыў прапагандуе яшчэ і здаровыя адносіны да свайго цела. Сумна, калі добрую ідэю даводзяць да абсурду.

Кагосьці натхняе прыклад «пышкі» Тэс, а асабіста мне больш падабаецца іншая гісторыя. Яна таксама пра дзяўчыну ў целе, 169-кілаграмовую Сімону Андэрсан з Новай Зеландыі. Столькі гэтая лэдзі важыла два гады таму. А потым ёй надакучыла хлусіць сабе, што яе ўсё задавальняе. (Ведаеце папулярную адгаворку пра тое, што не ты тоўсты, а косці цяжкія? Забудзьцеся на гэты аргумент. Шкілет чалавека важыць 7-10 кілаграмаў, таму нават не спрабуйце прыпісаць яму больш.) «Пышка» вырашыла змяніцца кардынальна. На працягу ўсяго працэсу пахудзення Сімона фатаграфавала сябе і выкладвала гэтыя здымкі ў сацыяльныя сеткі, чым выклікала вялікую цікавасць да сябе. 150 тысяч чалавек сачылі за зменамі Сімоны, што, пэўна, матывавала яе працаваць яшчэ больш старанна. Прыгажуня змагла пазбавіцца ад 100 кілаграмаў! Цяпер новазеландка з гонарам выкладае свае фота «да» і «пасля» і кансультуе дзяўчат па здаровым харчаванні і трэніроўках.

Ёсць цікавае даследаванне наконт таго, навошта жанчынам кубікі на прэсе. Гэта спосаб заявіць пра сябе.

Калі раней статус падкрэслівалі (ці стваралі) дарагімі дызайнерскімі рэчамі, то цяпер каштоўнасцю стала трэніраванае цела. Так дзяўчаты паказваюць навакольным, што ў іх ёсць час і сіла волі, каб займацца сабой. Зразумела, што знешнасць не галоўнае і трэба клапаціцца пра ўнутраны свет. Але, падабаецца вам гэта ці не, спярша будуць ацэньваць ваш выгляд. Які пасыл хочацца несці вам?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».