Вы тут

Арэнда на мінімуме


Сталічныя эксперты жыллёвай арэнды адзначаюць, што ўжо цяпер на рынку прыватных здымных кватэр фіксуецца цэнавае дно. Кажуць, што танней ужо не будзе...

Звычайна прыватнае арэнднае жыллё Мінска пачынала таннець менавіта з першых дзён лета, калі павялічвалася прапанова (за кошт кватэр пенсіянераў, якія пераехалі жыць на дачы), а попыт у сезон канікул заўсёды мінімальны. Аднак ранейшыя тэндэнцыі сёння на рынку амаль не працуюць, бо цэннікі на арэнду жылля працягвалі зніжацца на працягу ўсяго года, і сёння яны ўжо дасягнулі свайго мінімуму. Пра існуючую сітуацыю на сталічным рынку ў сегменце доўгатэрміновай арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла спецыяліст аддзела жыллёвай арэнды аднаго з цэнтраў гандлю нерухомасцю Алена Агрызка.


З'явіліся аднапакаёўкі і за 150 USD

Гэта самы мінімальны цэннік для аднапакаёвых кватэр невялікіх плошчаў у старых пяціпавярховых дамах у нялепшых мікрараёнах. Больш за тое, пустыя слабенькія кватэры або падобнае бюджэтнае жыллё з мэбляй савецкіх часоў можа часам прапанавацца і за 140 долараў.

Алена Агрызка адзначае, што па стаўцы арэнды ў межах 150-170 долараў цяпер магчыма адшукаць стандартную аднапакаёўку з дастатковым наборам мэблі і нават са свежым касметычным рамонтам практычна ў любым раёне горада. У гэтым выпадку будучы кватарант будзе мець нават неблагі выбар з некалькіх дзясяткаў варыянтаў.

Аднапакаёвыя кватэры з цэннікам ад 180 да 230 долараў прадугледжваюць ужо даволі якасныя апартаменты з больш дарагой мэбляй, поўным наборам бытавой тэхнікі (сучасны халадзільнік і тэлевізар, а таксама абавязкова пральная машына) і ліквідным месцазнаходжаннем (недалёка ад лініі метро, побач са знакавымі гандлёвымі цэнтрамі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

Наш пастаянны эксперт паведамляе, што сёння рынак арэнды працягвае функцыянаваць у штатным рэжыме і «паміраць» у найбліжэйшы час не збіраецца, як раней тое прадракалі асобныя спецыялісты. З рынку цалкам знікла нервовасць з боку бескватэрных кліентаў, якія сталі больш адукаванымі ў пытаннях арэнды, а таму і больш спакойнымі. І гэта сёння не дзіўна, бо колькасць варыянтаў прапановы прыкладна ў тры разы перавышае сённяшні попыт.

Ужо ёсць двухпакаёўкі да 200 долараў

Мінімальны цэннік самых слабенькіх па якасці двухпакаёвых кватэр цяпер складае ад 180 да 200 долараў. Такі тарыф арэнды звычайна маюць маленькія кватэры з агульнай плошчай ад 40 да 45 квадратных метраў, якія маюць «прапіску» ў бюджэтных панэльных дамах Заводскага раёна ці ў Шабанах. У большасці выпадкаў гэта «хрушчоўкі» з сумесным санвузлом і нават прахаднымі пакоямі. Такіх кватэр на рынку не вельмі шмат, але некалькі варыянтаў заўсёды існуе.

Самая распаўсюджаная прапанова на рынку арэнды Мінска прыпадае на варыянты двухпакаёвых кватэр з сярэднім цэннікам — у межах ад 200 да 250 долараў. Выбар па такім цэнніку будзе сапраўды вялікі, аднак Алена Агрызка нагадвае, што за падобныя грошы кліентам прапануюць толькі жыллё эканомкласа. Больш якасныя апартаменты або жыллё ў дамах, якія бліжэй да цэнтра, будуць каштаваць ужо не менш за 300 долараў у месяц.

Даволі значна рынак прасеў сёлета і па шматпакаёвых кватэрах. У новабудоўлях не вельмі вялікія па плошчы трохпакаёвыя кватэры без мэблі сёння магчыма зняць за 200-250 долараў. Сярэдні кошт стандартных трохпакаёвак з поўным наборам мэблі і тэхнікі складае ўжо ад 300 долараў і вышэй.

Прапанова якаснага жылля памяншаецца

Вельмі працяглае і істотнае патанненне ўсіх відаў арэнднага жылля пачало карэктаваць тэндэнцыі на рынку па змяненні балансу ў структуры попыту і прапановы. Сёння гаспадары жылля, дзе быў праведзены сапраўды дарагі рамонт (паркет, сучасная кухня, імпартная сантэхніка і шпалеры) пачынаюць здымаць свае кватэры з арэнды. Падобныя дзеянні ўласнікаў цалкам зразумелыя, бо попыт на дарагое жыллё адсутнічае, а здаваць падобныя «кватэры-лялькі» за 200-300 долараў нейкім кватарантам без адпаведнага статусу проста страшнавата.

Толькі за апошнія чатыры месяцы ў сталічных агенцтвах існавала некалькі выпадкаў, калі ў падобных кватэрах «нечакана» ламалася сантэхніка ці дарагая мэбля, а падобныя нюансы ў дагаворы арэнды былі прапісаны павярхоўна. У агучаных выпадках па сапраўды якасным жыллі павінен працаваць механізм закладу, які не вяртаецца пры ўзнікненні спрэчных момантаў наконт псавання кватэры. Аднак у сітуацыі мінімальнага попыту на арэнднае жыллё гэтым механізмам закладу карыстаюцца толькі адзінкі. Тут будучыя кватаранты проста шукаюць іншыя варыянты, дзе адсутнічае падобная опцыя.

Менавіта ў апошнія месяцы знізіліся тарыфы арэнды і па катэгорыі VІP-кватэр. Сапраўды элітныя аднапакаёвыя кватэры цяпер здаюцца ўжо ад 400 долараў за месяц. Цэннік двухпакаёўкі такога класа пачынаецца ўжо ад 450-500 долараў. Мінімальная арэнда VІP-шматпакаёвак будзе ўжо ад 500 долараў і вышэй.

Мінімальны цэннік стане масавым

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў нашага эксперта, прыкладна да сярэдзіны ліпеня цэны на арэнду стандартнага жылля працягнуць заставацца на мінімальным узроўні. Спадарыня Алена лічыць, што практычна па ўсіх аднапакаёвых кватэрах сярэдняй якасці ў спальных раёнах Мінска стаўка арэнды будзе вагацца ў межах ад 150 да 200 долараў. Ужо цяпер гаспадары такога жылля зразумелі, што па кошце больш за 200 долараў падобнае жыллё ўвогуле амаль не здаецца. Таму зніжэння мінімальных ставак спецыялісты не чакаюць, а вось незаслужана павялічаныя цэннікі арэнды звычайнага жылля будуць і надалей карэктавацца ў бок зніжэння.

Паводле прагнозаў Алены Агрызка, фарміраванне гэтага мінімальнага масавага цэнніка працягнецца да трэцяй дэкады ліпеня. А потым прыйдзе час іншагародняй «зялёнай» моладзі, калі ў сталіцы будзе шмат абітурыентаў. Частка з іх (у каго дастаткова балаў для паступлення) разам з бацькамі пачне шукаць здымнае жыллё.

Ажыятажу не будзе, але цэннікі могуць вагацца

Месцаў цяпер у сталічных інтэрнатах быццам і хапае, але асобным катэгорыям маладых падобнае калектыўнае пражыванне не зусім даспадобы. Кампаньёнствам як інструментам эканоміць грошы кліенты з перыферыі ў першы год вучобы амаль не карыстаюцца. Потым, менавіта ў першую дэкаду жніўня, на другасным рынку арэнды сталічнага жылля максімум прапановы яшчэ захаваецца, аднак цэны на здымнае жыллё памяншацца ўжо не будуць, бо попыт пачне павялічвацца.

З другой паловы жніўня і ажно да сярэдзіны верасня ў сталіцы чакаецца традыцыйнае павелічэнне актыўнасці патэнцыяльных кватарантаў. Здымныя кватэры пачнуць шукаць не толькі студэнты, але і новыя маладыя спецыялісты, якія вырашаць застацца ў Мінску. Верагодна, што ў гэты перыяд цэннікі на стандартнае і бюджэтнае арэнднае жыллё могуць крыху павялічыцца ў параўнанні з мінімальнымі ў чэрвені і ліпені.

Камерцыйнае жыллё пакуль яшчэ таннейшае

У другой палове мая на сайты Першамайскага і Фрунзенскага раёнаў Мінска трапіла інфармацыя для чаргавікоў, якім прапаноўвалася арэнда кватэр дзяржаўнага камерцыйнага фонду. У Першамайскім раёне прапануецца недарагая арэнда (каля 600 тысяч за маленькую трохпакаёўку), але толькі для сям'і ў складзе не менш за 4 чалавекі, а выдаецца такое жыллё спецыялісту на час службы.

У адміністрацыі Фрунзенскага раёна арэнднае жыллё прапануюць ужо і звычайным чаргавікам, але плата за карыстанне жылымі памяшканнямі тут крыху іншая. Напрыклад, цяпер прапануецца адразу каля 20 кватэр. Мінімальны цэннік такой аднапакаёвай кватэры (каля 35 «квадратаў») складае 1 млн 170 тысяч рублёў без уліку платы за камунальныя паслугі. Максімальны кошт арэнды трохпакаёвай кватэры з агульнай плошчай каля 61 квадратнага метра складае ўжо 3,1 млн рублёў. Атрымліваецца, што з дзяржаўнага арэнднага фонду чаргавікам прапануюць камерцыйнае жыллё па цане ад 60 да 150 долараў у месяц за кватэру ў залежнасці ад колькасці пакояў.

Існуе ў Фрунзенскім раёне каля дзясятка кватэр для першачаргавікоў з ліку суддзяў і пракурорскіх работнікаў, маладых спецыялістаў, работнікаў пры прызначэнні на пасаду ў выпадку іх пераезду з іншага населенага пункта ў Мінск. У гэтым выпадку кошт карыстання адна- і двухпакаёвымі кватэрамі будзе вагацца ад 270 тысяч да 480 тысяч рублёў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.