Вы тут

Асаблівыя, дзіўныя, неардынарныя, але толькі не хворыя


Бацькі і педагогі гатовыя назваць мноства станоўчых эпітэтаў, якія апісваюць дзяцей з аўтызмам. І ўсе яны будуць праўдзівымі. Аб тым, як такія незвычайныя дзеці самі знаходзяць сваё прызванне і дапамагаюць здабыць яго іншым, мы даведаліся на рэпетыцыі першага ў Беларусі інклюзіўнага тэатра.


Прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца

Дамовіцца аб сустрэчы з кіраўніком тэатра Ірынай Пушкаровай — цяжкая справа: увесь дзень у яе распісаны па хвілінах. Ірына — заснавальніца паспяховай творчай студыі, на базе якой і быў створаны тэатр.

— Старшыня арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна Якаўлева звярнулася ў нашу студыю з прапановай аб супрацоўніцтве: паспрыяць сацыялізацыі дзетак з аўтызмам праз іх удзел у дзейнасці тэатра. У нас ужо быў вопыт працы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, але з гэтым расстройствам мы сутыкнуліся ўпершыню. Я вам шчыра прызнаюся, што не сумнявалася ні секунды. Мне здаецца, я проста не мела чалавечага права адмовіць! — з запалам расказвае Ірына. — Аднак паўнавартасным тэатрам нас яшчэ нельга назваць, бо тэатр — гэта адзінства прасторы і дзеяння. А з памяшканнем у нас праблемы: рэпетыцыйныя залы раскіданыя па ўсім горадзе, таму і не атрымліваецца сабраць неабходныя рэчы ў адным месцы. Але наш спонсар, які падтрымаў ініцыятыву стварэння праекта, паабяцаў вылучыць сродкі на аплату памяшкання, прызначанага пад наш інклюзіўны тэатр.

Пакуль мы размаўляем з Ірынай, на рэпетыцыю паступова збіраюцца юныя акцёры. Жыццярадасныя, шумныя, актыўныя, кожны з іх імкнецца падзяліцца з любімым педагогам апошнімі навінамі. Зусім па-іншаму паводзіць сябе Максім. На заняткі ён прыйшоў першы раз. Спачатку Максім хаваецца за матуліну спіну, але з яго твару не сыходзіць усмешка.

— Не трэба саромецца. Ідзі пазнаёмся з дзецьмі, — падбадзёрвае хлопчыка Ірына.

Ніякіх прымет зацікаўленасці Максім не праяўляе. Здаецца, ён нават не разумее, што гэтыя словы адрасаваны яму.

— Мы лепей асвоімся пакуль з залай, — дружалюбна адказвае яго маці.

«Гэта не забаўка»

— Супрацоўнікі студыі атрымалі спецыяльную падрыхтоўку, якая навучае абыходжанню з асаблівымі дзецьмі, — працягвае Ірына. — Таксама нам вельмі дапамагаюць кваліфікаваныя спецыялісты з арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі». Мадэль паводзінаў залежыць ад ступені цяжкасці расстройства ў дзіцяці. Да нас пакуль не прыводзілі тых, хто не ў стане самастойна рухацца, але я ўпэўнена, што параіўшыся са спецыялістамі, мы б знайшлі магчымасць дапамагчы.

Усе асаблівыя дзеці праходзяць сур'ёзную праверку на выяўленне творчых здольнасцяў у розных сферах. І яны ўсе вельмі таленавітыя!

Я не перабольшваю: у нас яшчэ не было ніводнага неадоранага дзіцяці з аўтызмам.

Нельга ўспрымаць гэты праект як забаўку, падкрэслівае Ірына. Акрамя асноўнай развіваючай функцыі, ён мае пад сабой і канкрэтную прыкладную мэту: дапамагчы дзецям з аўтызмам засвоіць пэўную прафесію. Для нашай краіны такі ход развіцця падзей пакуль здаецца малаверагодным, але на захадзе гэта становіцца паўсядзённасцю. Напрыклад, у Канадзе людзі з аўтызмам атрымліваюць не толькі сярэднюю, але і вышэйшую адукацыю. А ў нас сітуацыя пакуль вельмі складаная. Аўтызм класіфікуецца як дзіцячае захворванне, і пасля дасягнення пацыентам 18 гадоў дыягназ мяняецца на зусім іншы — часцей за ўсё гэта шызафрэнія. Пра якую вучобу або працу на самай справе тады можа ісці гаворка?

Для бацькоў тэатр — сапраўдная аддушына.

— Таму наша задача паспець як мага больш зрабіць за перыяд сталення. І тэатр як від камунікацыі дае дзіўныя вынікі, — гаворыць Ірына.

Тут аднолькавыя патрабаванні да ўсіх дзяцей: узяўся за справу — выконвай. Калі дзіця можа абыходзіцца без чужой дапамогі, праз некаторы час бацькоў просяць не прысутнічаць на рэпетыцыях. Тады заняткі праходзяць значна больш эфектыўна. Ніякай дадатковай свабоды на сцэне ў дзяцей з аўтызмам не будзе: кожны дзейнічае ў межах сцэнарыя. Такі падыход вельмі дысцыплінуе.

— У нас вельмі моцная падтрымка з боку Акадэміі музыкі, студэнты забяспечваюць жывое музычнае суправаджэнне. Гэта важны факт, таму што часта дзеці з аўтызмам вельмі востра рэагуюць на рэзкія гукі, а жывая музыка найбольш гарманічная для ўспрымання.

Узаемадапамога і спагада

Да псіхолага ў мяне засталіся, магчыма, самыя складаныя пытанні: пра гатоўнасць грамадства адкрыта гаварыць аб праблеме аўтызму.

— У нас не было ніводнага негатыўнага водгуку аб стварэнні інклюзіўнага тэатра ад бацькоў дзяцей, якія раней займаліся ў студыі. Нават наадварот, з'явілася шмат ахвотных трапіць менавіта да нас. Мне вельмі спадабалася, як адна маці сказала, што прывяла свайго сына ў такі тэатр, таму што хоча, каб ён вырас сапраўдным чалавекам, — з гонарам расказвае Антаніна Нядвецкая. — Але цалкам наша грамадства яшчэ не гатова прыняць гэту праблему. Неяк я ехала з такім хлопчыкам у метро. Усе звярталі на нас павышаную ўвагу, успрымалі асаблівасці яго паводзін як нявыхаванасць. А хацелася б, каб людзі не рабілі паспешлівых высноў і, вядома, стараліся нікога не асуджаць.

З дзецьмі ў нас не ўзнікла ніякіх праблем. Яны з лёгкасцю прынялі асаблівых навічкоў у свой калектыў. І тыя, і іншыя аказваюць велізарны станоўчы ўплыў адзін на аднаго.

Дзеці з аўтызмам дзякуючы такім заняткам развіваюцца значна хутчэй, а іх юныя калегі вучацца міласэрнасці і спачуванню і заўсёды прыходзяць на выручку.

...З пачуццём лёгкай трывогі заходжу ў залу. Заняткі пачаліся: дзеці спяваюць і танцуюць. Заўважаю, што адзін хлопчык паводзіць сябе скавана, ён выглядае разгубленым. На дапамогу прыходзіць кіраўнік студыі: «Косця, хочаш, на гэты раз будзем ісці з табой разам?» Ён з удзячнасцю ківае і быццам за выратавальную саломінку хапаецца за руку Ірыны. Тым часам Максім, які на рэпетыцыю прыйшоў упершыню, ляжыць на лаўцы, згарнуўшыся клубочкам. Ніхто не акцэнтуе на гэтым увагу. Праз некаторы час ён пачынае разглядаць сябе ў люстэрку, разыходзіцца і строіць смешныя тварыкі. «Максім, не хочаш да нас далучыцца? Але бачу, ты заняты больш важнымі справамі», — жартуе Ірына. Мама з неверагоднай цеплынёй глядзіць на сына: «Ён яшчэ не гатовы, але хутка будзе».

«Максім — вельмі таленавіты. Бачылі б вы, як ён малюе: сапраўдны мастак. Мы плануем прыцягнуць яго да стварэння дэкарацый», — ціха расказвае мне Антаніна. Тым часам Максім заўважае на руках у іншых дзяцей прыгожыя стужачкі. Каб атрымаць такія ж, ён згаджаецца прыняць удзел у рэпетыцыі. Без аніякага ўказання хлопчыкі пачынаюць вучыць з Максімам словы.

А Косця ўжо гатовы спраўляцца самастойна. Калі ён пачынае чытаць верш, я заміраю: такая выразнасць, гучнасць, такі артыстызм!.. Падчас невялікага перапынку ён падыходзіць да матулі, каб абняцца.

«Чаго вы чакалі ад інклюзіўнага тэатра?» — пытаюся я ў мамы Максіма. «Менавіта гэтага, — з задавальненнем адказвае мне жанчына. — Кантактавання з іншымі дзецьмі, творчасці, спрыяльнай атмасферы. Максім вучыцца ў звычайнай школе, ужо ў чацвёртым класе. Але гэтага недастаткова. Тэатр — сапраўдная аддушына для нас».

Нават за гадзіну з хлопчыкамі адбываюцца змены. Хай невялікія, хай часовыя, але гэта прагрэс. Маленечкія крокі на велізарным шляху, які чакае гэтых незвычайных, летуценных і такіх таленавітых дзяцей.

Аўтызм — гэта расстройства, якое характарызуецца цяжкасцямі з сацыяльнымі камунікацыямі. Такія людзі жывуць у сваім уласным свеце, з якога іх вельмі складана выцягнуць. Складана, але магчыма! Галоўнае — рабіць спробы, дапамагаць людзям з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе часткай грамадства. На гэтых прынцыпах пабудавана работа арганізатараў інклюзіўнага тэатра, у аснове якога — увядзенне дзяцей з аўтызмам у асяроддзе іх равеснікаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».