Вы тут

Змаганне з пустазеллем: як перамагчы самых жывучых


Пырнік, снітка, макрыца, асот — «гарачая пяцёрка» самых трывалых.


Асот

Мабыць, самая непрыемная для праполкі расліна. Перашкаджаюць і калючае сцябло, і магутны корань даўжынёй да 18 см. А калі спазніцца з праполкай, то насенне-лятучкі за адзін сезон засеюць увесь участак!

Спосабы барацьбы

Механічныя. Звычайная праполка патрабуе сілы (выцягваць корань з зямлі), садовых пальчатак і педантычнасці — бо калі вы пакінеце ў зямлі хоць бы пяцісантыметровы кавалачак кораня, пустазелле хутка зноў адрасце. На ўчастках, якія не вельмі кідаюцца ў вочы, можна не палоць, а метадычна касіць пустазелле, гэта знясіліць яго.

Народныя. Замульчыруйце глебу — пілавіннем, саломай, плёнкай. Міжраддзі і прастору пад дрэвамі можна заслаць спецыяльным матэрыялам — аграспанам (гэта чорная тканіна, якая перашкаджае з'яўленню пустазелля).

Хімічныя. Знішчыць асот дапамогуць «Раўндап» або «Латрэл». Праўда, прымяняць іх варта толькі на газонах, уздоўж плота і дарожак. Не дапускайце пападання хімікатаў на лісце і парасткі культурных раслін!


Снітка

Сапраўднае бедства для саду. З дапамогай доўгіх жывучых каранёў хутка размнажаецца і асвойвае ўсё новыя і новыя плошчы. Праполка бескарысная — расліна пранізвае каранямі 40-сантыметровы пласт глебы! І дае парасткі з найменшага кавалачка кораня.

Спосабы барацьбы

Механічныя. Поўнае глыбокае перакопванне пласта глебы, кожны корань трэба выбраць. Распаўсюджванне сніткі можна стрымліваць, укапаўшы ў зямлю пластыкавую садовую стужку на глыбіню не менш за 20 см. А каб расліна не размнажалася самасевам, трэба касіць траву і абрываць кветканосы.

Народныя. Рэкамендуецца да вясны наступнага года прыкрыць чорнай плёнкай, кардонам або аграспанам моцна заражаныя ўчасткі. Без сонечнага святла большасць раслін загіне. Другі спосаб — пасадзіць бульбу (снітка не выносіць абгонкі).

Хімічныя. Супраць сніткі рэкамендуюць прэпараты «Раўндап», «Кілер», «Тарнада». Толькі апрацоўваць жывучае пустазелле давядзецца некалькі разоў за сезон. Праводзіць «хімічную атаку» лепш ясным бязветраным днём. Сцеражыцеся пападання прэпаратаў на лісце і парасткі дэкаратыўных і ядомых раслін.


Макрыца

Пустазелле-індыкатар, паказвае, што глеба на вашым участку занадта кіслая, ды і сонца на ўчастку замала. Дзякуючы жывучасці пустазелля змагацца з ім даводзіцца ўсё лета. Макрыца пастаянна цвіце і здольная змяніць некалькі пакаленняў за сезон.

Спосабы барацьбы

Механічныя. Выполваць гэтую няпрошаную госцю вельмі складана. Нават маленькі лісточак або кавалачак сцябла, што застаўся ў зямлі, здольныя вельмі хутка даць новую расліну. Тонкае сцябло рвецца пры праполцы і яшчэ лепш укараняецца, а праз некалькі тыдняў з'яўляюцца новыя ўсходы. Ссякайце зелле матыкай або пласкарэзамі, як толькі заўважыце. Галоўнае — не дапускаць
цвіцення!

Народныя. Прасцей за ўсё стварыць пустазеллю невыносныя ўмовы: восенню пры перакопванні ўнесці ў глебу вапну або мел, попел. Попел можна ўжываць у любы час. Такі спосаб значна знізіць кіслотнасць, і макрыца пакіне ўчастак сама сабой.

Хімічныя. Цалкам знішчае макрыцу «Раўн-
дап». Выкарыстоўваючы хімікат, дакладна прытрымлівайцеся інструкцыі, захоўвайце бяспечную дазіроўку і правілы апрацоўкі. Улічыце — «хімію» нельга прымяняць на градках і ў пладовым садзе, хіба толькі восенню падчас перакопкі.


Пырнік паўзучы

Неверагодна ўпартая расліна, якая выжывае ў любых умовах. А прычынай усяму карані, якія пранікаюць на глыбіню да 1 м. Адна расліна здольна даць 10 000 зярнятак насення, якое прарастае ўжо праз два тыдні. Пырнік заваблівае ў агарод шкодных насякомых — драцяніка, гесенскую муху і сцябловую соўку.

Спосабы барацьбы

Механічныя. Лепшы спосаб знішчэння пустазелля — гэта перакапаць участак віламі на вельмі вялікую глыбіню (да 30 см) і старанна пры гэтым выбраць рукамі карані. Нават маленькі адростак можа засмеціць увесь агарод. Выпалатыя расліны вынесіце за тэрыторыю і спаліце.

Народныя. Вельмі добра прыгнятае пырнік газонная трава. Моцна заражаныя ўчасткі рэкамендуюць заняць пад газон або проста засеяць канюшынай. Можа дапамагчы і мульчыраванне — пілавіннем, саломай, аграперлітам (пакідаючы крыжападобныя прарэзы для карысных культур).

Хімічныя. У ясную пагоду апырскваюць пустазелле «Раўндапам». Калі расліны пажоўкнуць (праз 7-10 дзён), перакопваем глебу і выдаляем карані. На газоне, дзе пустазелля няшмат, прэпарат можна наносіць пэндзлікам. «Хімія» не павінна трапіць на лісце і парасткі культурных раслін.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.