Вы тут

Боль у суставе? «Знасіўся» храсток


Артроз — гэта дэгенератыўны працэс у сустаўным храстку. Ён пачынае дрэнна выконваць сваю функцыю амартызатара, бо значныя механічныя нагрузкі, якія мы забяспечваем яму цягам жыцця, станчаюць яго і разбураюць.

Здаровы храсток падчас руху сціскаецца і расціскаецца, а ў хворага эластычнасці няма, і сустаў пазбаўляецца рухавасці. Прадукты сцірання храстка выклікаюць запаленне сустава і, як вынік, абмяжоўваюць рухавасць, правакуюць ацёчнасць і боль. У працэс зносу паступова ўцягваюцца і звязкі, і мышцы, з'яўляюцца касцявыя разрастанні — астэафіты, дэфармуюцца канцы касцей, што ўтвараюць сустаў.


«Наогул, артроз можа быць абумоўлены ўзростам і полам — часцей пакутуюць жанчыны, — адзначае ўрач-рэўматолаг 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Іна БАШТАВАЯ. — Значэнне мае і спадчыннасць, і наяўнасць лішняй вагі, але, па сутнасці, прычына ўзнікнення захворвання застаецца невядомай. Артроз можа развіцца таксама ў выніку іншых хваравітых станаў — пасля траўмы, унутрысустаўнога пералому, пашкоджвання меніскаў, звязак або па прычыне іншага запаленчага артрыту (рэўматоіднага, гнойнага, рэактыўнага і г.д.). Праблема можа быць і ў дысплазіях, рэцыдывуючых вывіхах суставаў, эндакрынных захворваннях (цукровы дыябет), метабалічных парушэннях (падагра), хірургічных умяшаннях».

Да ўрача хворыя звычайна звяртаюцца ўжо з болем, розным па інтэнсіўнасці, які з'яўляецца пасля фізічных нагрузак і сціхае ў спакоі. І гэта прыкмета ўжо значных змен у суставе. Задоўга да гэтага хворы ўжо адчуваў і ранішнюю скаванасць у суставах, і ацёчнасць пасля цяжкай працы, і гарачку, змяншэнне рухавасці і хруст у суставе. Боль паступова нарастае, сустаў запаляецца, пачынаецца атрафія мышачнай тканкі вакол яго. Па статыстыцы, па медыцынскую дапамогу на 1-й стадыі захворвання звяртаецца 1 % хворых, а на 3-й — ужо 81%!

Спецыфічных для астэаартрозу лабараторных змен няма. Дыягназ пацвярджаецца на рэнтгене: на здымку відаць несіметрычнае звужэнне сустаўной шчыліны, наросты на касці, кісты, склероз косці, што прылягае да храстка.

Часцей за ўсё пашкоджваюцца пры астэаартрозе каленныя суставы (гонартроз) і тазасцегнавыя (коксартроз). На руках звычайна церпяць суставы фалангаў пальцаў. Артроз, як правіла, узнікае спачатку на адным суставе, а пасля і на другім, сіметрычным яму. Бывае нават артроз пазваночніка, таму што пазванок — таксама сустаў. З-за зрастання некаторых суставаў пры артрозе рухавасць пазваночніка таксама абмяжоўваецца.

На самых пачатковых стадыях захворванне можна «закансерваваць» з дапамогай комплекснага лячэння і змянення ладу жыцця. І гэта можна лічыць вылечваннем, бо ніякіх сімптомаў не будзе. На 2-4-й стадыях можна толькі дабівацца паляпшэння стану, але аднавіць разбураны храсток не ўдасца.

Лячэнне ў асноўным скіравана на змяншэнне болю і запалення ў суставе, зніжэнне абмежаванняў рухавасці. Прыпыніць артроз цяжка. Аднак калі комлекснае лячэнне пачата на ранняй стадыі, вынікі будуць добрымі. Медыкаментозная тэрапія — гэта прыём анальгетыкаў, нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў, глюкакортыкастэроідаў для каля- і ўнутрысустаўнога ўвядзення. Рэкамендуюцца дыклафенак, німесулід, маваліс, напраксен, аксітэн, цэлебрэкс. Прыём унутр трэба спалучаць з мазямі, гелямі («Вальтарэн», «Фастум-гель», «Найз-гель» і інш.).

Разам з нестэроіднымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі абавязкова прызначаюцца хондрапратэктары, якія захоўваюць, аднаўляюць клеткі храстка. Іх можна назваць базіснымі прэпаратамі, бо яны з'яўляюцца натуральнымі кампанентамі храстка. Прымаць такія прэпараты трэба працягла, але ў выніку яны запавольваюць развіццё захворвання. Гэта хандратыну сульфат, глюказаміну сульфат (структум, дона, тэрафлекс, хандрамед), гіялуронавая кіслата, алфлутоп, дыяцэрэін (дыяфлекс).

Для разгрузкі суставаў патрабуецца і артапедычная карэкцыя — вусцілкі, накаленнікі, фіксатары, палкі.

Змяншаюць ацёк, запаленне сустава, паляпшаюць кровазварот фізіятэрапеўтычныя метады: электраіндуктатэрапія, святлолячэнне, цеплавыя і халадовыя працэдуры. Масаж мышцаў знімае спазм, актывізуе кровазварот, паляпшае самаадчуванне.

Падчас абвастрэння трэба забяспечыць суставу спакой. Пасля змяншэння болю праз 3-5 дзён можна пераходзіць да пастаяннай лячэбнай гімнастыкі, якая паляпшае крыва- і лімфазварот, расслабляе мышцы, дапамагае аднавіць аб'ём руху. Неабходна чаргаваць пасіўныя згібанні-разгібанні цягам дня. Добра развітая мускулатура разгружае сустаў, так што рэгулярнасць вельмі важная.

Шырока выкарыстоўваецца і фітатэрапія — экстракт чырвонага перца, капсіцын, настой лісця крапівы пры мясцовым прымяненні, корань індыйскага жэньшэню, спіртавыя экстракты асіны і рабіны звычайнай, кораню вярбы.

На 3-4-й стадыях артрозу каленных і тазасцегнавых суставаў паказана хірургічнае лячэнне — эндапратэзаванне.

Парады ад «КЗ»

  • Харчаванне павінна быць збалансаваным. Не варта мэтанакіравана ўжываць у ежу прадукты з храсткамі жывёл, халадзец — яны ніяк не нармалізуюць метабалічныя працэсы ў сустаўных храстках чалавека, а вось павысіць узровень халестэрыну могуць.
  • Папярэджванне траўматызму, своечасовае і эфектыўнае лячэнне пашкоджанняў касцей, мышцаў — рэч вельмі неабходная ў сэнсе прафілактыкі. Той, хто шмат працуе фізічна, каму неабходна падоўгу знаходзіцца ў адной позе, павінен рэгулярна рабіць перапынкі і мяняць становішча цела.
  • Абавязкова трэба займацца фізкультурай, плаваннем.
  • Сачыце за вагой і харчаваннем. Пры лішняй вазе артрозу не пазбегнуць. Ужывайце больш садавіны, гародніны, дастатковую колькасць вітамінаў А, В, С, Д, Е, якія звязваюць і выводзяць свабодныя радыкалы, што разбураюць храсток у запаленым суставе.
  • Своечасова выпраўляйце прыроджаныя і набытыя дэфармацыі, якія змяняюць вось канечнасці і правільную функцыю суставаў (дысплазіі тазасцегнавога і каленнага суставаў, вывіхі бядра, плоскаступнёвасць і іншыя паталогіі ступні).

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».