Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ:
— Да «Звязды» я прыйшоў праз адукацыйныя артыкулы. Прыемна, што калектыў рэдакцыі разумее, што будучыня краіны ў многім залежыць ад школы, ад таго, чаму і як вучаць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Таму чытачы маюць магчымасць далучыцца да праблем сучаснай школы, пачытаць думкі, якія выказваюць прафесіяналы, паглядзець, у якіх кірунках развіваецца перадавая практыка, убачыць, што ёсць педагогі, якія працуюць і развіваюцца адпаведна сусветным адукацыйным тэндэнцыям. Нам не патрэбна самаізаляцыя, настальгія па-мінулым, якое не вернеш...
Менавіта наша «Звязда» адной з першых «адкрыла» вельмі актуальную тэму медыяадукацыі. Не толькі педагогі, але і людзі іншых прафесій, пенсіянеры даведаліся пра неабходнасць выпрацоўкі ў сябе і ў падрастаючага пакалення крытычнага мыслення, якое з'яўляецца фільтрам у інфармацыйных патоках і дазваляе чалавеку разбірацца, дзе праўда, а дзе маніпуляцыя свядомасцю, і на гэтай аснове будаваць свае стратэгіі паводзін.
Газета не аднойчы знаёміла чытачоў праз артыкулы, рэпартажы з «круглых сталоў» з актыўнай ацэнкай — новай для нашай краіны тэхналогіяй навучання. Тэхналогіяй, якая ўключае дзяцей у актыўную дзейнасць, робіць іх адказнымі, матываванымі, дапамагае ім вучыцца, далучае бацькоў да адукацыйнага працэсу. Менавіта з газеты многія з іх даведаліся, што шкодна пытацца ў сына ці дачкі, якія прыйшлі са школы, што ты сёння атрымаў? Трэба пытацца, чаму ты навучыўся, што было цікавага, у чым сабой задаволены і чаму? Ці было табе сёння сорамна, што цябе здзівіла і г.д.
Ужо гэтыя прыклады сведчаць, што «Звязда» асвятляе вельмі актуальную адукацыйную тэматыку. На будучыню, на мой погляд, было б карысна звярнуцца да вельмі актуальнай тэмы партнёрства школы, настаўнікаў і бацькоў. Яшчэ адна перспектыўная тэма — укараненне ў практыку перакуленага навучання. Добра, калі пра гэта будзе пісаць цэнтральная грамадска-палітычная газета, а не прафесійная. Справа ў тым, што пры перакуленым навучанні — іншы змест і спосаб выканання вучнямі дамашніх заданняў. І каб не было непаразуменняў паміж настаўнікам і бацькамі, апошніх трэба знаёміць з новай адукацыйнай палітыкай. Няхай яны потым, прачытаўшы артыкул у газеце, пытаюцца: «А чаму ў нашай школе такога няма?». І, канешне, я не магу не падтрымаць адданасць журналістаў «Звязды» роднай мове. Для мяне мова — неад'емная частка майго жыцця. Таму хацелася б, каб кола прыхільнікаў і беларускай мовы, і беларускамоўнай газеты пашыралася...
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.