Вы тут

У Лошыцы адкрылася новае аддзяленне паштовай сувязі


Жыхары сталічнай Лошыцы ўздыхнулі з палёгкай: днямі ў іх мікрараёне на вуліцы Шпілеўскага, 54 гасцінна расчыніліся дзверы новага аддзялення паштовай сувязі. Падчас яго адкрыцця мы даведаліся, якія паслугі аказвае пошта і што такое паштаматы.


Лошыца — мікрараён, які актыўна развіваецца. Каля новай пошты — куды ні глянь — новабудоўлі ды вежавыя краны. Асноўная частка насельніцтва — маладыя сем'і, таму нават на адкрыцці аддзялення сувязі было ўражанне, што большасць прысутных — дзеці. Пакуль яны з цікавасцю разглядалі блакітныя (фірменны колер пошты) паветраныя шары, іх бацькі ўважліва слухалі выступоўцаў.

Цяпер у Мінску 119 паштовых аддзяленняў. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Андрэй Уладзіміравіч Бандарэнка адзначыў, што новае — будзе абслугоўваць амаль 16 тысяч жыхароў, і для Лошыцы дзвюх пошт пакуль дастаткова. Але ўжо сёння вядуцца пошукі памяшкання для трэцяй, бо пошта і сапраўды — адзін з найважнейшых элементаў інфраструктуры.

...У новабудоўлі, што цалкам лагічна, ёсць новаўвядзенні. У аддзяленні сувязі №67 для зручнасці кліентаў нават «прастора» ўмоўна падзелена на дзве часткі, у кожную з якіх асобны ўваход: адзін — для прыёму і выдачы паштовых адпраўленняў, другі — для выплат пенсій і дапамог, аплаты камунальных паслуг, афармлення падпіскі на друкаваныя выданні ды іншых аперацый. Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне дазваляе фіксаваць месцазнаходжанне кожнага паштовага адпраўлення на стэлажы, што істотна аблягчае яго пошук. Такі спосаб арганізацыі працы аддзяленняў сувязі актыўна ўкараняецца па ўсёй краіне і дапамагае значна паскорыць працэс абслугоўвання кліентаў.

Але ж гэта не значыць, што ім прыйдзецца стаяць у дзвюх чэргах, калі, напрыклад, спатрэбіцца адправіць пасылку і аплаціць за святло. Яны змогуць выканаць абедзве аперацыі ў адным акне: скажам, там, дзе выдаюць пасылкі.

Першыя наведвальнікі прыходзяць якраз па іх. Мужчына з маленькай дачкой усміхаецца: «Пошту адкрылі сёння, а запрашэнне прыйсці сюды, каб атрымаць пасылку, прыйшло яшчэ ўчора. Вось гэта сэрвіс!».

Маладая мама Таццяна прыйшла на адкрыццё з дзіцячым вазком. На яе радасць, уваход у памяшканне дазваляе гэта зрабіць без ніякіх намаганняў. Яна прызнаецца, што пошту наведвае часта: аплаціць паслугі, атрымаць пасылкі з таварамі.

А наогул у новым аддзяленні сувязі гатовы аказаць 64 віды паслуг. Для тых, хто аддае перавагу самаабслугоўванню, устаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал. Аднак, як запэўнівае начальнік вытворчасці «Мінская пошта» РУП «Белпошта» Віктар Бутрым, электронныя прылады яшчэ не хутка заменяць людзей: «Мы адсочваем запатрабаванасць розных відаў паслуг, і на падставе гэтага ўносім карэктывы. Калі высветліцца, што людзям больш патрэбны так званыя інфакіёскі, мы паставім дадатковыя. Але ж пакуль нашы аператары могуць адказаць кліенту на любыя пытанні, нешта даходліва патлумачыць, чаго машына не зробіць».

Разважанні Віктара Францавіча ахвотна падтрымлівае адна з кліентак: «Я пытаю ў сваёй бабулі: «Чаму ты не карыстаешся інфакіёскам, гэта ж зусім не складана?» А яна мне з усмешкай адказвае: «Ты не разумееш, я хаджу на пошту не толькі для таго, каб аплаціць паслугі... Мне прыемна пагаварыць з чалавекам, паглядзець на іншых людзей».

Тым не менш беларуская пошта прызнана адной з найлепшых у свеце па ўзроўні развіцця электронных паслуг. Тэхналогіі бяруць сваё. У хуткім часе, напрыклад, кліенты пошты змогуць самастойна атрымліваць адпраўленні, ажыццяўляць плацяжы і афармляць падпіску на газеты ды часопісы ў зручных месцах і ў любы час сутак з дапамогай так званых паштаматаў. Яны будуць усталяваны ў месцах, дзе заўсёды многа людзей — на станцыях метро, ля буйных гандлёвых аб'ектаў...

А пакуль у прыярытэце развіцця РУП «Белпошта» — павышэнне хуткасці і якасці абслугоўвання. Ужо досыць даўно створаны аддзяленні сувязі, якія аказваюць паслугі толькі юрыдычным асобам. У планах — адкрыццё ультрасучаснага аддзялення з дэманстрацыйнай залай для VІP- і бізнес-кліентаў. На ліпень запланавана адкрыццё вялікага аддзялення сувязі ў сталічным мікрараёне Лебядзіны.

Загаловак у газеце: Вось гэта сэрвіс!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?