Вы тут

Пераемнасць пакаленняў


На выстаўцы «Школа класікаў. Беларускае і рускае мастацтва XІX—ХХ стагоддзяў».

Мастацтва, якое стваралася на працягу амаль двухсот гадоў, больш як 80 твораў жывапісу і графікі ў чатырох залах  гэта ўсё экспазіцыя «Школа класікаў. Беларускае і рускае мастацтва XІX—ХХ стагоддзяў». Вернісаж прайшоў 6 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта «Нашы калекцыі».


І. Хруц­кі. Дзяў­чын­ка ў бла­кіт­най су­кен­цы.  Ся­рэ­дзі­на 1840-х.

Побач размясціліся работы настаўнікаў, прафесараў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у савецкі час — Тэатральна-мастацкага інстытута) і іх вучняў, не менш таленавітых і вядомых. Пераемнасць традыцый з афарбоўкай у індывідуальныя колеры, нараджэнне новых тэндэнцый у жывапісе, працэс змены стыляў і тэм — гэта ў экспазіцыі добра прасочваецца.

Асобныя работы ўжо даўно не экспанаваліся. Некаторыя карціны класічныя, нават акадэмічныя, але гэта не адмяняе іх бясспрэчнай каштоўнасці.

Каго можна ўбачыць на выстаўцы? Многія беларускія імёны, нягледзячы на іх вядомасць, гледачы адкрыюць упершыню. Многія мастакі з'язджалі за мяжу, а потым іх лічылі ці то палякамі, ці то рускімі.

Ці ведалі вы пра Максіма Вараб'ёва? Яго называлі майстрам пецярбургскіх пейзажаў. Петрапаўлаўская крэпасць або Ісакіеўскі сабор на яго карцінах – як фотаздымкі з паштовак, рамантычныя і вобразныя. Час росквіту творчасці – 1820—1840-я гады. Яго работы маюць дакументальную каштоўнасць, яны загадкавыя і прыцягальныя. Начная прыстань Нявы з егіпецкімі сфінксамі – нібы кадр з фільма «нуар».

А вось славуты беларус Іван Хруцкі, ураджэнец мястэчка Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні, які ўзвысіў жанр нацюрморта, стаў яго заканадаўцам з трапяткім стаўленнем да дэталізацыі, выразнасці і ўрачыстасці. Але ў яго спадчыне ёсць нават іконы, шмат сямейных і жаночых партрэтаў, вельмі пяшчотных, вытанчаных.

Яшчэ адзін прадстаўлены жывапісец, што стаіць на мяжы «рускі-беларус», — Апалінарый Гараўскі. Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям'і. Вучыўся ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе. А потым лёс нечакана занёс яго ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. На тыя часы лепш было вучыцца ў Вільні ці горадзе на Няве, бо ў Беларусі яшчэ не было добрых умоў для мастакоў. Адна з першых карцін Гараўскага «Балота», напісаная на радзіме, была набыта царскай сям'ёй для асабістай калекцыі. У мастацкім музеі сёння каля 40 яго карцін, каля ўваходу ў экспазіцыю — некалькі графічных эцюдаў.

Напэўна, вы спыніцеся перад карцінамі Архіпа Куінджы. Яго пейзажы з шэрагу містычных. Традыцыйныя і незвычайныя адначасова, задзірліва глыбокія і стройныя, велічныя ў сваёй цішыні, з цёплымі дарожкамі святла, што прабіваецца паміж дрэвамі і хвалямі вады... Такі яго «Бярозавы гай». Так, справа менавіта ў майстэрстве стварэння светлавых ліній і пераходаў. Вучыўся Куінджы, дарэчы, у Айвазоўскага. А адзін з вучняў майстра — Мікалай Рэрых. За аснову творчасці лічыў пазнанне прыроды, а не яе сляпое капіраванне.

Чароўнасць акварэлі — у творах Фёдара Ясноўскага. Ён ажыўляе на палотнах нават камяні. Акадэмік акварэльнага арнаментальнага жывапісу. Горад ці вёска, пахмурныя альбо асветленыя сонцам мясціны — яго карціны па экспрэсіі нагадваюць імпрэсіяністаў. Ім, безумоўна, верыш.

Гіпнатызуюць партрэты Сяргея Заранка  палымяны позірк грузінскай княгіні ці станістага пажылога мужчыны ў дарагім, аблямаваным футрам халаце. У перадзвіжніка Абрама Архіпава іншыя персанажы ? чырванашчокія, у яркіх сукенках, мажныя паненкі, што так і дыхаюць здароўем і шчасцем.

У пазалочанай раме — жоўтае поле Палесся ў перыяд жніва ад... Івана Шышкіна, знаўцы адметных рысаў дрэў, кустоў і траў і адданага прыхільніка фатаграфічнай дасканаласці. Яго ідэі падхоплівае Вітольд Бялыніцкі-Біруля, аўтар лірычных і тонкіх пейзажаў. У экспазіцыі прадстаўлены яго карціны «Хмурны дзень» і «Блакітнай вясной», зусім розныя па настроі і палітры, таму іх цікава параўнаць.

Асаблівая ўвага надаецца карціне Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла», напісанай у 1899 годзе. Яна адзіная, напісаная гэтым мастаком ў Беларусі. Сіняе вясновае неба і вернікі. Мы бачым іх спіны, але добра адчуваем энергетыку — у навакольным сонечным настроі, веснавым надвор'і, мяккіх аблоках. Наш зямляк з'явіўся на свет пад Ашмянамі. Спачатку майстэрству вучыўся ў Шышкіна і Куінджы, а потым праславіўся яшчэ і як афарміцель спектакляў, кніжны графік і ілюстратар. Такая ўніверсальнасць вылучае многіх мастакоў таго часу.

«Кравец» легендарнага Юдаля Пэна... міма гэтай карціны не пройдзеш. Беларускі мастак, адзін з самых прыкметных дзеячаў «яўрэйскага рэнесансу», настаўнік Марка Шагала.

Работ апошняга на выставе няма, затое на сценах шчырасць прыроды, пазбаўленая пышнасці і дэкаратыўнасці ад Станіслава Жукоўскага, велічнае палатно «Зямля беларуская» ад Паўла Масленікава, напісанае ўжо амаль у 1980-я, у час перамен. Яны адчуваюцца на карціне, быццам павіслі ў насычаным паветры, згрупаваных аблоках, сакавітай зямлі. Зачароўвае «Жнівень» ураджэнца магілёўскай зямлі, народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі. Гэта таксама амаль сярэдзіна ХХ стагоддзя. Побач — зямля салігорская Мая Данцыга. І, уласна, «ХХ стагоддзе. 1980-я» Міхаіла Савіцкага. Сацыяльнае выходзіць на першы план. Смеласць ідзе поруч з асабістай інтэрпрэтацыяй. Час змяняе мастацтва, каб яно само ператварыла рэчаіснасць.

Выстаўка доўжыцца да 7 жніўня.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».