Гучыць вядомая папулярная песня, артыст прадстаўляе публіцы аўтара тэксту, паэт чытае вершы... Гэты фармат падаецца аптымальным для кожнага канцэрта, але, на жаль, так здараецца не заўсёды. Літаратурная гасцёўня ў Маладзечне — адно з мерапрыемстваў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016» — стала запамінальным знаёмствам жыхароў горада з беларускімі паэтамі, спевакамі і кампазітарамі.
Выканаўцы дзякавалі творцам за добрыя вершы, паэты нагадвалі аўтараў музыкі — і многія гледачы ўпершыню са здзіўленнем даведаліся, хто напісаў такія вядомыя песні, як «Родны кут» (словы Міхася Пазнякова, музыка Сяргея Краўца), «Балада пра званочак» (словы Навума Гальпяровіча, музыка Алега Сямёнава). Кампазітары сталі адначасова выканаўцамі гэтых песень і разам з паэтамі завіталі ў літаратурную гасцёўню. Прадстаўлялі творцаў журналісты, вядучыя тэле- і радыёперадач Навум Гальпяровіч і Таццяна Сівец.
Падчас мерапрыемства маладзечанцы пачулі вершы паэтаў-лірыкаў Міхася Пазнякова, Міколы Шабовіча і Уладзіміра Мазго, пазнаёміліся са Змітраком Марозавым — унікальным аўтарам, які напісаў першы ў беларускай літаратуры вянок вянкоў санетаў. Абаяльны Анатоль Зэкаў павесяліў публіку гумарэскамі і пародыямі, маладая і ўсмешлівая Маргарыта Латышкевіч запрасіла ў дзівосна-фантастычны паэтычны свет. Зачаравалі публіку песні пад гітару Алесі Сівохінай і вядомага барда Алеся Камоцкага.
Сёлета паэтычная гасцёўня мела назву «Малітва за Беларусь» і была прысвечана памяці Уладзіміра Мулявіна, таму знакамітая песня «Малітва» кампазітара Алега Молчана на словы Янкі Купалы двойчы гучала з экрана. Дарэчы, менавіта з наведвання Вязынкі — месца нараджэння будучага класіка Івана Луцэвіча — распачалося літаратурнае падарожжа творцаў.
Паэтычныя гасцёўні — адносна нядаўняя з'ява на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Колішнія традыцыі фэсту нагадаў Навум Гальпяровіч:
— Упершыню на фестываль у Маладзечна я трапіў, калі працаваў у Полацку, быў уласным карэспандэнтам беларускага радыё. Для мяне сустрэча з фестывалем была найвялікшым святам. Тады паэтычныя чытанні ладзіліся ў скверыку — выступалі самыя вядомыя творцы — Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, было шмат людзей за аўтографамі. Пасля я неаднойчы бываў на фестывалі, і заўсёды нечага крыху не хапала — нібыта песня была на першым плане, а паэты займалі людзей паміж канцэртамі. І хай сабе людзей было шмат, яны прыходзілі ў парк, але галоўнай падзеяй была музыка, выканаўцы. Прыемна, што гэта патрошку змяняецца і паэтычныя гасцёўні, якія мы ладзім трэці год, асобна збіраюць людзей. Малая зала Палаца культуры — гэта невялікая пляцоўка, тут камерная атмасфера, але прыходзяць людзі, гучаць вершы і песні. Важна, каб свята працягвалася, бо песня і паэзія — гэта сродкі, каб сказаць пра Беларусь, каб гучала наша нацыянальная мова.
Наведвальнікі літаратурнай гасцёўні пакідалі Палац культуры ўсцешанымі, у адрас паэтаў і артыстаў неаднойчы гучалі ўхвальныя словы з залы. Вядучыя і выступоўцы здолелі перадаць публіцы адмысловы паэтычны настрой, падтрымаць які дапамогуць прадстаўленыя са сцэны літаратурна-мастацкія выданні, тэле- і радыёперадачы, і, вядома, лепшыя кнігі ўлюбёных паэтаў.
Юлія ШПАКОВА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.