Вы тут

Кроў аб'ядноўвае ўсіх нас


Кожнаму другому-трэцяму жыхару патрабуецца цягам жыцця гематрансфузія — пераліванне крыві. Нездарма гэту «чырвоную вадкасць» называюць нацыянальным рэсурсам. Лічыцца, што кожная краіна павінна самастойна забяспечваць такую патрэбу для свайго насельніцтва, і Беларусь гэта робіць.


Летась у краіне было звыш 90 тысяч донараў — менавіта столькі людзей удзельнічалі ў данацыях. Дзякуючы ім удалося нарыхтаваць 218 т донарскай крыві, што стала самым вялікім паказчыкам за ўсе гады. Служба крыві сёння — гэта 19 станцый пералівання крыві, 6 абласных і 13 гарадскіх, 33 аддзяленні і крыху больш за 160 кабінетаў трансфузіялагічнай дапамогі.

— Штогод у нашай краіне праводзіцца не менш за 70 трансплантацый печані і не менш за 150 — стваловых гемапаэтычных клетак, а яшчэ трансплантацыі сэрца, нырак — усё гэта патрабуе трансфузіялагічнай падтрымкі, якая павінна аказвацца на самым высокім узроўні, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Эсфір СВІРНОЎСКАЯ. — Мы сёння навучыліся рацыянальна выкарыстоўваць кожную дозу донарскай крыві і кантраляваць яе бяспеку. Кожнае пераліванне любога кампанента крыві павінна быць бяспечным, па-першае, з пункту гледжання імуналагічнага (сумяшчальнага). Другі від бяспекі — інфекцыйная. Ніводная краіна свету пакуль не можа гарантаваць 100-працэнтную бяспеку пералівання крыві. Таму рэкамендуецца пераліваць кроў толькі па строгіх паказаннях.

— У бліжэйшыя два гады мы будзем укараняць яшчэ больш сучасныя метады абследавання донарскай крыві на маркёры інфекцый, — удакладняе дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар КАРПЕНКА. — Будзе стварацца і адзіная інфармацыйная прастора службы крыві. Паралельна будзем працягваць працаваць над тым, каб донарства станавілася добраахвотным, рэгулярным і бязвыплатным.

Найвышэйшы ўзровень транфузіялагічнай дапамогі, дасягнуты пакуль толькі 18-цю краінамі Еўропы, стаў магчымым там, дзе донарства — цалкам бязвыплатнае (донар не атрымлівае грашовае заахвочванне). Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўсе краіны ісці менавіта па такім шляху развіцця трансфузіялагічнай медыцыны.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.