Вы тут

Як не азмрочыць летні адпачынак?


Калі мы кажам пра дзіцячы траўматызм, то першая асацыяцыя, якае ўзнікае, — гэта трагічныя выпадкі на пажарах, утапленні, дарожна-транспартныя здарэнні, падзенні, атручэнні... Але чамусьці забываемся на тое, што атрыманая траўма для дзіцяці можа закончыцца групай інваліднасці. І тады якасць жыцця будзе кардынальна зніжана. Як жа зрабіць лета максімальна бяспечным?


Стварыце радыус бяспекі

— Давайце паглядзім на нядаўнія надзвычайныя здарэнні з удзелам дзяцей, — аналізуе сітуацыю галоўны спецыяліст упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Батура. — Пад Бабруйскам у красавіку чатырохгадовы хлопчык гуляў ля разведзенага агню і зваліўся ў яго. Малы моцна апёк левую руку. У Смалявіцкім раёне вучань дзявятага класа распальваў на прыватным падворку вогнішча і выкарыстаў для гэтага бензін. На падлетку загарэліся штаны. Бацькі звярнуліся да ўрачоў толькі на наступны дзень...

Зараз па краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Канікулы без дыму і агню». Ратаўнікі прыходзяць з цікавымі навучальнымі праграмамі ў дзіцячыя садкі, прышкольныя летнікі. Дапамагаюць ім актывісты раённых і гарадскіх аддзяленняў Беларускай маладзёжнай грамадскай добраахвотнай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных і студэнты-валанцёры.

Але на ратаўнікоў спадзявайся, ды і сам старайся.

— Мы рэкамендуем бацькам, бабулям і дзядулям вызначыць для малых так званы радыус небяспекі, — раіць памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Яго велічыня прама залежыць ад узросту малога. Чым ён старэйшы, тым небяспекі больш. Вакол дома, дзе малы бавіць больш часу, самыя распаўсюджаныя фактары рызыкі — гэта незакрытыя калодзежы, вадаёмы, разнастайныя лясныя масівы і дарогі. Па магчымасці іх неабходна ліквідаваць, напрыклад прыбраць у пуню сельскагаспадарчыя прылады, замкнуць падвалы, дзверы. Калі ж патэнцыйную небяспеку ўяўляе аб'ект, на які паўплываць непасрэдна не атрымліваецца, то абавязкова трэба сесці і абгаварыць гэта з малым. І, на маю думку, праводзіць лікбез патрэбна з дзецьмі ўсіх узростаў.

Група рызыкі — да пяці гадоў

Спецыялісты прааналізавалі вынікі і прычыны дзіцячага траўматызму. Па іх падліках, за пяць гадоў дзяцей стала гінуць па розных прычынах удвая меней. І гэта можна назваць калектыўным поспехам усіх зацікаўленых ведамстваў.

— Але нас насцярожвае адна заканамернасць: гібель дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў застаецца, па сутнасці, нязменнай, — гаворыць загадчыца лабараторыі РНПЦ «Маці і дзіця» Таццяна Гнядзько. — І калі з дзецьмі старэйшага ўзросту мы працуем вельмі актыўна, каб да іх дастукацца, то бяспечны свет ранняга дзяцінства — гэта прэрагатыва ў першую чаргу бацькоў. Яны і адказваюць за дзіця, якое развіваецца і спазнае свет. Малы ва ўзросце ад паўтара да двух гадоў пачынае ўсведамляць, што прадметы вакол яго існуюць незалежна. Гэта выклікае ў яго надзвычайную цікавасць да іх. Плюс дзеці любяць капіраваць паводзіны бацькоў. А калі нагляд за імі па розных прычынах аслабляецца, то малых і цягне на рызыкоўныя «подзвігі».

Спецыялісты па выніках назірання апошніх гадоў вылучаюць некалькі «гарачых кропак». На прысядзібным участку гэта вельмі папулярныя цяпер надзіманыя басейны, якія дарослыя пакідаюць адкрытымі. Для сталага чалавека яны небяспекі не ўяўляюць, а для двухгадовага дзіцяці гэта прыцягальны аб'ект, з якога ён можа ўжо і не выбрацца.

Невідавочнай на першы погляд пагрозай з'яўляюцца садовыя арэлі. Іх або дрэнна мацуюць пры мантажы, або пры набыцці не ўлічваюць узрост дзіцяці. І, як вынік, пад большай вагой яны разлятаюцца падчас палёту. Ды і пра наваколле гушкалкі таксама трэба паклапаціцца: прыбраць усё каменнае і металічнае.

Яшчэ адно месца небяспекі — вокны. У аўтара гэтых радкоў дагэтуль стаяць старыя савецкія вокны з вялікай рамай і дзвюма маленькімі форткамі. Вядома, ім можна паставіць у віну шмат чаго — і неабходнасць уцяплення, і перыядычнага фарбавання... Але ў чым яны даюць фору ў сто ачкоў, дык гэта ў бяспецы. Акно спраектавана настолькі хітра, што раму і ніжнюю фортку можна адчыніць толькі пасля верхняй. А ручка верхняй форткі знаходзіцца на адлегласці прыкладна 1 метр 90 см ад падлогі. Гэта значыць, што да яе малы зможа дацягнуцца рукой і на дыбачках толькі ў гадоў дзесяць.

На жаль, падчас замены старых вокнаў на сучасныя шклопакеты бацькі не заўжды ўспамінаюць пра тое, што цяпер рамы расчыняюцца на ўсю вышыню праёма. А механізм, які спрацоўвае лёгка, акажацца па зубах і малому. Таму лепш крыху даплаціць, але заказаць вокны са спецыяльнымі замкамі або набыць трымальнікі.

— Дзеці, якім яшчэ не споўніўся год, гінуць часцей за ўсё з-за асфіксіі, выкліканай праглынаннем іншароднага цела, — працягвае Таццяна Гнядзько. — Ці вельмі лёгка здымаюць накрыўку батарэечнага адсека з якойсьці прыгожай цацкі, цягнуць элементы сілкавання ў рот, глытаюць і... зарабляюць цяжкі хімічны апёк. Таму пры выбары забаўкі на батарэйках для малога неабходна разглядаць толькі тыя мадэлі, дзе адсек сілкавання вельмі надзейна замацаваны на шрубах.

А з ліпеня дабавіцца яшчэ адна небяспечная абставіна. За чвэрць стагоддзя мы збольшага адвыклі ад манет, якія зноў увойдуць у наш побыт. А бліскучыя дробныя металічныя кружкі вабяць да сябе дзяцей. Спецыялісты чакаюць з-за гэтага рост дзіцячага траўматызму.

«Мы і не думалі, што дзіця гэта ўжо ўмее»

Вядома, што большасць няшчасных выпадкаў з дзецьмі адбываюцца з-за дрэннага нагляду за імі. Калі ў сям'і ёсць старэйшыя дзеці, то па розных прычынах дарослыя час ад часу перадаручаюць кантроль за малодшым братам ці сястрычкай менавіта ім. Але і іх таксама трэба навучыць правілам назірання.

— Большасць бацькоў, якія перажылі падобныя трагедыі, пасля казалі: мы і не думалі, што наша дзіця на гэта ўжо здольнае, — згадвае Таццяна Гнядзько. — Менавіта таму ў Беларусі з'явяцца цэнтры па навучанні бацькоў стварэнню бяспечных умоў для сваіх дзяцей. Ужо распрацавана спецыяльная праграма. Мяркуецца, што адкрыюцца яны да канца года.

А Міністэрства па надзвычайных сітуацыях запусціла бясплатную мабільную праграму «Дапамога побач». Ратаўнікі будуць вельмі ўдзячныя бацькам, якія ўсталююць яе на смартфоны і планшэты дзяцей. Спампаваць яе можна з Google Play Market. Гэта зрабілі ўжо больш за 5 тысяч чалавек. І водгукі аб ёй карыстальнікі пакідаюць толькі станоўчыя. Акрамя таго, ратаўнікі выклалі на Youtube спецыяльны фільм пра «недзіцячыя гульні», зняты на падставе рэальных гісторый дзяцей, якія трапілі ў бяду па віне дарослых.

Загаловак у газеце: Дзеці пад наглядам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».