Вы тут

У процівагу «дзікай» канкурэнцыі


Ключавой мэтай новага міністэрства будзе абарона ўнутранага рынку краіны шляхам стварэння роўных канкурэнтных умоў для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Аб гэтым учора паведаміў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч, які падкрэсліў, што стварэнне антыманапольнага міністэрства сведчыць пра гатоўнасць эканомікі нашай краіны і надалей ісці рыначным шляхам, а асноўнай прычынай такой рэарганізацыі стала лібералізацыя рынку.


Акрамя таго, паводле слоў міністра, менавіта цывілізаваная канкурэнцыя з'яўляецца тым дзейным інструментам, які дазваляе забяспечыць нармальнае цэнаўтварэнне. Таму адной з прычын прыняцця рашэння аб стварэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю стала адсутнасць эфектыўнай канкурэнтнай палітыкі.

Каб не было змоў

Уладзімір Калтовіч нагадаў, што сёлета ў студзені было прынята рашэнне аб поўнай адмене рэгулявання спажывецкіх цэн. Рэгуляванне засталося толькі на агароднінную групу і ажыццяўляецца мясцовымі органамі ўлады — аблвыканкамамі. «Калі было прынята гэтае рашэнне, я ўзяў на сябе смеласць і сказаў, што цэнавых усплёскаў не будзе, таму што ў краіне створана дастатковае канкурэнтнае асяроддзе, якое дазваляе прадаваць тавар без завышэння цэн.

З іншага боку, у любой дзяржаве свабодная канкурэнцыя, як правіла, прыводзіць і да негатыўных наступстваў у выглядзе манапалістычных праяў — змоў, пагадненняў, якія і з'яўляюцца фактамі неабгрунтаванага ўстанаўлення высокіх коштаў. Таму і паўстала пытанне аб стварэнні антыманапольнага органа», — растлумачыў ён.

«Тая структура ў сферы антыманапольнага рэгулявання, якая існавала ў краіне да апошняга часу, ужо не адпавядае патрабаванням інтэграцыйных працэсаў у межах ЕАЭС», — удакладніў сваю пазіцыю міністр гандлю. «Сёння Беларусь з'яўляецца часткай Еўразійскай прасторы, і нам трэба размаўляць на той жа заканадаўчай «мове», на якой размаўляюць усе астатнія. Ва ўсіх краін ёсць такія органы, ёсць механізмы і падыходы, па якіх фарміруецца антыманапольная палітыка. Цяпер і мы ствараем падобны орган», — паведаміў Уладзімір Калтовіч.

У якасці новай структуры Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі пачне функцыянаваць з 8 верасня. Паводле слоў міністра, Указам Прэзідэнта аб стварэнні гэтага ведамства адведзена тры месяцы на правядзенне ўсіх працэдур і шэсць — на ўнясенне змяненняў у нарматыўныя прававыя акты, дзе згадваецца Мінгандлю. Цяпер у міністэрстве распрацоўваецца новая структура. Плануецца, што ў ёй будзе некалькі блокаў, у тым ліку па антыманапольнай палітыцы і цэнавым рэгуляванні. Яшчэ адзін блок тычыцца выканання міністэрствам міжведамасных функцый у частцы рэалізацыі палітыкі ў галіне дзяржаўных закупак, кантролю рэкламнай дзейнасці, абароны правоў спажыўцоў, нетарыфнага рэгулявання і ліцэнзавання, а таксама рэгулявання спажывецкага рынку.

Гандлёвыя інспекцыі на месцах будуць аб'яднаны з антыманапольнымі службамі. «У перспектыве гандлёвыя інспекцыі, якія сёння працуюць толькі з гандлем, стануць працаваць як падраздзяленні, што павінны праводзіць у тым ліку антыдэмпінгавыя даследаванні. Прагназуецца, што ў зоне ўвагі такіх інспекцый будзе не толькі гандаль, але і абсалютна ўсе суб'екты гаспадарання на падведамасных тэрыторыях.

Супраць нядобрасумленнай барацьбы

А яшчэ міністр паведаміў, што іх спецыялістамі рыхтуюцца змены ў закон аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. «Развіццё інстытута абароны ад нядобрасумленнай канкурэнцыі прадугледжвае дэталізацыю пераліку яе формаў. Закон прапануе разгледзець у якасці нядобрасумленнай канкурэнцыі дзеянні суб'екта, накіраваныя на дыскрэдытацыю канкурэнта, прадугледжвае забарону на канкурэнцыю шляхам увядзення ў зман, устанаўлівае забарону на некарэктныя параўнанні. У ім таксама будзе дэталёвае апісанне відаў нядобрасумленнай канкурэнцыі. Асобны артыкул раскрывае формы нядобрасумленнай канкурэнцыі, звязаныя з незаконным атрыманнем, выдаваннем і выкарыстаннем інфармацыі, якая складае камерцыйную тайну», — растлумачыў ён.

Уладзімір Калтовіч адзначыў, што дакумент будзе дапоўнены паняццямі «манапольна нізкая» і «манапольна высокая» цана. «У новым законе прапануецца ўвесці паняцце прыкмет абмежавання канкурэнцыі, якія цяпер адсутнічаюць. Праект закона канкрэтызуе забароны на антыканкурэнтныя акты і дзеянні», — паведаміў ён і дадаў, што антыманапольны орган можа ўплываць на рашэнні дзяржаўных органаў, якія будуць прымацца на шкоду канкурэнцыі. Паводле слоў спікера, гэты закон цяпер унесены на ўзгадненне зацікаўленым дзяржорганам, а разгледзець у парламенце яго плануюць ужо гэтай восенню.

Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты ўсе рашэнні для забеспячэння будучага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання функцыямі для эфектыўнага правядзення палітыкі ў гэтай сферы.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?