Вы тут

Сёння беларускі будуць вязаць у публічных месцах


У адну з субот чэрвеня ў розных краінах адзначаецца неафіцыйнае, нетрадыцыйнае, але ад таго не менш цікавае свята — Сусветны дзень вязання на публіцы (World Wіde Knіt іn Publіc Day). Як сцвярджаюць энтузіясты вязальнага руху, яго заснавальніцай стала жыхарка Парыжа Даніэль Лендэс, якая ў 2005 годзе падахвоціла сваіх прыяцелек пакінуць душныя кватэры і ўзяць кошыкі з рукадзеллем на вольнае паветра.


Ідэя хутка набыла папулярнасць і ў аматараў вязання з іншых краін. Цяпер майстры не толькі займаюцца любімым хобі ў грамадскіх месцах (у парках, кавярнях, у грамадскім транспарце і нават у бібліятэцы!), але таксама дзеляцца з усімі ахвотнымі сакрэтамі вязання пруткамі ці кручком, арганізуюць дабрачынныя кірмашы вязаных вырабаў і нават праводзяць адмысловыя спаборніцтвы вязальшчыц. У акцыі нават з'явілася міжнародная эмблема — два перакрыжаваныя пруткі на фоне геаграфічнай карты Еўропы. Зрэшты, гэты лагатып паспеў ужо страціць актуальнасць — цяпер, паводле розных крыніц, Сусветны дзень вязання праходзіць не менш як у 300 гарадах Еўропы і ЗША, а сёлета да яго далучацца прадстаўніцы Кітая, Інданезіі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Аўстраліі...

Дарэчы, вось ужо некалькі гадоў, як з гэтай справай шчыльна «звязаліся» і беларусы. Напрыклад, у 2012 годзе ўдзельніцы публічнага вязальнага флэшмобу зладзілі ў сталічным парку Перамогі адкрыты майстар-клас для аматараў гэтага віду рукадзелля, выставу сваіх твораў, а таксама імправізаваны модны паказ. Плануецца зладзіць «выхад у людзі» і сёлета, прычым не толькі ў Мінску. Так, у Брэсце сёння ў межах Сусветнага дня вязання, акрамя ўласна вязання на публіцы, адбудзецца дабрачынная акцыя — перадача вязаных шалікаў, пальчатак і шкарпэтак у падарунак дзецям, якія знаходзяцца ў гарадскім сацыяльным прытулку.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Звязаныя адной мэтай

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.