Вы тут

Да апошняга кліента


1 ліпеня заканчваецца тэрмін прыёму заяў на прыватызацыю жылля. А вось пасля гэтай даты ўсе непрыватызаваныя кватэры будуць пераведзены ў разрад жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Колькі падобнага жылля застаецца ў нашай краіне і што з ім будзе надалей? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць спецыялісты Мінжылкамгаса, Дзяржкаммаёмасці і сталічнай мэрыі.


Заявы 30 чэрвеня будуць прымаць да 24.00

Прыватызацыя жылых памяшканняў доўжыцца ў Беларусі 24-ы год, бо першая дзяржаўная кватэра атрымала статус прыватнай яшчэ ў 1993 годзе. У гэты час у прыватызацыі назіралася некалькі ўсплёскаў актывізацыі, напрыклад, калі ў 1998—1999 гадах зрабіць такое пераафармленне было найбольш танна, або — у 2007 годзе, калі заканчваўся тэрмін перарэгістрацыі чэкаў «Жыллё». Сёлета насельніцтва таксама заварушылася, бо ў гэтым працэсе вырашылі паставіць кропку.

Паводле інфармацыі намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзя Трубілы, па стане на сярэдзіну чэрвеня ў краіне яшчэ застаюцца непрыватызаванымі каля 160 тысяч жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду з уліку жылля, якое падлягае прыватызацыі. Атрымліваецца, што прыкладна 93% існуючага жыллёвага фонду знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян. Аднак астатнія 7% застаюцца даволі ўнушальнай лічбай, таму спецыялісты камунальнага сектара з другой дэкады чэрвеня вырашылі пісьмова інфармаваць аб гэтым тых жыхароў жылля, якія за ліпень пачнуць плаціць не толькі па стаўцы камунальных тарыфаў, але і за арэнду дзяржаўнага фонду.

Аднак пакуль нейкай сур'ёзнай актыўнасці з боку будучых уласнікаў нерухомасці спецыялісты не назіраюць. Магчыма, што большасць карыстальнікаў дзяржаўнага жылля пачнуць масава несці адпаведныя заявы менавіта ў апошнія дні чэрвеня. Таму Мінжылкамгас прапанаваў сваім арганізацыям забяспечыць прыём дакументаў у будні і выхадныя дні да 20.00, а ў апошнія дні месяца, з 27 па 30 чэрвеня ўключна, — з 6.00 да 24.00. Такім чынам, Генадзь Трубіла запэўніў, што ў гэты дзень іх службы будуць працаваць да апошняга кліента, які вырашыць скарыстацца сваім правам па прыватызацыі жылля.

Тры крокі да прыватнай кватэры

Каб грамадзянін мог сказаць, што гэта кватэра ўжо яго, трэба выканаць пэўныя аперацыі. На першым этапе ён павінен звярнуцца з заявай і атрымаць рашэнне аб прыватызацыі. Другім крокам стане вызначэнне цаны жылля, аплата 10% гэтай сумы і атрыманне натарыяльна засведчанага дагавора прыватызацыі. «На трэцім этапе чалавек звяртаецца з гэтым дагаворам у адпаведную арганізацыю (агенцтва) па дзяржаўнай рэгістрацыі, якая правядзе рэгістрацыю дакумента аб прыватызацыі і засведчыць права грамадзяніна на кватэру, — растлумачыў сітуацыю намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вячаслаў Абрамаў. — Вось калі такія рэгістрацыйныя дзеянні будуць праведзены, тады грамадзянін з'яўляецца і ўласнікам кватэры. Да гэтага пры наяўнасці натарыяльна засведчанага дагавора на прыватызацыю чалавек з'яўляецца кандыдатам у праваўладальнікі, але кватэра застаецца дзяржаўнай».

Званне ўласніка каштуе грошай

Пасля падачы заявы на прыватызацыю адпаведная камісія вызначае ацэначны кошт жылля. Гэта робіцца з улікам спажывецкіх якасцяў аб'екта ў цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі, расказвае Вячаслаў Абрамаў. Трэба адзначыць, што ацэначны кошт цалкам не адлюстроўвае рэальнага кошту жылога памяшкання, які цяпер склаўся на рынку нерухомасці, а паказвае прыведзеную да бягучага ўзроўню цэн суму выдаткаў, панесеных на яго стварэнне, якая паменшана на велічыню назапашанай амартызацыі.

Калі вызначаная сума кошту жылля для прыватызацыі будучаму ўласніку здасца занадта вялікай, то ён мае права да прыняцця рашэння аб прыватызацыі звярнуцца па правядзенне незалежнай ацэнкі рыначнага кошту свайго жылля. Пры гэтым рыначны кошт паказвае камерцыйную цану кватэры. Пры такой ацэнцы ўлічваюцца асаблівасці і характарыстыкі жылога памяшкання, такія як год пабудовы дома, наяўнасць камунікацый, матэрыял сцен дома, фактычны стан жылога памяшкання, геаграфічнае месцазнаходжанне яго і іншыя фактары, якія ўплываюць на канчатковую цану. Пасля гэтага будучы ўласнік мае права ажыццяўляць прыватызацыю свайго жылля па найменшым ацэначным альбо рыначным кошце.

Звычайна ацэначны кошт кватэр у буйных гарадах істотна меншы за рыначны.

Але і тут часам бываюць астранамічныя сумы. Напрыклад, самы вялікі кошт прыватызацыі быў разлічаны ў Мінску для пяціпакаёвай кватэры агульнай плошчай 151 квадратны метр. Там ацэначны кошт квадратнага метра кватэры склаў каля 16 млн рублёў. Агульная сума прыватызацыі такой кватэры ў доме 2006 года пабудовы складзе каля 2,4 млрд рублёў. Заплаціць адразу ўсю суму прыватызацыі такой кватэры будзе і сапраўды складана, але існуе выйсце. Пры прыватызацыі жылля можна адразу аплаціць толькі 10% ад сумы, а астатнюю частку ўзяць у банку ў растэрміноўку тэрмінам да 40 гадоў з дадатковай аплатай 1% гадавых.

Атрымаць статус сацыяльнага

Генадзь Трубіла кажа, што магчымасць уключэння жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання ў склад жылля сацыяльнага статусу жыхары кватэр атрымаюць ужо толькі ў ліпені. Падобная «ракіроўка» статусу кватэры робіцца па заяве наймальніка памяшкання і робіцца толькі тым асобам, якія маюць права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Такое права маюць людзі, што стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, жылыя памяшканні якіх (у тым ліку тыя, якія належаць ім на праве ўласнасці) з-за надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, баявых дзеянняў і тэрарыстычных акцый сталі непрыдатнымі для пражывання.

Да гэтай катэгорыі адносяцца таксама грамадзяне, якія маюць захворванні, і тыя, у складзе сем'яў якіх ёсць дзеці, якія маюць захворванні, названыя ў пераліку, што вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя, пры наяўнасці якіх прызнаецца немагчымым іх сумеснае пражыванне з іншымі асобамі ў адным пакоі або аднапакаёвай кватэры; дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб эмансіпацыі або якія ўступілі ў шлюб; Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, поўныя кавалеры ордэнаў Славы, Працоўнай Славы; ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны і інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; іншыя катэгорыі асоб у адпаведнасці з заканадаўствам. Пры пераводзе жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання ў сацыяльнае жыллё плата за карыстанне такім памяшканнем налічвацца не будзе.

У рэгіёнах арэнда значна меншая

Паводле папярэдніх падлікаў спецыялістаў Мінжылкамгаса, пасля 1 ліпеня ў ранг арэнднага жылля ў межах краіны трапіць мінімум каля 70 тысяч кватэр, якія так і не будуць прыватызаваныя насельніцтвам.

Таму ў жніўні менавіта па такім жыллі плата за карыстанне кватэрай будзе ўключацца ў жыроўку за ліпень. Цікава, а аб якіх сумах ідзе гаворка?

Генадзь Трубіла паведаміў, што іх спецыялісты падлічылі сярэднюю суму за карыстанне жылым памяшканнем двухпакаёвай кватэры плошчай каля 50 квадратных метраў у Оршы. У гэтым выпадку ў жыроўцы з'явіцца новы радок на 84 тысячы рублёў. Зразумела, што ў сталіцы плата за карыстанне дзяржаўнай кватэрай будзе большай.

Нават у межах сталіцы такая стаўка за карыстанне дзяржаўнымі метрамі будзе неаднолькавай для жыхароў дамоў з розных планава-эканамічных зон, паведаміў карэспандэнту «Звязды» начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка.

— Многія непакояцца, што арэндная плата істотна ўдарыць па кашальку. Хачу супакоіць грамадзян, якія з якіх-небудзь прычын адмовіліся ад прыватызацыі жылля. Пры разліку арэнднай платы да існуючых тарыфаў будзе прымяняцца паніжальны каэфіцыент 0,2, — удакладніў гарадскі чыноўнік.

Напрыклад, калі сёння наймальнік арэнднага жылля плаціць за аднапакаёвую кватэру ў пятай эканоміка-планіровачнай зоне (напрыклад, у Шабанах) 700-800 тысяч рублёў у месяц, то для гараджан, чыё жыллё з 1 ліпеня пяройдзе ў разрад дзяржаўнага арэнднага жылля, гэтыя плацяжы складуць 140-160 тысяч. Тут трэба нагадаць, што каэфіцыент 0,2 па арэндзе выкарыстоўваецца толькі для тых, хто атрымліваў жыллё ад дзяржавы даўно і на агульных падставах, а не ў якасці арэнднага.

Разам з тым, у Цэнтральным раёне Мінска сёння існуе жыллё, па якім арэндная плата без ільготы складае ў межах ад 1,8 млн да 3 млн рублёў. Для старажылаў такога жылля без прыватызацыі арэнда будзе вагацца ад 350 тысяч да 600 тысяч рублёў.

Зарэгістраваць сваё права канчаткова

Вячаслаў Абрамаў яшчэ раз вырашыў нагадаць пра тое, хто яшчэ будзе плаціць арэнду. Так, грамадзяне, якія маюць натарыяльна засведчаны дагавор прыватызацыі жылля, але не аформілі гэты дакумент аб дзяржаўнай рэгістрацыі і не зарэгістравалі яго, з 1 ліпеня будуць плаціць за карыстанне сваім жыллём да таго часу, пакуль юрыдычнае права на нерухомасць не будзе перапісана менавіта на жыхара. Надалей, паводле яго слоў, калі рэгістрацыйныя дзеянні будуць учынены, тады грамадзянін стане ўласнікам кватэры і перастане плаціць за карыстанне ёю. Без адпаведнай паперкі ў нас ніяк...

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».