Вы тут

На Лёзненшчыне гаспадыня аграсядзібы стварыла экалагічную сцежку


Віцебская вобласць — лідар у краіне па колькасці прыватных сядзіб, дзе прымаюць турыстаў. Але экалагічную сцежку стварылі толькі ля адной па ініцыятыве гаспадыні. Яна на ўскраіне вёскі Пушкі Лёзненскага раёна. Мае паэтычную назву «Дакраніся да прыгожага». Па сцежцы прайшліся і мы.


На экалагічнай сцежцы ля аграсядзібы «У Нінэль» турысты набіраюцца сіл  у чыстага ляснога паветра. Гаспадыня Ніна Ніканава (на першым плане)  распавядае пра дрэвы і расліны, якія растуць побач.

Хто такі Васька?

Святлана Пукава, старшыня Лёзненскага сельскага Савета, па дарозе да экалагічнага раю сказала, што, на жаль, ва ўсім раёне такіх энтузіястаў, як Ніна Ніканава, уладальніца сядзібы «У Нінэль», адзінкі.

У аграрным турызме многія хочуць зарабляць, але далей жадання часта справа не ідзе. Дзяржавай створаны ўсе ўмовы. Патрабуецца для гэтага занятку няшмат: трэба жыць у сельскай мясцовасці, мець дастаткова месца пад дахам, каб маглі пераначаваць прыезджыя... Ды, бадай, і ўсё. Наконт падаткаў: адна базавая велічыня ў год — гэта, пагадзіцеся, мара любога дзелавога чалавека. Але, для таго, каб справа сапраўды пачала прыносіць прыбытак і маральнае задавальненне, трэба ўмець прыняць госця прафесійна, гэта значыць так, каб ён зноў захацеў прыехаць і каб з захапленнем расказаў пра свой адпачынак усім сваім сябрам. У Ніны Ніканавай атрымліваецца менавіта так.

Святлана Пукава распавяла, што да спадарыні Ніканавай прыязджаюць па вопыт. У сядзібе праходзяць фэсты, раённыя святы, у тым ліку і спартыўныя. Ды і калі трэба штосьці цікавае паказаць гасцям Лёзненшчыны, рэдка абыходзіцца без экскурсіі на сядзібу.

Спадарыня Ніканава ў дзень візіту журналіста запрасіла ў госці сваіх аднакурснікаў. Разам вучыліся на біялагічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя П.М. Машэрава (цяпер — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. — Аўт.). Яшчэ яна — прафесійны кухар! Аўтару гэтых радкоў пашчасціла ацаніць смак яе пачастунку. Гасцінная Ніна расказала, што на гэтым месцы калісьці стаяла панская сядзіба.

— Здаўна тут жылі людзі. Побач — паляна. У гонар пана яе ў народзе называюць «Васькіна гара». Да нашых дзён засталіся дрэвы з дарэвалюцыйных часоў. Славіўся пан тым, што яго сяляне атрымлівалі багатыя ўраджаі. Акрамя таго, ён вельмі любіў кветкі, таму іх было шмат у маёнтку, — сказала яна.

На жаль, нічога з архітэктурных збудаванняў пана Васіля сёння не ўбачыш. Але, відаць, ён быў добрым чалавекам, калі дагэтуль яго згадваюць з павагай.

Галоўны тут... Нічыпар

Ніна падкрэсліла, што сцежка працягласцю 1,5 кіламетра — вынік не толькі яе намаганняў. Спачатку яна як настаўніца стварала яе з вучнямі. Потым далучыліся бацькі дзятвы. Бралі ўдзел у суботніках. З дазволу райвыканкама і лясгаса выраўноўвалі сцежку. Ёсць у дарожкі і «апякун».

— Усе тутэйшыя ведаюць казку пра лесавіка дзядзьку Нічыпара. Калі я ў мясцовай школе працавала, ён быў галоўным на ўсіх святах. Віншаваў таленавітых вучняў з пачаткам новага навучальнага года, з удалымі выступленнямі на алімпіядах, а таксама выпускнікоў. Такім чынам, ужо некалькі пакаленняў маіх землякоў з павагай да Нічыпара ставяцца. Таму менавіта ён — гаспадар лесу, сцежкі, — тлумачыць крэатыўная гаспадыня сядзібы.

Дарэчы, даволі рэдкая з'ява, каб у вёсцы і наваколлі быў свой «тутэйшы герой».

Перад тым, як прайсціся па сцежцы, людзі павінны пачаставаць «гаспадара лесу». Некаторыя і грошы пакідаюць. Ёсць і свае правілы паводзін на сцежцы. У прыватнасці, нельга ламаць ніякія сучкі, наогул неяк парушаць жыццё лесу. Забараняецца і збочваць. Хоць гаспадыня па сакрэце сказала, што лес прыветлівы, таму заўсёды знойдзеш дарогу назад да цывілізацыі.

З надвор'ем нам пашанцавала. Было не горача і не холадна. Пасля «паклону» з частаваннем лесавіку, не спяшаючыся, пайшлі па сцежцы. Прафесійныя эколагі тлумачылі, што за расліна нам сустрэлася, што за дрэва... Пажартаваў, што галоднымі ў лесе яны ніколі не застануцца. Бо заўсёды ведаюць, што можна з'есці. Ды і не захварэюць, бо зёлак, карысных для здароўя, у беларускіх лясах шмат. Ніна Ніканава таксама збірае травы. Робіць з іх духмяную гарбату. Падказвае гасцям, якія зёлкі ад якой хваробы дапамагаюць вылечыцца.

На сцежцы 10 стаянак. Ёсць тут «Царства мурашкі», «Жыццё ракі»... На апошняй турыстам расказваюць пра тое, як ваявалі дзяды і прадзеды з фашыстамі. Нагадваюць пра подзвіг і пакуты нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Уважлівыя могуць убачыць ля сцежкі тое, што засталося ад акопаў.

Асабліва людзям падабаюцца два дубы, якія ствараюць «Вароты шчасця». Можна загадаць жаданне, і яно абавязкова збудзецца! А яшчэ ёсць дуб у два абхваты. Многіх уражвае елка з дзвюма кронамі. Яна сімвалізуе зліццё двух сэрцаў. Побач вельмі любяць фатаграфавацца маладыя.

Што прыемна здзівіла: на сцежцы няма смецця. Па ёй ходзяць, як па музеі пад адкрытым небам.

Майстар сваёй справы

У СМІ шмат пішуць пра тое, што, дзякуючы аграрнаму турызму беларусы ў глыбінцы могуць добра зарабляць. Адзін з экспертаў нядаўна адзначыў, што дадзенае нам прыродай — дыямент, які трэба прафесійна пераўтварыць у брыльянт.

Ніна Ніканава адзначае, што першапачаткова для яе грошы не былі галоўнай мэтай. Захацелася нешта рабіць для душы, бліжэй да прыроды быць. І ёй можна верыць, бо па той жа сцежцы можна прайсці бясплатна. А на народныя святы ўбачыць, як той казаў, «за дзякуй», і аніматараў.

У канцы месяца традыцыйна пройдуць Дні адчыненых дзвярэй сельскіх сядзіб. І «У Нінэль» стане зноў месцам сустрэч. Сюды прыедуць тыя, хто плануе свой водпуск. А вопытныя і патэнцыйныя гаспадары «вясковых гатэляў» абмяркуюць прафесійныя нюансы.

Спадарыня Ніканава, дарэчы, атрымала дыплом на курсах, арганізаваных Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. У адной з краін ЕС вучылася прымаць іншаземцаў на найлепшым узроўні.

Ахвотных адпачыць у яе, набрацца сіл шмат не толькі ў цёплы час года. Падыхаць чыстым паветрам, пахадзіць па лесе, пасядзець ля вогнішча — гэткае баўленне часу прыцягвае і ўвосень, і зімой.

У скарбонцы прафесіянала вясковага турызму ўжо шмат дасягненняў. «У Нінэль» — пераможца абласнога і рэспубліканскага конкурсаў на «Найлепшую аграэкасядзібу». Нават у Мадрыдзе былі прэзентаваны яе «турыстычны пункт» і сцежка. А гэта добрая рэклама для ўсяго раёна, вобласці і, безумоўна, краіны.

pukshanski@zviazda.by

Лёзненскі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: У лес, як у музей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.