Вы тут

Размова без пасрэднікаў



Наталля КАЧАНАВА, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

— У выступленні кіраўніка дзяржавы былі дакладна расстаўленыя акцэнты ў перспектывах развіцця нашай краіны ў бліжэйшае пяцігоддзе. Для мяне было важна пачуць тыя пытанні, якія тычыліся, перш за ўсё, сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У той жа час былі цікавымі меркаванні дэлегатаў, якія казалі пра праблемы: нам яшчэ давядзецца іх вырашаць.

Дэлегатамі сходу абраны прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны. Гэта тыя, хто сёння прадстаўляе вобласці і найбольш актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны. Безумоўна, такі непасрэдны дыялог, жывая сувязь з рэгіёнамі даюць свае станоўчыя вынікі. Я з задавальненнем слухала прамоўцаў. Асабліва мне былі даспадобы выступленні студэнткі БДУІРа і прадстаўніка рабочай прафесіі — маляра з Гомельскай вобласці.

Акрамя таго, нам важна было пачуць пажаданні, прапановы, меркаванні, якія паступалі ад тых, хто дазваніся па «гарачай лініі». Мы ўжо сабралі іх, і амаль усе яны былі асабістага, сямейнага плана. Для сябе чарговы раз зрабіла выснову, што прынятыя ў сацыяльнай сферы заканадаўчыя акты слушныя і дакладныя.


Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі ПАВЕЛ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

— Важна, што на такім форуме, які адбываецца ў гэтыя дні, кожны можа выказаць свае думкі, прапановы, што варта зрабіць, каб краіна развівалася далей і людзям жылося лепей. Мне спадабаліся выступленні і дэлегатаў, і Прэзідэнта, які агучыў прыярытэты развіцця дзяржавы ў эканамічным, палітычным, аграрным, культурным і сацыяльным планах.

Што зменіцца ў наступныя пяць гадоў у жыцці Беларускай Праваслаўнай Царквы? Не заўсёды патрэбны кардынальныя змены. Сёння найлепшая навіна — гэта адсутнасць навін. І тое, што зараз у Царкве няма вострых пытанняў, добра. Чаго нельга сказаць аб тым, што цяпер адбываецца на Крыце, дзе засядаюць праваслаўныя іерархі (Там адбываецца ўпершыню больш чым за тысячу гадоў Усеправаслаўны сабор, на якім з-за арганізацыйных рознагалоссяў не прысутнічаюць асобныя Цэрквы, у тым ліку Руская. — Заўвага рэд.). Там ёсць такія пытанні, якія ў спешцы не вырашаюцца. Наша Царква прапанавала перанесці Сабор. Каб усё было ўзважана і абмеркавана. Бо ў пытаннях багаслоўя спешкі не павінна быць. У 1961 годзе, калі адбывалася І Усеправаслаўнае пасяджэнне, было прапанавана разгледзець 100 пытанняў, а ў сёлетнім — толькі 6. Тысячу гадоў чакалі, нашто цяпер спяшацца?


Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

— Мяркую, форму Усебеларускага народнага сходу трэба развіваць. Акрамя такіх дзён пасяджэнняў, як гэтыя два, праводзіць пасяджэнні і па секцыях, дзе маглі б выступаць прадстаўнікі ўрада, весці дыялог. І тады, магчыма, мы, дэлегаты, больш канцэнтравана агучвалі б пазіцыю цэлых галін з пункту гледжання не толькі свайго прадпрыемства ці асобнага раёна, але і ўсіх тых людзей, якія працуюць у гэтай сістэме ці галіне. Таму я думаю, што тут ёсць куды расці. У тым ліку больш шырокія дыскусіі напярэдадні гэтага мерапрыемства анлайн і цяпер маглі б ажыццяўляцца.

У дні сходу я звярнула ўвагу на развіццё электроннай Беларусі. Па шчырасці, мяне зацікавіла больш за ўсё адно палажэнне, якое дазволіць нам мадэрнізаваць галасаванне, бо ў праграме адзначаецца, што да 2020 года ў кожнага грамадзяніна павінен быць электронны подпіс. Як усе прафесійныя людзі, я шукаю тое, што можа быць выкарыстана менавіта ў блізкай мне сферы.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».