Вы тут

Неглюбка стала брэндам


Больш чым на палову скарацілася насельніцтва Веткаўшчыны з сумна вядомага 1986 года. Самы набліжаны да Гомеля райцэнтр, як і ўвесь раён, моцна пацярпеў ад наступстваў Чарнобыля. Тым не менш сёння можна ўпэўнена казаць, што раён перайшоў ад пераадолення наступстваў аварыі да дынамічнага развіцця. Тут ёсць пэўныя поспехі, якімі ганарацца тыя, хто тут жыве і працуе. У апошні час сродкі скіраваны на развіццё сельскай гаспадаркі. Уведзены ў эксплуатацыю жывёлагадоўчыя комплексы ў Янове, Тарасаўцы, Неглюбцы і Хальчы, вядзецца будаўніцтва птушкафабрыкі магутнасцю 20 тысяч тон у год. Флагманам у раёне з'яўляецца СВП «Свяцілавічы». Летась прадпрыемства заняло першае месца па гаспадарча-эканамічнай дзейнасці ва ўсёй рэспубліцы. Старшыня Веткаўскага раённага выканаўчага камітэта Алег Архіпенка нядаўна заняў сваю пасаду. Ён падкрэслівае, што толькі дзякуючы арганізацыі працы раён паступова становіцца лідарам у сельгасвытворчасці. Пры гэтым нагадвае, што бал урадлівасці глебы ў раёне нізкі — 28. І ўсё ж летась веткаўчане занялі трэцяе месца ў вобласці па выхаду збожжа з аднаго бала гектара і другое — па нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную галаву.


— Ведаю, што дагэтуль Веткаўскі раён не поўнасцю газіфікаваны. Што робіцца ў гэтым напрамку?

— За постчарнобыльскі перыяд у раёне падведзены прыродны газ у самой Ветцы і 14 сельскіх населеных пунктах — пракладзена амаль 300 км газавых сетак. Аднак праблема газіфікацыі прыродным газам вырашана не паўсюль. Патрэбна працягваць газазабеспячэнне паўночна-ўсходняй часткі раёна. Там знаходзяцца чатыры аграгарадкі: Неглюбка, Янова, Малыя Нямкі і Стаўбун. Калі атрымаецца правесці газіфікацыю, якая прадугледжана Дзяржпраграмай па пераадоленні наступстваў катастрофы, будуць вырашаны і задачы паляпшэння экалагічнага становішча раёна за кошт выкарыстання чыстага паліва, стварэння неабходных санітарна-бытавых умоў пражывання. У Свяцілавічах сёлета плануецца газіфікаваць 80 дамоў. Між тым у самім райцэнтры трэба правесці рэканструкцыю каналізацыі і ачышчальных збудаванняў. Патрабуе рэканструкцыі і сістэма водазабеспячэння раёна. Цяпер за асабістыя сродкі мясцовы КЖРУП робіць рамонт каля 300 метраў водаправода ў аграгарадку Старае Сяло. Многім аб'ектам інфрастуктуры горада Ветка сёння патрэбна аднаўленне. Запланавана правесці рамонт гарадскога дома культуры, аддзяленняў радзільнага і рэабілітацыі раённай бальніцы. Прыйшло ў непрыгоднасць і дзіцячае аддзяленне, якое патрабуе сур'ёзнай рэканструкцыі. На сёлета запланавана правесці рамонт дзіцячага садка, дзе цяпер выхоўваецца каля 60 дзетак.

— Як вырашаецца праблема занятасці ў райцэнтры, да якога дабірацца 20 хвілін на маршрутцы?

— На сённяшні дзень у нас вакансій больш, чым тых, каму яны патрэбны. У раёне патрэбны настаўнікі, супрацоўнікі аховы здароўя, праваахоўнікі. Да нас штодзень прыязджаюць на працу многія спецыялісты, у тым ліку і кіраўнікі, з Гомеля. Жыхары абласнога цэнтра запаўняюць вакансіі ўрачоў, настаўнікаў, міліцыянераў, а вось мясцовыя чамусьці ад'язджаюць у горад. Гэта агульная тэндэнцыя малых гарадоў. Многія лічаць, што толькі ў вялікіх гарадах ёсць жыццё, а ў вёсках людзі дажываюць. Хоць мне здаецца, гэта не так. Сёння ў нас на месцах ёсць усё неабходнае: добрая заработная плата, жыллё і ўся неабходная інфраструктура. Дарэчы, тыя, хто мае жыццёвы вопыт, не імкнуцца ў горад — наадварот.

— Веткаўскі музей стараабраднецтва і беларускіх традыцый ведаюць далёка за межамі раёна, вобласці і нават Беларусі. Але ж зусім нядаўна ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі трапілі неглюбскія тэкстыльныя традыцыі. Хаця, здаецца, знаўцы заўсёды захапляліся ручнікамі вытворчасці майстроў з вёскі Неглюбка.

— Так, вельмі прыемна, што на агульнадзяржаўным узроўні неглюбскія бела-чырвоныя ручнікі прызнаны брэндам Беларусі. Рашэнне па прысваенні такога статусу было прынята Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Тэкстыльныя традыцыі вёскі Неглюбка — унікальная з'ява беларускай народнай творчасці, якія з'яўляюцца візітнай карткай краіны. Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вялікі арнаментальны фонд — адметныя асаблівасці ручніка з Неглюбкі. Майстры выкарыстоўваюць некалькі дзясяткаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў. Адметная тэкстыльная традыцыя ў вёсцы сёння не толькі існуе, але і актыўна развіваецца. Сучасныя майстры навучаюць малодшае пакаленне характэрным для неглюбскай традыцыі тэхналогіям у гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у неглюбскай школе, у гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».