Вы тут

Афіцэрскі корпус вышэйшага звяна папоўніла больш як сто чалавек


Адбыўся чарговы выпуск слухачоў Генеральнага штаба Узброеных Сіл і выпускнікоў камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі.


— Гэтая падзея яшчэ раз пацвярджае правамернасць стварэння ўласнай сістэмы ваеннай адукацыі ў Беларусі, якая паказвае сваю высокую эфектыўнасць, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — У гэтым страі стаяць людзі, для якіх служэнне Айчыне стала найвышэйшай узнагародай і сэнсам жыцця. Людзі, якія сваім прафесіяналізмам і бездакорнай службай заслужылі права кіраваць калектывамі, а значыць прымаць рашэнні і несці адказнасць перад усім беларускім народам.

Міністр нагадаў, што традыцыйна выпуск адбываецца напярэдадні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці — Дня Незалежнасці. «Незалежнасць краіны — гэта вялізная адказнасць за забеспячэнне яе бяспекі, — звярнуўся да выпускнікоў кіраўнік ваеннага ведамства. — Менавіта гэтую адказнасць прынялі на сябе і вы».

Ваенная акадэмія заўсёды адрознівалася якаснай і сур'ёзнай падрыхтоўкай афіцэрскага корпуса краіны. Але нягледзячы на тое, што засваенне ваеннай навукі патрабуе немалых намаганняў, штогод сярод выпускнікоў знаходзяцца медалісты і ўладальнікі чырвоных дыпломаў. І гэты год не стаў выключэннем. Сярод 24 слухачоў факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл і 81 выпускніка камандна-штабнога факультэта — 12 залатых медалістаў і 22 уладальнікі дыплома з адзнакай.

— Але гэта не азначае, што астатнія выпускнікі падрыхтаваныя горш, — удакладніў начальнік Ваеннай акадэміі генерал-маёр Сяргей БОБРЫКАЎ. — Для ўсіх іх падчас навучання ў Ваеннай акадэміі былі створаны аднолькавыя ўмовы. Нашы выпускнікі не адарваныя ад жыцця штабоў, войск. У працэсе навучання шмат увагі мы ўдзяляем практычным заняткам (яны складаюць прыкладна 60% ад навучальнага працэсу. — Аўт.), і на крайніх стажыроўках, якія папярэднічаюць выпуску, яны прыкладна арыентуюцца на тыя пасады, якія будуць займаць, і ўжо мэтанакіравана да іх рыхтуюцца.

Адукацыя, атрыманая ў сценах Ваеннай акадэміі Беларусі, карыстаецца папулярнасцю і ў іншых краінах. Як расказаў начальнік факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл — намеснік начальніка Ваеннай акадэміі генерал-маёр Андрэй ГУРЦЭВІЧ, акрамя прадстаўнікоў Узброеных Сіл Беларусі, сёлета з факультэта выпускаюцца прадстаўнікі з Казахстана і Туркменістана. «Для Казахстана гэта ўжо сёмы выпуск, для Туркменістана — трэці, — адзначыў Андрэй Гурцэвіч. — Напрыклад, у нас атрымала адукацыю ўся ваенная эліта Туркменістана: міністр абароны, начальнік Генеральнага штаба, намеснік міністра па тыле, намеснік міністра па ўзбраенні, начальнік нацыянальнай бяспекі Казахстана. Са сцен акадэміі выйшлі камандуючыя акругамі і камандуючы сухапутнымі войскамі Казахстана».

— Дыпломы, якія атрымліваюць нашы ваеннаслужачыя ў Ваеннай акадэміі Беларусі, асабліва на факультэце Генеральнага штаба, вельмі высока цэняцца ў Казахстане, — рэзюмаваў пасол Казахстана ў Беларусі Ергалі БУЛЕГЕНАЎ. — Выпускнікі, якія за апошнія гады скончылі гэтую вядомую ва ўсім свеце акадэмію, сёння займаюць высокія пасады ва Узброеных Сілах Рэспублікі Казахстан.

Маёр Аляксей КАВАЛЁЎ, які скончыў камандна-штабны факультэт з залатым медалём, лічыць, што факультэт з'яўляецца важнейшым этапам у структуры ваеннай адукацыі афіцэра. «Навучанне тут — у першую чаргу, гэта атрыманне значнага, вялікага аб'ёму ведаў, якія неабходныя ў далейшай дзейнасці афіцэра, — упэўнены вайсковец. — Акрамя таго, гэта і перспектыва службовага росту, новы вопыт узаемаадносін у калектыве. Нас, выпускнікоў камандна-штабнога факультэта, перапаўняюць пачуцці гонару за прыналежнасць да афіцэрскага корпуса, адказнасці за лёс дзяржавы, любові да Радзімы і свайго народа».

Афіцэрскія пагоны атрымаюць сёння і курсанты Ваеннай акадэміі, а таксама ўсе тыя, хто вучыўся на ваенных факультэтах грамадзянскіх ВНУ краіны. Урачыстыя мерапрыемствы пройдуць таксама ў Гомелі і Гродне. Усяго ў гэты дзень лейтэнантамі стануць каля 700 чалавек.

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Гонар краіны

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.