07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Прабівацца на высокія пасады жанчынам замінаюць... іншыя жанчыны


«Мы маем гендарную роўнасць па дакументах, але па факце яе няма. Усе даследаванні паказваюць, што мінімум 50 гадоў пройдзе, перш чым мужчыны і жанчыны стануць роўнымі ў эканамічных і палітычных пытаннях», — лічыць доктар Марчын ВАЛЕЦКІ, эксперт Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Жанчыны радзей займаюць высокія пасады. За іх неахвотна галасуюць нават іншыя дамы, а калегі ў парламенце ставяцца з недаверам. Чаму так адбываецца, абмяркоўвалі на Міжнародным форуме жанчын-лідараў, арганізаваным АБСЕ сумесна з БДУ.


Рашучая жанчына — істэрычка?

Летась ААН прадставіла даклад аб становішчы жанчын на глабальным і рэгіянальным узроўнях. Эксперты прааналізавалі каля 200 паказчыкаў і адзначылі, што за апошнія 20 гадоў жыццё дам значна палепшылася. Аднак дыскрымінацыя па-ранейшаму застаецца. Шлях у вялікі бізнес для многіх закрыты. Напрыклад, у 2014 годзе ў шасці сусветных эканамічных установах, якія ўваходзяць у лік найбольш уплывовых, доля жанчын у кіраўніцтве складала ад 4 да 20 працэнтаў. Амаль тое ж самае і з удзелам у палітыцы.

У ліку кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў толькі 19 жанчын. Сярод парламентарыяў у сярэднім па свеце доля прадстаўніц прыгожага полу — 22 працэнты, сярод міністраў — 18 працэнтаў.

Чаму дамам складана прабіцца на высокія пасады ў палітыцы?

— Заўсёды так: тым, хто ўжо быў у гэтай сферы, лягчэй застацца. Мужчыны ва ўладзе даўно, а жанчыны ўвайшлі ў палітыку вельмі позна, іх па-іншаму ўспрымаюць, — лічыць дырэктар Інстытута прыкладных сацыяльных навук Варшаўскага ўніверсітэта, былы міністр па гендарнай роўнасці Польшчы Малгажата ФУШАРА.

Прафесар Фушара вывучала, як ставяцца да дам у палітыцы ў шасці парламентах Еўропы. Былі выбраны тры заходнееўрапейскія і тры постсавецкія краіны. Аказалася, што ўсюды ўласцівы адны і тыя ж стэрэатыпы.

— Мужчыны ўспрымаюцца як дзеячы ў публічнай сферы, а жанчыны — у хатняй, і гэта складана пераадолець. Кабет пастаянна ацэньваюць па знешнім выглядзе. Усе каментуюць, як дама прыбралася, і ніхто не гаворыць так пра мужчын, — заўважае дырэктар інстытута.

Жанчын папракаюць іх эмацыйнасцю. Маўляў, гэта не сумяшчаецца з палітыкай.

— Але гэта рыса характару ўласціва абодвум полам, — настойвае Малгажата Фушара. — Праўда, калі мужчына рэзка выкажацца ці прыме рашэнне на гарачую галаву, падумаюць, што ён рашучы, а калі так дзейнічае жанчына — істэрычка.

Не проста фармальнасць

Старшыня камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Латвіі Лаліта ЧЫГАНЭ ўпэўнена: статыстыка пра долю жанчын-кіраўнікоў не адлюстроўвае сітуацыю цалкам. Бо сферы адказнасці кабет і мужчын на высокіх пасадах вельмі адрозніваюцца.

— Латвійскія антраполагі праводзілі цікавае даследаванне — вывучалі, хто прызначаны мэрам у розных гарадах. І высветлілі, што вялікімі гарадамі кіруюць у асноўным мужчыны, а маленькімі (дзе праблем больш) — жанчыны. Дамы выконваюць цяжкую працу, а мужчыны — стрыгуць грошы! — выказалася Лаліта Чыганэ.

Знешнасці жанчын у публічнай сферы надаюць зашмат увагі, згодна эксперт. І прыгадвае выпадак, які адбыўся з антраполагамі ў адным з гарадоў. Калі даследчыкі былі на прыёме ў мэра, той звярнуўся да дам-падначаленых: «Прыгожыя застаюцца з намі піць каву, непрыгожыя ідуць яе рабіць».

Наконт перашкод у кар'еры ў Лаліты Чыганэ свая думка.

— Займаць жанчынам высокія пасады замінаюць... іншыя жанчыны. Яны зайздросцяць калегам і не даюць прасоўвацца па службовай лесвіцы, — дзеліцца яна сваімі назіраннямі.

Забяспечыць сабе месца ў палітыцы дамы спрабуюць праз устанаўленне квот. У красавіку ў Малдове прынялі закон, які прадугледжвае, што мінімум 40 працэнтаў членаў урада павінны быць жанчыны. Тая ж квота абавязковая для спісаў кандыдатаў у палітычныя фарміраванні на ўсіх ўзроўнях выбараў. Зацвярджэнне гэтага дакумента ў краіне лічаць гістарычным.

— З іншага боку, мне здаецца, мы зацыкліліся выключна на фармальным боку гендарнай роўнасці, не спрабуем капаць глыбей. Ствараюцца сотні арганізацый, кожная з якіх выконвае сваю маленькую задачу, але яны дзейнічаюць разрознена і не дабіваюцца большага. У выніку ствараецца ўражанне, што барацьба за роўныя магчымасці для жанчын ператвараецца ў самамэту, — лічыць былы прэм'ер-міністр Малдовы, дэпутат Зінаіда ГРАЧАНАЯ. — Якая, напрыклад, розніца, колькі ў парламенце будзе жанчын: 39 ці 40 працэнтаў? Галоўнае, каб яны сапраўды ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў.

Без адрыву ад сям'і

Гендарную сітуацыю ў Беларусі замежныя эксперты ацэньваюць пазітыўна. Значны прагрэс, дасягнуты за апошнія гады, адзначае і міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна ШЧОТКІНА. Беларусь уваходзіць у лік 16 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або пераўзыходзіць аналагічны паказчык сярод мужчын. Сёння ў вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады жанчын — 55 працэнтаў, у парламенце — амаль 30.

— Але для нас важны не столькі факт выканання мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці, колькі іх доўгатэрміновы эфект і пазітыўны ўплыў на стаўленне грамадства да гэтых пытанняў. Праблемы роўнасці павінны ўспрымацца ў кантэксце агульнага сацыяльна-эканамічнага становішча, а не як праблемы жанчын, — выказалася міністр.

— Галоўная задача, — лічыць Марыяна Шчоткіна, — прадаставіць дамам магчымасці для рэалізацыі свайго патэнцыялу. Мы імкнёмся стварыць такія ўмовы з боку дзяржавы, каб у жанчын атрымлівалася спалучаць і сямейныя абавязкі, і прафесійныя. Таму што мы ў Беларусі не адрываем жанчыну ад сям'і. Дзеці, муж таксама важныя.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Справа ў зайздрасці?

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.