Вы тут

Выйшла кніга ранніх вершаў Анатоля Сыса


Анатоль Сыс. Берагі майго юнацтва: вершы, пераклады, пародыі. — Мінск: Поликрафт, 2015. — 248 с.

Жыццё чарговы раз даказвае, што знакамітая булгакаўская фраза «Рукапісы не гараць» можа быць не толькі сімвалам несмяротнасці ідэй, творчых задум, але і цалкам дакладнай рэчаіснасцю. Менавіта так адбылося з дэбютнай кнігай паэзіі Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», якую сам паэт увесь час аб'яўляў спаленай, але якая ўсё ж дайшла да чытача сёння. На жаль, ужо праз дзесяцігоддзе пасля смерці аўтара.


Магчыма, калі б мы атрымалі гэтую кнігу ў 1980-я гады, калі і была напісаная большасць вершаў, што яе склалі, то і яе ўспрыманне, і творчы лёс Анатоля Сыса былі б іншымі. Неразабраны архіў паэта, дзе яго сябры па падказцы сястры Сыса Тамары знайшлі машынапіс кнігі «Берагі майго юнацтва» (іншы варыянт назвы, які абдумваў аўтар, — «Манускрыпт майго юнацтва») засведчыў, што паэт дасылаў гэты рукапіс у Саюз пісьменнікаў, але атрымаў... адмоўную рэцэнзію. Напэўна, менавіта той водгук крытыка раззлаваў маладога і амбітнага творцу, прымусіў яшчэ больш старанна працаваць над уласным паэтычным стылем, а сам «няўдалы» зборнік аб'явіць і лічыць спаленым. Гэта ж эпатажней, уражлівей гучыць, чым проста прызнанне паразы. А мы ведаем, як Сыс любіў казаць гучныя словы і рабіць нечаканыя ўчынкі.

Што да чытацкага ўспрымання, то сёння мы бачым кнігу «Берагі майго юнацтва» не проста як першую важную падзею ў жыцці маладога творцы. Мы можам прасачыць, як пачынаў фарміравацца і развівацца незвычайны паэтычны голас, як нараджаўся Паэт. Гэта яшчэ цікавей, бо мы ўжо ведаем, што ён напіша свае выдатныя кнігі «Агмень», «Пан Лес», «Сыс», будзе адным з заснавальнікаў суполкі маладых літаратараў «Тутэйшыя» і стане адным з самых яркіх паэтаў свайго пакалення... Але на старонках дэбютнай кнігі бачым толькі першыя крокі ў вялікую краіну творчасці.

У структурным плане зборнік «Берагі майго юнацтва» складаецца з двух вялікіх раздзелаў «Правы бераг», «Левы бераг», так іх назваў сам Анатоль Сыс. Але, на жаль, старонкі рукапісу пераблыталіся, і мы не ведаем ні парадку твораў у зборніку, ні іх прыналежнасці да кожнага з гэтых раздзелаў. У вершах, што склалі дэбютную кнігу, ужо бачацца рысы, якія праз некаторы час стануць візітоўкамі паэтычнага стылю Анатоля Сыса: тэма любові да маці і радзімы, медытатыўнасць і шаманская рытмічнасць, замоўнасць, язычніцкае пакланенне зямлі, захапленне міфалогіяй і філасофіяй, павага да творчасці Максіма Багдановіча і Алеся Разанава... Тут суседнічаюць цвёрдыя паэтычныя жанры санета, трыялета (магчыма, так трансфарміравалася ў паэзіі даследчыцкая работа па творчасці Багдановіча) і свабодныя вершы-роздумы.

Натуральна, ёсць у зборніку «Берагі майго юнацтва» і водгулле першага юнацкага кахання паэта, наіўнага, чыстага, у многім натхнёнага раманамі пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Напрыклад, вось такі верш:

Хвалі бераг пясчаны лізалі,

Раствараючы нашы сляды,

Мы хацелі забыць

Пра вакзалы,

Мы хацелі згубіць Гарады.

 

Гэты свет нам быў дадзены толькі,

Захад сонцам ужо адпалаў,

Мне зайздросна смяяліся зоркі,

Што да Марса цябе раўнаваў.

Жыццё нам часта робіць сюрпрызы. Здаецца, усё страчана, але выйсце знаходзіцца ў самы нечаканы момант. З'яўленне кнігі «Берагі майго юнацтва» на паліцах кнігарняў — надзвычай важная падзея і для разумення творчага лёсу Анатоля Сыса, і для аналізу вытокаў паэтычнага таленту ў цэлым. Часам кажуць, што пра пісьменніка лепш распавядаюць кнігі выбранага і не ўсё напісанае варта выносіць на суд чытача, каб не расчараваць яго «прахаднымі творамі». Але мне падаецца, што якраз на кантрасце паміж моцным і слабым бакамі творчай індывідуальнасці больш яскрава відны сапраўдны талент, тая неверагодная праца, тытанічныя намаганні, якія прыкладзеныя для дасягнення высокага выніку.

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дэбют... пасля трыумфу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.