Вы тут

Паглядзець з іншага боку


Не так даўно падчас камандзіроўкі заходжу ў фае Камянецкага райвыканкама, а насустрач мне міліцыянер з прыязным выглядам і шырокай усмешкай: «Я вас слухаю!» Ад нечаканасці прыпыняюся і гэтак жа весела адказваю: «А я нічога не мела вам сказаць». Потым ідзе звычайная для цяперашніх рэалій праверка дакументаў і запіс маіх даных у журнале наведвальнікаў. Што ж, міліцыянер выконвае сваю работу, хоць і непрывычную і крыху дзіўную для васьмітысячнага райцэнтра. У савецкія часы, калі я прыйшла на работу ў пружанскую раённую газету, у тамтэйшым райкаме партыі сядзела толькі бабулька-вахцёрка. Яна магла падказаць, на якім паверсе размяшчаецца патрэбны кабінет, у тым выпадку, калі да яе звярталіся.


Расказала пра гэта дома вечарам, а сын, адарваўшыся ад камп'ютара, весела пракаментаваў: «А што табе не падабаецца? Ведаеш, як спатрэбіўся б той запіс, калі б, скажам, некаму прыйшло ў галаву абвінавачваць цябе ў злачынстве! А ў цябе жалезнае алібі, ты ў гэты час знаходзілася ў маленькім горадзе, аб чым сведчыць запіс службовай асобы, ён там, мабыць, і час накрэсліў, а не толькі дату. Так што паглядзі на гэта з іншага боку!» І мы ўжо ўсе разам смяёмся найбольш з палёту фантазіі аматара камп'ютарных дэтэктываў.

І сапраўды, паглядзець часам з іншага боку карысна бывае на любую з'яву альбо рэч. А інакш невядома, ці ўдасца ацаніць станоўчыя перамены, якія здараюцца з той самай з'явай, рэччу альбо чалавекам. Ну вось, напрыклад, ёсць у нас у Брэсце знакавая для горада ўстанова. Яе не абыходзяць шматлікія госці, як турысты, так і афіцыйныя дэлегацыі, любяць журналісты. Раней патэлефанаваць супрацоўніку, дамовіцца аб сустрэчы альбо атрымаць вусную інфармацыю па тэлефоне было магчыма толькі адным спосабам. Найперш належала дазваніцца кіраўніку і спытаць дазволу на стасункі з намеснікам альбо начальнікам аддзела, накшталт таго: «Таварыш генерал, дазвольце звярнуцца да маёра!» І ўжо потым, атрымаўшы «дабро» выпадала набіраць нумар чалавека, які ў сваю чаргу атрымаў санкцыю ад начальніка. Колькі на гэты конт я чула каментарыяў ад калег, вам не перадаць, у тым ліку тых, якія можна падвесці пад радок Барыса Пастарнака «Я б и непечатным словом не побрезговал». Каментарыі сыпаліся, а караван, як той казаў, ішоў. Але мінула колькі часу, і ўсё змянілася. Цяпер там новы кіраўнік. Нядаўна я рыхтавала матэрыял да памятнай даты, стэлефанавалася з патрэбным мне супрацоўнікам, потым сустрэлася і пагаварыла. Ніхто нас пры гэтым не строіў.

Так што пройдзе мода і на залішнюю пільнасць у асобных выканкамах. Тым больш што людзі яе тлумачаць неадназначна. А сёння на гэта варта паглядзець як на яшчэ адзін эксперымент.

Эксперыментаў тых у нашым жыцці апошнім часам не бракуе. Праўда, адна справа, калі іх праводзяць у маштабе асобнай галіны, прадпрыемства, горада, вобласці. І зусім іншае, калі людзі дазваляюць сабе нешта накшталт эксперымента над сабой і сваёй сям'ёй. Падумалася пра гэта падчас апошняй «прамой лініі» з кіраўніком вобласці. Малады і здаровы жыхар вёскі пытаўся, як яму жыць далей. Мужчына працуе ў будаўнічай брыгадзе, маюць з жонкай траіх дзетак, жывуць у аднапакаёвай кватэры маласямейнага інтэрната. Галава сям'і скардзіўся, што не выдзяляюць цяпер ільготных крэдытаў, крэдыт жа камерцыйны на будаўніцтва дома па зразумелых прычынах сям'я цяпер не пацягне. «Дык што нам, да сканчэння веку цясніцца ў адным пакоі на пяць чалавек?» — пытаўся ў губернатара шматдзетны бацька. Яму патлумачылі, што ёсць два варыянты: альбо будаваць жыллё самастойна, альбо чакаць лепшых часоў, калі будзе адноўлена льготнае крэдытаванне. Вядома ж, заяўнік застаўся такім тлумачэннем не задаволены.

У вёсцы, дзе размешчаны мой дачны дом, па суседстве таксама пасяліўся шматдзетны бацька, па ўзросце значна маладзейшы за аўтара звароту на прамую лінію. Рыгор стаў шматдзетным менш як за адзін год. Ён ажаніўся з жанчынай, якая мае дваіх дзяцей, і ў іх нарадзілася трэцяе. Маладая сям'я купіла танны, зарослы бур'яном, дамок, і Рыгор прыступіў да рамонту. Бацька сямейства мае намер зрабіць капітальны рамонт, правесці ваду і каналізацыю, забяспечыць годныя ўмовы пражывання жонцы і дзецям. Працуе Рыгор механізатарам, матэрыяльна яму дапамагае толькі бабуля. Ён узважыў свае магчымасці, паглядзеў на сітуацыю рэальна і выбраў найбольш прымальны для сябе варыянт. Калі ж сядзець на адным месцы і глядзець толькі ў кірунку магчымага атрымання крэдытаў, то можна і да дэпрэсіі дасядзецца.

...У панядзелак на досвітку прайшоў праліўны дождж. Раніцай на прыпынку маладая маці тузала за руку і сварылася на малога гадоў чатырох, які радасна праляцеў па вялікай лужыне, пры гэтым ззаду заляпаў шорты, нават на майку вады папала. «Ты паглядзі на мяне спераду, хныкаў малы, я ж тут зусім сухі, а там высахне». Сапраўды, часам варта паглядзець на з'яву з розных бакоў, каб першыя непрыемныя ўражанні адступілі.

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».