Вы тут

Завяршылася вясновая сесія беларускага парламента пятага склікання


Учора завяршылася вясновая сесія беларускага парламента пятага склікання — апошняя перад выбарамі. Гэта не значыць, што праца абедзвюх палат прыпынена да фарміравання новага складу. У летні час працягнуцца не толькі сустрэчы з выбаршчыкамі, выкананне абавязацельстваў перад імі, падрыхтоўка законапраектаў на восеньскую сесію, у тым ліку — па фарміраванні новага бюджэту, але і распачнецца праца па заканадаўчым забеспячэнні рэалізацыі рашэнняў пятага Усебеларускага народнага сходу. На гэтым зрабілі асноўны акцэнт у сваіх выніковых выступленнях спікеры Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Удасканаленне заканадаўства — базавая ўмова паспяховай рэалізацыі рашэнняў пятага Ўсебеларускага народнага сходу

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Мясніковіча М.В. на закрыцці адзінаццатай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2016 г.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

Сёння завяршае работу адзінаццатая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

1. Аб выніках адзінаццатай сесіі.

У перыяд сесіі праведзена 5 пасяджэнняў Савета Рэспублікі, прынята 75 пастаноў Савета Рэспублікі, ухвалена 58 законапраектаў, прыняты да ведама 2 дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтыя рашэнні Савета Рэспублікі забяспечаць далейшае ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства.

Аб некаторых ключавых нарматыўных прававых актах.

Прынятыя два комплексныя дакументы — новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь і Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. Сімвалічна, што Кодэкс аб культуры мы прынялі ў Год культуры, аб'яўлены ў нашай краіне сёлета.

У парадку рэалізацыі нарматворчай ініцыятывы Савет Рэспублікі і спецыялісты сакратарыята садзейнічалі Міністэрству ўнутраных спраў у падрыхтоўцы праекта нарматыўнага прававога акта па ўзмацненні адказнасці за незаконныя дзеянні з некурыльнымі тытунёвымі вырабамі. Сёння Савет Рэспублікі падтрымаў гэтыя вельмі актуальныя прапановы, ухваліўшы законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». Зробленыя намі захады будуць спрыяць стварэнню ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, а таксама ліквідацыі перадумоў для распаўсюджвання наркаманіі ў нашай краіне.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У сесійны перыяд Саветам Рэспублікі быў рэалізаваны шэраг важных мерапрыемстваў міжнароднага характару.

Перш за ўсё — гэта трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі гэтай ініцыятывы Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, форумы сталі сістэмным і эфектыўным інструментам рэгіянальнага супрацоўніцтва.

У перыяд мерапрыемстваў трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана 39 пагадненняў, заключана камерцыйных кантрактаў больш чым на 300 млн долараў ЗША. Але супакойвацца на гэтым не варта. Мы павінны генерыраваць новыя формы ўзаемадзеяння з нашым галоўным эканамічным і палітычным партнёрам. Цэлы шэраг даручэнняў і падыходаў Прэзідыум Савета Рэспублікі ўжо зацвердзіў.

Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць выкананню даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі па наладжванні больш паўнавартаснага эканамічнага і сацыяльна-палітычнага супрацоўніцтва на ўзроўні органаў мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будзе аказваць аблсаветам і гар-, райсаветам дапамогу і садзейнічанне ва ўмацаваннні супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі — абласнымі думамі, абласнымі і гарадскімі заканадаўчымі сходамі.

Прапрацоўку адпаведных падыходаў ажыццяўляе Пастаянная камісія па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Да гэтай працы будзе падключаны і Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь. Але, падкрэсліваю, будзем працаваць паралельна: на ўзроўні рэгіён—рэгіён і Савет Рэспублікі — Савет Федэрацыі.

Са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі В.І. Мацвіенкай я дамовіўся аб парадку правядзення гэтай адказнай працы, якая ў Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях ужо пачалася.

2. Аб рашэннях пятага Усебеларускага народнага сходу і задачах на пяцігодку.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Усе мы знаходзімся пад уражаннем пятага Усебеларускага народнага сходу. Аб'ектыўныя ацэнкі і актуальныя рашэнні сходу вызначаюць стратэгію і тактыку сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на наступныя пяць гадоў і перспектыву.

Якая роля Савета Рэспублікі ў вырашэнні гэтых задач?

Яна шматгранная і адказная.

У першую чаргу — гэта заканатворчая дзейнасць.

Для паспяховай рэалізацыі Асноўных палажэнняў праграмы, а таксама рашэнняў і задач пяцігодкі 2016—2020 неабходна прыняць 168 нарматыўных прававых актаў. Не выключана, што гэтая лічба можа быць удакладнена з улікам прыняцця Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, работа над якой сёння вядзецца на базе асноўных палажэнняў, прынятых пятым Усебеларускім народным сходам.

Разам з тым мы павінны больш актыўна весці прававы маніторынг дзеючага заканадаўства, устараняць прабелы і калізіі.

Па-другое, ідэі і даручэнні, выказаныя на пятым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дэлегатамі Сходу, павінны быць уважліва вывучаны членамі Савета Рэспублікі з мэтай іх рэалізацыі ў нашай парламенцкай дзейнасці.

Трэцяе. Ужо сёння відавочна, што больш актыўнай павінна быць работа членаў Савета Рэспублікі і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Асаблівая ўвага павінна быць нададзена рэалізацыі прыярытэтаў: занятасць, інвестыцыі, экспарт, інфарматызацыя, моладзь.

3. Аб выбарах у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Адзінаццатая сесія Савета Рэспублікі завяршае сваю работу ў перыяд пачатку важнай палітычнай падзеі — выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выбарчая кампанія стартавала. Яна будзе праходзіць адкрыта, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Такая мая выснова заснавана на тым, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для сумленных і годных выбараў.

У сувязі з гэтым я і, мяркую, увесь склад Савета Рэспублікі зычым поспехаў тым, хто вырашыць балатавацца на маючых адбыцца выбарах у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Напрыканцы хачу падзякаваць усім вам за зладжаную і плённую працу ў перыяд адзінаццатай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, пажадаць вам і вашым блізкім моцнага здароўя і дабрабыту.


Зрабіць усё для выканання задач, пастаўленых народам

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкі У.П. на закрыцці дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2016 г.

Паважаныя дэпутаты, члены Урада і запрошаныя!

Завяршаецца дзявятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Цэнтральнай падзеяй сесіі стала Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і парламенту. Перад дэпутатамі былі пастаўлены задачы не зніжаць тэмпы заканадаўчай дзейнасці, садзейнічаць забеспячэнню эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці, павышэнню палітычнага іміджу і замацаванню эканамічных пазіцый Беларусі на міжнароднай арэне.

Менавіта ў такім ключы і была арганізавана работа Палаты прадстаўнікоў пры абмеркаванні Праграмы дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады і новай Ваеннай дактрыны — дакументаў, якія ляглі ў аснову стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку.

На сесіі таксама разгледжаны актуальныя пытанні рэалізацыі бюджэтнай палітыкі, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, укаранення прынцыпаў «зялёнай» эканомікі, занятасці насельніцтва.

Выканана сур'ёзная работа па гарманізацыі заканадаўства ў рамках ЕАЭС. Навацыі закранулі пытанні тэхнічнага рэгулявання, павышэння эфектыўнасці транзітнага патэнцыялу і аўтамабільных перавозак.

Пагадненне Еўразійскага эканамічнага саюза аб свабодным гандлі з В'етнамам не толькі аблегчыць бяспошлінны доступ айчынных тавараў на рынак гэтай краіны, але і дазволіць стварыць добрыя пляцоўкі для актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі АСЕАН.

Скрозь прызму патрабаванняў кіраўніка дзяржавы і рашэнняў пятага Усебеларускага народнага сходу разгледжаны праект закона па пытаннях дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, які адкрывае дадатковыя магчымасці для ініцыятывы і творчасці маладых.

Завершана вялікая работа над Кодэксам аб культуры, які прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне.

Актыўнае правядзенне Рэспублікай Беларусь шматвектарнай знешняй палітыкі абумовіла інтэнсіўнасць парламенцкай міжнароднай праграмы.

Асноўны ўпор тут быў зроблены на прасоўванне нацыянальных інтарэсаў, рэалізацыю праектаў эканамічнага супрацоўніцтва.

У ліку асноўных нашых прыярытэтаў застаецца саюзнае будаўніцтва. На пяцідзясятай юбілейнай сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі былі абмеркаваны шляхі павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, аптымізацыі працэсу прыняцця і выканання саюзных праграм, ліквідацыі бюракратычных бар'ераў, якія перашкаджаюць дзелавой актыўнасці.

Пра тое, як можна ўзаемадапаўняць патэнцыялы ЕАЭС і эканамічнага пояса Шаўковага шляху, ішла размова на першай нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі ў г. Маскве, а таксама на міжнародным форуме «Адзін пояс, адзін шлях» у Ганконгу, у рабоце якіх мы ўдзельнічалі.

Новы імпульс атрымала развіццё беларуска-тайландскіх адносін. Літаральна ўчора завяршыўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь дэлегацыі на чале са спікерам парламента Каралеўства Тайланд. Падчас праведзеных сустрэч мы намецілі рэальныя перспектывы па нарошчванні аб'ёмаў таваразвароту, наладжванні прамых сувязяў паміж рэгіёнамі, рэалізацыі ідэй першага Беларуска-Тайландскага бізнес-форуму.

Добрую дынаміку паказвае еўрапейскі вектар супрацоўніцтва. Распачаты адкрыты дыялог з парламентарыямі Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Славакіі сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці і нармалізацыі адносін.

Канкрэтныя накірункі супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, экалогіі, энергетыкі, аховы здароўя і турызму абмеркаваны з кіраўніцтвам Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора. Мы праяўляем сур'ёзны інтарэс да дзейнасці гэтай арганізацыі і вывучаем магчымасць атрымання ў ёй статусу назіральніка.

Актывізаваліся нашы кантакты з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. У станоўчы бок мяняюцца фармат сустрэч, іх тэматыка і змест. «Круглы стол» па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу, які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў, быў карысны ўсім яго ўдзельнікам.

Мы спрабуем знайсці рэальныя пункты сутыкнення і, зразумела, працягнем дыялог у тым ліку ў ходзе міжнароднага назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Гэта ў роўнай ступені датычыць і нашых калег з ПА АБСЕ. Сёння беларуская дэлегацыя накіроўваецца ў г. Тбілісі для ўдзелу ў яе штогадовай летняй сесіі.

Тэма сесіі «25 гадоў парламенцкага супрацоўніцтва: умацаванне даверу шляхам дыялогу» адсылае да важнай гістарычнай падзеі — прыняцця Мадрыдскай дэкларацыі, якая заклала аснову парламенцкага складніка АБСЕ.

Гэты візіт важны для нас яшчэ і таму, што на ёй будзе прынята канчатковае рашэнне аб правядзенні ў 2017 годзе летняй сесіі гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі ў г. Мінску.

Паважаныя калегі!

З завяршэннем сесіі мы ўшчыльную падыходзім да заканчэння тэрміну нашых паўнамоцтваў. Астатні час павінен быць максімальна эфектыўна выкарыстаны для вырашэння пастаўленых перад намі задач.

Ужо цяпер неабходна рыхтаваць канкрэтныя прапановы ў пакет бюджэтных законапраектаў на 2017 год, з тым каб у кастрычніку на заключнай сесіі парламента мы змаглі прыняць сапраўды якасныя дакументы.

Яшчэ адно важнае даручэнне кіраўніка дзяржавы датычыць інвестыцыйнага заканадаўства. Урад павінен да 1 верасня прадставіць прапановы па яго ўдасканаленні. Профільным камісіям трэба прыняць самы актыўны ўдзел у гэтай працы, тым больш што прыцягненне прамых інвестыцый у эканоміку — гэта адзін з асноўных прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку.

Рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу змяшчаюць дакладныя мэты і арыенціры далейшага руху наперад. Аднак іх дасягненне залежыць ад мабілізацыі ўсіх матэрыяльных і інтэлектуальных сіл краіны.

Менавіта дэпутаты, працуючы ў выбарчых акругах, растлумачваючы асноўныя палажэнні праграмных дакументаў, павінны стаць гэтай мабілізуючай сілай.

Тым больш што краіна ўступае ў вельмі адказны перыяд. Наперадзе ў нас кампанія па выбарах у парламент. На выбарах будзе працаваць вялікая колькасць міжнародных назіральнікаў. Палата прадстаўнікоў ужо запрасіла нашых калег з Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, парламенцкіх асамблей АБСЕ, АДКБ, ПАСЕ.

Трэба дапамагчы арганізаваць іх работу такім чынам, каб сусветная супольнасць змагла наглядна пераканацца, што выбары ў нас праходзяць спакойна, адкрыта і дэмакратычна, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі.

Упэўнены, што новы склад дэпутацкага корпуса забяспечыць пераемнасць курсу на стварэнне моцнай і квітнеючай Беларусі.

Напрыканцы, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за плённую працу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.