Вы тут

Каб не шукаць адказы ў канцы падручніка...


Рэспубліканскі педагагічны савет, які адбудзецца ў апошнія дні жніўня, дасць старт новаму 2016/2017 навучальнаму году.


Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў расказаў, што ён чакае ад форуму:

— Спадзяюся, што Рэспубліканскі педагагічны савет стане лагічным завяршэннем даволі доўгага актыўнага абмеркавання шматлікіх прапаноў па развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі нашай краіны. Безумоўна, галоўным вектарам развіцця павінна стаць павышэнне якасці адукацыі і ўніфікацыя ўсіх яе ступеняў. Якія ў якасці адукацыі складнікі? Што трэба зрабіць на дзяржаўным узроўні і якая роля кожнага з удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў павышэнні якасці адукацыі? Якім павінен быць сучасны адукацыйны працэс ва ўніверсітэце? Пытанняў мноства і варыянтаў адказаў на іх не менш. На педагагічным форуме неабходна зацвердзіць узгодненае і адзінае рашэнне.

Па словах міністра адукацыі, адной з галоўных тэм савета павінна стаць таксама развіццё навукі і навуковага сегмента ў адукацыйным працэсе: «Для стварэння канкурэнтаздольнай эканомікі неабходныя веды, ініцыятыва і творчасць. Без крэатыўнага падыходу да вырашэння любой задачы з боку настаўніка, выкладчыка, навучэнца або студэнта мы так і будзем вырашаць задачы па шаблоне і шукаць адказ «у канцы падручніка».

Яшчэ адно важнае пытанне — актыўнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыю. З адно боку, навучэнцы і студэнты даўно ўжо з імі «на ты», а вось ці гатовыя да гэтага настаўнікі і выкладчыкі? І, галоўнае, трэба зрабіць так, каб інфармацыйныя тэхналогіі працавалі на адукацыйны працэс, на якасць адукацыі, а не толькі запаўнялі нішу баўлення часу.

Не менш актуальнай, на думку міністра, з'яўляецца і тэма прафарыентацыі навучэнцаў. «На жаль, чамусьці прынята лічыць, што гэта задача школы. Але хто павінен быць зацікаўлены ў тым, каб на прадпрыемства прыйшлі высокакваліфікаваныя і творчыя спецыялісты? У першую чаргу, кіраўнікі прадпрыемства ці арганізацыі. І на педагагічным савеце вельмі хацелася б знайсці той «залаты ключык», з дапамогай якога мы зможам прыцягнуць працадаўцаў да заняткаў з дзецьмі, да арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.

Не застанецца па-за ўвагай і пытанне павышэння прэстыжу самой прафесіі педагога. «Слова «настаўнік» павінна прамаўляцца выключна з павагай. З іншага боку, немалаважны матэрыяльны аспект», — канстатуе кіраўнік галіны. — Перспектыўным напрамкам бачыцца фінансаванне школ, зыходзячы з нарматыўнага разліку затрат на аднаго навучэнца, а таксама ўвядзенне галіновай сістэмы аплаты працы. Гэта ў значнай ступені дазволіць палепшыць матэрыяльную базу школ і павысіць узровень заработнай платы педагогаў. Ці гатовыя рэгіёны да такога фінансавання? Як праходзіць эксперымент? Калі да яго падключыцца ўся краіна? Вось вам яшчэ цэлы блок пытанняў для абмеркавання».

Міністр адукацыі ўпэўнены, што многія грамадзяне Беларусі пажадаюць выказаць свае прапановы і даць парады па далейшым развіцці сістэмы адукацыі. На працягу ўсіх летніх месяцаў будзе праходзіць маніторынг прапаноў і пытанняў для абмеркавання іх на савеце.

Прапановы і пажаданні можна накіроўваць таксама на наступны электронны адрас: jvanіna@mіnedu.unіbel.by. Усе лісты абавязкова будуць разгледжаны пры падрыхтоўцы і абагульненні матэрыялаў да Рэспубліканскага педагагічнага савета.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».