Вы тут

Айчынныя футбольныя клубы адкрылі еўракубкавы сезон


Спачатку ў барацьбу ўступіла мінскае «Дынама». У першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы падапечныя Вука Рашавіча на полі мінскага стадыёна «Трактар» сустрэліся са «Спартаком» з Юрмалы. Першая палова гульні прайшла з перавагай гаспадароў, на 18-й хвіліне сустрэчы Арцём Быкаў здолеў забіць у вароты гасцей.


У другой палове сустрэчы спартакаўцы зайгралі больш актыўна, вынікам гэтага стаў гол Данііла Улімбашава — 1:1. Літаральна праз хвіліну Арцём Быкаў, аформіўшы дубль, зноў вывеў «Дынама» наперад. Лік сустрэчы — 2:1 на карысць беларускага клуба. Адзначым, што на апошняй мяжы мінчан у гэтым матчы сыграў Сяргей Ігнатовіч, які замяніў Аляксандра Гутара, які перайшоў у расійскі «Арэнбург». Паядынак у адказ адбудзецца 7 ліпеня на арэне латышоў.

— Добра, што перамаглі, але гэта толькі першы тайм супрацьстаяння. У матчы ў адказ, вядома, усё будзе па-іншаму. Слабых сапернікаў у Еўропе няма. «Спартак» ідзе на першым месцы ў сваім чэмпіянаце. Да кожнай каманды трэба ставіцца з павагай, — адзначыў пасля матча галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вук Рашавіч.

Тым часам у еўракубкавую барацьбу ўступілі і футбалісты салігорскага «Шахцёра». У сваім стартавым паядынку яны абыгралі на выездзе фарэрскі «Рунавік» 2:0. На працягу ўсёй гульні ў Тофціры гарнякі дамінавалі і двойчы (у канцы абодвух таймаў) атрымалі права на пенальці. 11-метровыя ўпэўнена рэалізаваў капітан «Шахцёра» Арцём Старгародскі. Адзначым, што беларускі клуб гуляў без свайго найлепшага нападаючага Мікалая Януша, які атрымаў траўму напярэдадні. Сустрэча ў адказ пройдзе на салігорскім стадыёне «Будаўнік» 7 ліпеня.

— Да чаго рыхтаваліся, тое і атрымалася. Чакалі, што сапернік будзе актыўна гуляць у паветры, было пару эпізодаў, калі мы адкрыта верхавую барацьбу прайгралі. Тым не менш узровень майстэрства нашай каманды вышэйшы і, як толькі мы дзейнічалі на больш высокай хуткасці, у «Рунавіка» з'яўляліся праблемы. Адсюль і жоўтыя карткі, і выдаленне.

Што тычыцца выніку, то тыя два мячы, якія мы забілі, добра адаб'юцца на падрыхтоўцы да наступнай гульні — зачын добры. Перамаглі заслужана, — пракаментаваў матч сваіх падапечных галоўны трэнер «Шахцёра» Сяргей Нікіфарэнка.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Першыя пераможныя крокі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?