Вы тут

Свабода, перамога і cуверэнітэт


Святыя і вялікія паняцці для кожнага з нас.

«Увага! Гаворыць і паказвае горад-герой Мінск!» — гучыць урачысты голас на адным з цэнтральных праспектаў сталіцы. Менавіта тут, каля мемарыяльнага комплексу «Мінск — горад-герой», які сімвалізуе мужнасць і стойкасць абаронцаў нашай сталіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па традыцыі праходзіць галоўнае шэсце краіны. Карэспандэнты «Звязды» таксама апынуліся ў гэтым святочным віры, каб разам з тысячамі беларусаў адчуць усю веліч і святло гэтага незабыўнага ліпеньскага дня.


Памятаем і ганарымся

— Калі б тады, у той страшны час вайны, хтосьці сказаў, што я застануся жыць, пражыву доўга і разам з народам буду святкаваць 72-ю гадавіну вызвалення Беларусі, то я б не паверыў, — дзеліцца святочным настроем ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Марчанка. — Я часта выступаю перад школьнікамі, студэнтамі. Расказваю ім пра тое, з чым давялося сутыкнуцца на вайне, і пытаю, ці можна было ў такіх сітуацыях застацца жывым. Яны мне адказваюць, што нельга. А я застаўся! Можа, лёс падарыў мне жыццё, каб потым я і многія іншыя маглі расказаць пасляваеннаму пакаленню, што перажыў у гады вайны наш народ, які 1110 дзён быў пад акупацыяй.

На шчасце, новае пакаленне беларусаў добра ведае сваю гісторыю. Пакуль чакалі пачатку парада, 14-гадовы Раман Зінчанка, які прыйшоў да стэлы з мамай Святланай, расказаў пра ваенны лёс свайго роду: прабабулі-партызанкі, прадзядулі-франтавіка, што, дабіваючы фашыстаў, загінуў пасля вайны, брата прабабулі — камандзіра партызанскай брыгады «Дзіма», другога брата прабабулі, якога фашысты расстралялі, а потым спалілі яго хату... «Мы ганарымся сваімі продкамі і не выпадкова штогод ходзім на парад, каб быць разам з тымі, хто ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі», — удакладняе Святлана Зінчанка.

— Дзень Незалежнасці — адно з самых светлых свят для ўсяго нашага народа, — лічыць старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Іван Гардзейчык. — Сёння мы бачым, як моладзь з удзячнасцю глядзіць на нашых ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта дзякуючы ім, мы жывём у выдатнай краіне і дай Бог, каб так пад гэтым светлым сонцам мы жылі заўсёды.

А тым часам галоўнае шэсце краіны пачалося з традыцыйнай перадачы парада. Каб «прыняць» і «перадаць» парад, міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў і камандуючы парадам, намеснік міністра абароны генерал-маёр Сяргей Патапенка выехалі на кітайскіх кабрыялетах. Эксклюзіўныя аўтамабілі, якія існуюць толькі ў двух экзэмплярах, удзельнічаюць на парадзе другі год запар. Такі падарунак да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі нам паднесла ваеннае ведамства Кітая.

Камандуючы парадам дакладвае міністру абароны аб гатоўнасці войскаў Мінскага гарнізона да парада ў азнаменаванне Дня Незалежнасці. Пачынаецца аб'езд войскаў. Міністр вітае кожную парадную каробку — не змаўкаюць трохразовыя «ўра». Міністр абароны дакладвае Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі, Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, што войскі Мінскага гарнізона гатовы для ўдзелу ў парадзе. Трохразовае «ўра» — і гучыць Дзяржаўны гімн, які суправаджаецца артылерыйскім салютам.

У страі — нашчадкі пераможцаў

Па традыцыі, пешую калону адкрываюць самыя юныя ўдзельнікі парада — мінскія сувораўцы. Пакуль барабаншчыкі чаканяць крок, дыктар удакладняе, што сёлета адбыўся 60-ы выпуск ваеннага вучылішча. Увогуле за сваю гісторыю пуцёўку ў самастойнае жыццё атрымалі больш як 13 тысяч выхаванцаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Перад трыбунамі праносяць Сцяг Перамогі, сцягі Рэспублікі Беларусь, Савецкага Саюза — краіны, якая перамагла фашысцкую Германію ў Вялікай Айчыннай вайне, — штандарты 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, а таксама 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія нагадваюць аб Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», падчас якой была вызвалена беларуская сталіца.

Гамяльчанін Міхаіл Самонаў Мінск не вызваляў, затое прайшоў усю вайну ад Масквы да Прыбалтыкі. І сёння добра памятае, дзе захоўвалі боепрыпасы кулямётчыкі. «Колькі буду жыць, столькі буду прыходзіць на парад, — прызнаецца ветэран, а потым жартуе: — Мне ж усяго 39!» Насамрэч, усё наадварот. Міхаілу Самонаву — 93, але гэта не перашкаджае яму весці актыўны лад жыцця. І тое, што ў гэты важны, хоць і вельмі спякотны дзень, ён тут — таму пацвярджэнне.

Аддаючы даніну павагі ветэранам-пераможцам, перад трыбунамі ў форме салдат і афіцэраў часоў Вялікай Айчыннай вайны праходзіць парадны разлік курсантаў агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі — так званая франтавая каробка. У руках вайскоўцаў — легендарныя савецкія аўтаматы ППШ. Урачыстым маршам з Баявым Сцягам галоўнай ваеннай ВНУ краіны ідзе парадны разлік афіцэраў камандна-штабнога факультэта і прафесарска-выкладчыцкі склад. Адзін за адным крочаць разлікі курсантаў факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, факультэта ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення, факультэта ваеннай разведкі і авіяцыйнага факультэта. Ганаровае права ўдзельнічаць у парадзе атрымалі і курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Віднеецца сцяг Сухапутных войскаў — чаканяць крок вайскоўцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Урачыстым маршам ідзе парадны разлік Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны. Штодзень гэтыя вайскоўцы нясуць баявое дзяжурства па ахове паветраных межаў нашай Радзімы.

Перад трыбунамі — зводны парадны разлік войскаў сувязі. Наперадзе параднага разліку — Баявы Сцяг 86-й брыгады сувязі. Урачыстым маршам праходзіць парадны разлік курсантаў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Выпускнікі інстытута таксама стаяць на варце беларускай мяжы.

Набліжаюцца прадстаўнікі ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Першымі ідуць курсанты факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі. У парадным страі — воіны 3-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. У гады Вялікай Айчыннай вайны брыгада прымала ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Перад трыбунай са сцягам ведамства праходзіць парадны разлік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прадстаўлены курсантамі Камандна-інжынернага інстытута МНС.

У парадным страі — гонар Узброеных Сіл Беларусі — сілы спецыяльных аперацый. За вайскоўцамі 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады крочаць прадстаўнікі 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады. Брыгада з'яўляецца адным з самых баяздольных злучэнняў Узброеных Сіл, уваходзіць у склад Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ і прызначана для выканання найбольш складаных і адказных спецыяльных задач. У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 3,5 тысячы воінаў злучэння былі ўдастоены баявых узнагарод, пяцёра з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

Разам з беларускімі вайскоўцамі на мінскі праспект выйшлі прадстаўнікі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Воіны-дэсантнікі 104-га гвардзейскага Чырванасцяжнага дэсантна-штурмавога палка 76-й гвардзейскай Чарнігаўскай Чырванасцяжнай, ордэна Суворава дэсантна-штурмавой дывізіі нагадалі прысутным, што менавіта з брацкім народам мы здабывалі Вялікую Перамогу.

Патэнцыял бяспекі і міру

Загудзелі маторы, пайшоў лёгкі дымок — на праспект выехалі танкі. Механізаваны парад адкрыла легендарная тэхніка Вялікай Айчыннай вайны.

Рарытэты савецкай эпохі вельмі ўразілі маленькіх французаў Юга і Юлю, якія падобную тэхніку бачылі ўпершыню. На парад яны прыйшлі разам са сваімі мінскімі сваякамі. Як падзяліліся дарослыя, малыя вельмі хацелі ўбачыць усё на свае вочы.

І сапраўды, відовішча ўражвае. Магутныя браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і рэактыўныя сістэмы залпавага агню — з такой сучаснай тэхнікай, якая стаіць на ўзбраенні беларускай арміі, мы можам быць упэўнены ў заўтрашнім дні.

Агульная працягласць механізаванай калоны — 1250 метраў. Гледачам прадстаўлены асноўныя ўзоры баявой тэхнікі механізаваных брыгад сухапутных войскаў, часцей сіл спецыяльных аперацый, ракетных войскаў і артылерыі, зенітных ракетных войскаў: танкі Т-72Б, БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, высокаманеўраныя пазадарожнікі «Волат», ракетны комплекс «Кропка», рэактыўная сістэма залпавага агню «Смерч», самаходная гаўбіца «Гваздзіка», рэактыўная сістэма залпавага агню «БелГрад» (дарэчы, пераемніца славутай «Кацюшы»), зенітны ракетны комплекс «Аса», зенітны ракетны комплекс войск супрацьпаветранай абароны «Тор-М2», зенітны ракетны комплекс С-300ПС... Многія з прадэманстраваных узораў прайшлі глыбокую мадэрнізацыю на айчынных прадпрыемствах абароннага сектара эканомікі.

Але стаіць на ўзбраенні беларускага войска і абсалютна новая тэхніка. Як напрыклад, гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу — рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз». Гэта самая магутная зброя ў беларускай арміі, якая адпавядае лепшым сусветным аналагам. 16 чэрвеня ў рамках вайсковых выпрабаванняў ва Узброеных Сілах Беларусі ўпершыню былі праведзены баявыя пускі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», якія пацвердзілі яе высокія баявыя магчымасці.

Паветраны парад

Пасля праходжання механізаванай калоны ў небе над Мінскам жыхары і госці сталіцы змаглі ўбачыць баявыя верталёты і самалёты Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі і Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі.

Баявымі верталётамі Мі-2, Мі-8 і Мі-24, знішчальнікамі МіГ-29, штурмавікамі Су-25, ваенна-транспартным самалётам Ан-26 у суправаджэнні чатырох вучэбна-баявых самалётаў Як-130, ваенна-транспартным самалётам Іл-76 і самалётамі Л-39 пілатажнай групы «Белая Русь» кіравалі лепшыя ваенныя лётчыкі краіны. Свой вышэйшы пілатаж на баявых верталётах Ка-52, бамбардзіроўшчыках Су-34 і знішчальніках Су-30 у небе над Мінскам прадэманстравалі і расійскія авіятары.

Начальнік штаба батальёна беларускіх арлянят, старшыня камісіі юных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Васіль Князеў сёння з усмешкай пазірае ў неба. Звёны самалётаў і верталётаў выпісваюць фігуры найвышэйшага пілатажу ці проста нясуць баявыя сцягі. Іншыя пакідаюць пасля сябе прыгожы след — салютуюць удзельнікам і гасцям парада.

Тады, у пачатку 1940-х, без страху ў неба глядзець было немагчыма. Як і ўвогуле глядзець. Вялікая Айчынная вайна зрабіла Васіля Князева круглым сіратой: за сувязь з партызанамі фашысты забілі яго бацькоў. Малалетні Васіль стаў сынам палка, з якім дайшоў ажно да Берліна.

Канцэрт на пляцы

Завяршыўся ваенны парад па традыцыі пляц-канцэртам зводнай роты ганаровай варты. Без гэтых стройных і прыгожых, як на падбор, ваеннаслужачых, не абыходзіцца ні адно дзяржаўнае свята. Не стала выключэннем і галоўнае свята краіны. Разам з вайскоўцамі ў пляц-канцэрце ўдзельнічалі прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Наталля і Віктар Пятроўскія, якія прыехалі на парад са Слуцка, вельмі хацелі ўбачыць выступленне роты ганаровай варты ў жывую. На парадзе пажылая пара ўпершыню, таму кожная яго частка стала для іх грандыёзным відовішчам.

— Мой бацька быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, — дадае Наталля Пятроўская. — І такія мерапрыемствы нагадваюць нам, пасляваенным пакаленням, каму мы абавязаны Перамогай у той вайне. Мы павінны памятаць пра тых, хто падарыў нам будучыню.

Як заўсёды, парад быў напоўнены ўрачыстай музыкай. На адным з цэнтральных праспектаў сталіцы гучалі вайсковыя маршы, а таксама ўпадабаныя народам мелодыі песень ваенных і пасляваенных гадоў. Гэтыя, здавалася б, разнастайныя музычныя творы, дапаўнялі адно аднаго — на праспекце панавала атмасфера асаблівай урачыстасці, высокага баявога духу і мужнасці, якая ўсяляла ў кожнага з прысутных пачуццё гонару за нашу Беларусь і яе Узброеныя Сілы.

Дырыжыраваў зводным аркестрам начальнік ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл — начальнік узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі, заслужаны артыст нашай краіны палкоўнік Сяргей Касцючэнка. У склад зводнага аркестра сёлета ўваходзіла 10 аркестраў Мінскага гарнізона, святочную атмасферу стварылі 240 чалавек.

Завяршылася ўрачыстасць тэатральным прадстаўленнем «Са святам, любая Айчына». А святочны дзень — гала-канцэртам «Беларусь, я люблю цябе» і патрыятычнай акцыяй «Спяём гімн разам». Пасля, ужо на змярканні, неба расквеціў святочны салют, які адбыўся не толькі ў розных кропках сталіцы, а і ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах краіны. Галоўны, дзесяціхвілінны феерверк быў незвычайна прыгожым, як і тое свята, якое нам пашчасціла святкаваць, дзякуючы нашым продкам.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».