Вы тут

Пра што пісала «Звязда» да свята вызвалення


Запрашаем вас, нашы паважаныя чытачы, у падарожжа ў часе! Мы завітаем у пасляваенны Мінск. Даведаемся, як жыла і аднаўлялася наша краіна, як адзначала дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І здзейсніць гэта віртуальнае падарожжа нам дапамогуць падшыўкі «Звязды».


Той самы дзень (1944 г.)

Пасля таго, як нашы танкі фарсіравалі Бярэзіну і ўвайшлі ў Барысаў, яны ўзялі курс на сталіцу Беларусі. Гэта быў шлях пераможцаў — на брані віднеўся надпіс «За Мінск!».

На досвітку 3 ліпеня танкісты з ходу пераадолелі процітанкавы роў, які апаясваў горад. Удар быў настолькі моцным і маланкавым, што немцы не паспелі здзейсніць усе свае планы па знішчэнні горада. Усе вялікія будынкі былі замініраванымі. У ноч з 2 на 3 ліпеня ўзарваны і спалены вакзал, фабрыкі, выведзены са строю водаправод, хлебазаводы, электрастанцыя. Спалілі немцы і будынак інстытута народнай гаспадаркі, дзе размяшчалася гестапа — замяталі сляды. На Пушкінскай гарэлі будынкі тэхнікумаў. «Глядзелі мёртвай пустатой вокны напярэдадні ўзарваных немцамі карпусоў Акадэміі навук, велізарнага корпуса клінічнай бальніцы, будынкаў політэхнічнага інстытута, — пісала «Звязда». — Воіны-пераможцы апынуліся ў цэнтры горада. Перад вачыма адкрыўся страшэнны малюнак. Паабапал Савецкай кварталы паміж вуліцамі Чырвонаармейскай, Энгельса, Ленінскай і Камсамольскай былі зруйнаваны ўшчэнт. Па вуліцах валяліся разбітыя танкі, аўтамашыны і іншая тэхніка. Падняўшы рукі ўгару, з сутарэнняў вылазілі немцы».

Бой скончыўся, калі было 3 гадзіны дня. Са слязамі на вачах сталічныя жыхары віталі вызваліцеляў, неслі ім кветкі. Адразу ж насельніцтва з рыдлёўкамі і вёдрамі выйшла на тушэнне пажараў, расчыстку вуліц. Зносіліся калючыя агароджы, якімі немцы абнеслі амаль кожны дом...

3 ліпеня 1946 года другая Усебеларуская спартакіяда.

Праз пару гадоў (1946 г.)

Дзясяткі мастакоў папрацавалі над афармленнем Мінска. У Цэнтральным гарадскім скверы вісяць партрэты маршалаў — Герояў Савецкага Саюза, на плошчы Свабоды — герояў-партызанаў. У парку Горкага — сотні чырвоных сцягоў, транспаранты, пано, лозунгі. Такога наплыву людзей парк яшчэ не бачыў. Шумна і на мінскім стадыёне «Харчавік» — тысячы сабраліся на Усебеларускай спартакіядзе. Да ночы горад не сціхае, на вуліцах гучыць музыка, выступаюць прафесійныя артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці. Горад святкуе другую гадавіну вызвалення Беларусі.

Мінск аднаўляецца неверагоднымі тэмпамі. Так, у цэнтры яшчэ шмат разбураных дамоў, і многія сем'і жывуць у неўпарадкаваных кватэрах, але гэта праблема хутка будзе вырашана. Будуюцца аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны заводы, аднаўляецца абутковая фабрыка.

«На папялішчах, дзе зусім нядаўна тырчэлі з груды каменняў і цяжкіх бетонных глыб пагнутыя жалезныя бэлькі, сотні землякопаў капаюць катлаваны, закладваюць фундаменты новых будоўляў. Апранаюцца ў рыштаванні вялікія каробкі каменных дамоў... Ёсць цэлыя збудаваныя кварталы па вуліцы імя Куйбышава, расце новы жыллёвы пасёлак на Уфімскай, шпаркімі тэмпамі ідуць аддзелачныя работы на Валадарскай, Чырвонаармейскай і Даўгабродскай вуліцах, — пісала «Звязда» ў ліпені 1946 года. — У горадзе ёсць электрычнае святло, вада, трамваі і аўтобусы, лазні і паліклінікі, рынкі, дзіцячыя сады і яслі, кінатэатры, інстытуты і школы. Ёсць дзе адпачыць, прыемна правесці вечар, паслухаць цікавы оперны спектакль і прыгожую музыку».

Ладзіліся сацыялістычныя спаборніцтвы, прымаліся пяцігадовыя планы па аднаўленні і развіцці гаспадаркі, праз «Звязду» розныя працоўныя калектывы дзяліліся сваімі поспехамі і заклікалі іншых працаваць як мага лепш. Газета пісала пра «вялікія сілы і невычарпальныя магчымасці» нашага народа. Сапраўды, ці многія краіны маглі б зрабіць так шмат?! За 2 гады адноўлена 50 працэнтаў энергетычных магутнасцяў краіны, уведзены ў строй каля 6 тысяч прадпрыемстваў, адноўлены калгасы і засеяна 83% даваеннай плошчы, адноўлена і пабудавана 218 тысяч дамоў, з зямлянак пераселена больш за 2 тысячы сем'яў...

А цяпер перанясемся на 10 гадоў наперад...

Працоўныя слухаюць пастанову аб пераадоленні культу асобы. 1956.

Даеш якасць паслуг! (1956 г.)

12-ю гадавіну вызвалення Беларусі Мінск сустрэў новымі дамамі (мінчане атрымалі паўмільёна квадратных метраў жылой плошчы, акрамя таго, сотні дамоў пабудаваны з дапамогай дзяржаўных крэдытаў). На шырокіх вуліцах шумяць зялёныя ліпы, закрасавалі маладыя паркі і скверы. На ўскрайку горада выраслі новыя заводы-гіганты. «Мінск сёння у рыштаваннях новабудоўляў, куды ні кінеш вокам, высяцца стрэлы вежавых кранаў. У горадзе будуецца 300 новых аб'ектаў — заводаў, фабрык, школ, клубаў, жылых дамоў», — пісала «Звязда» 3 ліпеня 1956 года. «Прамысловасць рэспублікі дае цяпер у 2,4 раза больш прадукцыі, чым у даваенны час, прычым істотна змянілася яе структура. З'явіліся такія новыя галіны, як трактарабудаванне, аўтамабілебудаванне, выпускаюцца матацыклы, веласіпеды, падшыпнікі»...

Развіваюцца не толькі вялікія гарады. Новыя дамы і адміністрацыйныя будынкі з'яўляюцца ў райцэнтрах. Ды і запатрабаванні насельніцтва растуць. Разгортваецца кампанія па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Увага ўдзяляецца тратуарам, агароджам, азеляненню. Самі жыхары расчышчаюць дарожкі, саджаюць дрэвы.

У 1956 годзе практыкуюцца новыя формы гандлю. Напрыклад, у мінскім універмагу пачалі гандляваць па-новаму — калі пакупнік ужо сам выбірае рэч у шафе-вітрыне. У аддзелах, дзе прадаецца галантарэя і чамаданы, ён можа нават патрымаць прадукцыю, разгледзець. У выніку эканоміцца час кліента, якому не трэба клікаць прадаўца, каб той паказаў тавар і выпісаў чэк.

У газету ідуць абураныя лісты ад чытачоў, незадаволеных якасцю паслуг. Расце колькасць пунктаў харчавання, але людзі хочуць бачыць у іх добрае абслугоўванне і разнастайнае меню.

Здзіўляе ліст калгаснікаў з Валожынскага раёна, дзе яны патрабуюць пашырэння асартыменту ў вясковых крамах: «Наш калгас — мільянер. Працадзень тут аплачваецца добра. Мы маем магчымасць купляць добрыя рэчы. Хацелася б, каб у сельмагу былі радыёпрыёмнікі, радыёлы, швейныя машыны, розныя шафы з люстрамі, ручныя і кішэнныя гадзіннікі, матацыклы, музычныя інструменты».

Я натрапіла на здымак, дзе калгасніцы на веласіпедах едуць на працу, а да яго прыпіска, што тут няма такой сям'і, дзе б не было дзвюх, трох, а часам і чатырох веламашын...

Дабавім яшчэ дзесяць гадоў і даведаемся са «Звяздой», што...

«Штучнае сэрца не падвядзе». 1966.

Не — вайне (1966—1976 гг.)

У 1966 годзе аўтамабілі, трактары, станкі, тэлевізары, гадзіннікі і іншыя прамысловыя вырабы з маркай прадпрыемстваў Мінска экспартуюцца больш як у 30 краін свету. Толькі за апошнія 7 гадоў у сталіцы ўзведзена 2,4 мільёна квадратных метраў жылой плошчы. Гэта амаль удвая перавышае ўвесь жыллёвы фонд даваеннага Мінска. З'явіліся новыя мікрараёны. Павялічылася насельніцтва горада. Цяпер у ім жыве 700 тысяч чалавек — у тры з лішнім разы больш, чым да Вялікай Айчыннай вайны.

У Мінску налічваецца 13 вышэйшых і 24 сярэднеспецыяльныя ўстановы, у якіх займаецца больш як 80 тысяч юнакоў і дзяўчат. Развіваецца навука, медыцына. У 1966 годзе ўжо нікога не здзівіш такім апаратам, як штучнае сэрца...

Яшчэ плюс дзесяць гадоў — і мы станем сведкамі, як у свеце разгортваецца кампанія супраць гонкі ўзбраенняў. Камітэты садзейнічання кампаніі створаны ў Беларусі ў гарадах і вёсках, на прадпрыемствах, ва ўстановах і домакіраўніцтвах. У іх увайшлі грамадскія дзеячы, вучоныя, перадавікі вытворчасці, ветэраны, былыя падпольшчыкі і партызаны. Збор подпісаў за спыненне гонкі ўзбраення ў Беларусі пачаўся 5-8 чэрвеня 1976 года, менш чым за месяц адозву падпісалі больш як 3 мільёны чалавек...

Нумар за 3 ліпеня 1996 года.

Раны не загойваюцца (1986—1996 гг.)

Яшчэ адзін скачок праз дзесяцігоддзе — на старонках газет фота Гарбачова, галоснасць, барацьба з п'янствам і атрыманнем непрацоўных даходаў. У нумары за 3-га ліпеня 1986 года, акрамя матэрыялаў, прысвечаных вызваленню Беларусі, знаходзім рэпартаж, звязаны з новай бядой Беларусі — чарнобыльскай катастрофай. Дарэчы, з самага пачатку карэспандэнты «Звязды» перадаюць матэрыялы з раёнаў, якія прылягаюць да Чарнобыльскай АЭС: гэта і рэпартажы з дэзактываваных вёсак, і знаёмства з неабыякавымі беларусамі, якія прытулілі ў сваіх дамах адразу некалькі сем'яў перасяленцаў.

Ды і старыя раны не загойваюцца. Мінула ўжо столькі гадоў пасля вайны, а ў рэдакцыю ўсё ідуць лісты — успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. У ліпені 1986 года газета друкуе «Ліст беларускай жанчыны сыну фашысцкага ката Менгеле». «Прачынаюся іншы раз — і не магу паверыць, што ўсё даўно мінула, што я не ў бараку №25», — прызнаецца былая вязніца Асвенцыма. На гэты ліст прыйшло шмат водгукаў ад людзей з розных краін свету, усе падтрымліваюць жыхарку г.п. Шуміліна, што не трэба забывацца на пакуты, каб не дапусціць новай вайны...

Не перастае пісаць пра вайну газета і яшчэ праз 10 гадоў. У ліпені 1996-га супрацоўнікі рэдакцыі наведваюць Любанскі раён, дзе ў часы Вялікай Айчыннай вайны выходзіла «Звязда»- партызанка... Ніхто не забыты, нішто не забыта.

Не будзем забывацца і мы...

Загаловак у газеце: «Магчымасці — невычарпальныя...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».