Вы тут

Сонца суму і радасцяў


Працягваецца выданне кніг у серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”.

Новая кніга – зборнік паэзіі Лі Цынчжаа. “Паўтараецца ўсё ў бягучым жыцці:/ Бляск вады, гмахі гор і раўнінная гладзь./ Ды каб іх напісаць, / Дзе мне словы знайсці, / Дзе найшчырыя фарбы сабраць?”, -- паўтарыла следам за кітайскай паэтэсай Лі Цынчжаа наша беларуская паэтэса Валянціна Коўтун... У гэтых радках, якім ужо і не злічыць гадоў (Лі Цынчжаа жыла з 1084 па 1155 гады), -- выразны адбітак сутнаснай філасофіі кітайскай паэзіі. Гэта ўжо блізкае да нас дваццатае стагоддзе дадало ёй “бурапеннасці”, дэкларатыўнасці, рыторыкі. А калі зазіраць у мінулыя стагоддзі, то і ў лірыцы, і ў эпіцы – ёмістыя, шматсэнсоўныя развагі пра жыццё з пазіцыі чалавека-адзінкі, разуменне асаблівай велічы і прыгажосці навакольнага свету. Мо таму і так шмат у кітайскай паэзіі сумнага настрою..?


Развіццю самой творчасці Лі Цынчжаа ў многім паспрыяла і тая акалічнасць, што яе талент нарадзіўся ў пару вершаў Цы, калі народная паэзія падштурхнула майстроў слова да больш выразнай свабоды ў форматворчасці. Радкі пачалі набываць розныя памеры, пачалі камбініравацца ў залежнасці ад задумы творцы. Мо таму так лёгка яны і чытаюцца зараз – амаль праз тысячагоддзе і нават у перакладзе на беларускую мову..?

Шэсць беларускіх перакладчыц сустрэліся ў новай кнізе “звяздоўскай” серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая” – Анэля Тулупава, Яўгенія Янішчыц, Ніна Загорская, Валянціна Коўтун, Вольга Іпатава, Валерыя Саротнік. Яны сустрэліся ў агульнай творчай зацікаўленасці вершам Лі Цынчжаа. У асноўным, за выключэннем Валерыі Саротнік (Радунь), гэта – паэтэсы аднаго пакаленння. Разам прыйшлі яны ў беларускую літаратуру. Першая кніга вершаў Янішчыц выйшла ў 1970 годзе. Першы зборнік Іпатавай Вольгі – “Раніца” – у 1969 годзе. “Каляровыя вёслы” Валянціны Коўтун – з 1971. “Радар” Ніны Загорскай – кніга 1975 года. Хаця друкавацца паэтэса пачала шмат раней. Зборнік паэзіі Анэлі Тулупавай “Станцыя надзей” пабачыў свет у 1971 годзе... Надзвычай сацыяльна актыўныя, яны былі жанчынамі-лідарамі ў беларускай паэзіі 1970-1980-х гадоў... І, відавочна, іх у аднолькавай ступені моцна хвалявала, цікавіла тое самае моцнае, што можна было тады адкрыць з сусветнай паэзіі. У пераважных выпадках адкрыцці гэтыя рабіліся праз рускую мову, праз рускае прачытанне. Вось і паяднаўшыся разам, у розныя гады яны рабілі пераклады вершаў легендарнай кітайскай паэтэсы Лі Цынчжаа з перакладаў на рускую мову, здзейсненых шмат раней Міхаілам Басманавым.

Кніга перакладаў магла б выйсці і гадоў яшчэ з дваццаць, а то і болей назад. Не выйшла... Выдавецтвы шмат што пахавалі з цікавых аўтарскіх задум менавіта напрыканцы 1980-х – у 1990-ыя гг. Рукапіс кнігі перакладаў, укладзеных Анэляй Тулупавай, сямейнікі, блізкія паэтэсе людзі забралі ў хатні архіў і зусім нядаўна пра гэта нагадалі. Нізкі за тое паклон Валерыі Саротнік (Радунь) – унучцы паэтэсы, якая сама вельмі актыўна працуе і ў паэзіі, і ў дзіцячай літаратуры.

Вось гэтым вершам – “Мелодыя, падобная да сну” – адкрываецца кніга Лі Цынчжаа на беларускай мове. Першая кніга вялікай паэтэсы Кітая на мове Купалы. Амаль праз тысячагоддзе пасля нараджэння яе першых вершаваных радкоў...

Сёння ноч дажджлівай была,

Хлёсткі вецер гайсаў ля акон.

Спала я, ці вачэй не звяла,

Будзем ведаць удвух: я і сон.

Шоргат шторы. Цяпер не да сну…

Воч расплюшчыць прамень не дае.

Як бягонія – трэба зірнуць,

Можа, вецер скалечыў яе?

А ці ў кветках

Яна, як раней?

Мне яны

Пунсавелі здаля.

… Ад зялёнага зеляней.

Чырванее маўкліва зямля.

Перакладчыца – вялікая і як след не ацэненая, шчырая беларуская паэтэса Анэля Тулупава.

А завяршае зборнік “Мост цераз Млечны Шлях” (яго сучаснае ўкладанне ажыццёўлена яшчэ адной руплівіцай ў служэнні беларускаму слову – літаратуразнаўцам, паэтам і перакладчыкам Юліяй Алейчанка) падборка перакладаў, здзейсненых Валерыяй Саротнік (Радунь) – “Ручай абмывае пясок”, “Кветкі магноліі”, “Брыдкая служка”... Цяпер ужо, у новым часе, пераклады гэтыя зроблены “не па Басманаву”, а – па падрадкоўніках, якія падрыхтавала выдатны знаўца кітайскай паэзіі беларускі літаратуразнаўца Дар’я Нечыпарук.

 

Усмешка зіхаціць на тонкім твары,

Заколка зіхаціць у валасах.

Адно адному кожны позірк дарым,

Каханне ў іх забылася на страх.

Мой ліст табе атручаны пяшчотай.

Пакуль не зменіць месяц кветкі цень,

Свае пачуцці дасылаю ўпотай.

А там настане стрэчы нашай дзень.

(Пераклад Валерыі Радунь).

Серыя “Светлыя знакі: Паэты Кітая” працягвае сваё жыццё...

Ужо плануецца да выдання кніга паэзіі Ван Гочжэна. Ён – з нашых сучаснікаў. На вялікі жаль, некалькі гадоў назад, у даволі яшчэ не старым узросце, пакінуў гэты свет.

Трэба заўважыць, што да працы ў серыі “Светлыя знакі...” цягнецца ўсё болей і болей беларускіх паэтаў. Над перакладамі кітайскіх мастакоў слова працавалі і працуюць Рыгор Барадулін, Леанід Дранько-Майсюк, Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі, Юлія Алейчанка, Алена Раманоўская і іншыя творцы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.